У Нью-Ёрку, у беларускім цэнтры на Атлянтык Авэню 401, 12 ліпеня адбылася прэзэнтацыя кнігі Юлі Андрусышын «Забыцьцю не адданае», якая выйшла ў Беларусі. Сваімі ўражаньнямі ад прэзэнтацыі дзеліцца яе ўдзельніца Ганна Сурмач.
На пачатку прэзэнтацыі ў сваім уступным слове аўтарка падзялілася развагамі пра тое, чаму і для каго напісала кнігу, што яшчэ засталося не дапісанае.
Далей прамаўляла Валянціна Трыгубовіч — рэдактарка кнігі, якая высока ацаніла значнасьць выданьня, асабліва ў тым аспэкце, што гэта адна з нямногіх кніг успамінаў, напісаных жанчынамі. Жанчыны больш эмацыйна ўспрымаюць падзеі і апісваюць іх з большай дакладнасьцю, асабліва побытавыя рэчы, якія вельмі важна захаваць для гісторыі.
У гэтым кантэксьце думку падтрымаў і Зянон Пазьняк, які гаварыў пра тое, што вельмі важна дакладна апісваць рэальнае жыцьцё свайго часу, а ня толькі выбітныя падзеі і гераічныя ўчынкі. Ён таксама зьвярнуў увагу і на яшчэ адну повязь роду сп. Юлі праз Луцкевічаў з пісьменьніцаю Зоськаю Верас (Людвікаю Сівіцкай), на дачцы якой Галіне быў жанаты Лявон Луцкевіч.
Аўтарка гэтых радкоў выказала сваю асабістую радасьць з таго, што можа сёньня трымаць кнігу у руках, бо ад самага пачатку была прысутная пры яе нараджэньні — ад ідэі напісаньня і да сумеснага зь Юляю абмеркаваньня зьместу, высока ацаніла значнасьць выданьня з пункту гледжаньня гісторыі і выказала падзяку сп. Юлі за гэтую важкую працу. Таксама я зьвярнула ўвагу прысутных на выставу, якая была падрыхтавана да прэзэнтацыі, дзе прадстаўлена творчасьць сп. Юлі як мастачкі-вышывальшчыцы. Шмат гадоў яна займалася мастацкаю вышыўкаю і яе вырабы ёсьць амаль у кожным беларукім доме.
Сяргей Капытка — прадстаўнік новай беларускай эміграцыі ў Амэрыцы нагадаў, што сп. Юля шмат дапамагала новым эмігрантам на пачатку жыцьця ў новым месцы. Яе гасьцінная хата заўсёды была адчыненая для новых людзей. Асабліва падкрэсьліў значнасьць для гуртаваньня новай эміграцыі паездак ў «Родны кут» — пабудаваны сям’ёй Андрусышыных беларускі асяродак у гарах, дзе заўсёды было ўтульна пасядзець ля вогнішча, пагаманіць, пасьпяваць. Мала хто са старэйшай і новай эміграцыі не пабываў у «Родным куце». Гэта такая памятная беларуская мясьціна, якую трэба захаваць.
Адметнасьцю прэзэнтацыі і сюрпрызам для ўсіх была прысутнасьць за сталом побач з аўтаркаю і яе гасьцей, што адмыслова прыехалі на сьвята. З Вільні разам з 15-гадовым сынам Янкам прыляцела Алеся Луцкевіч, дачка Юркі Луцкевіча і ўнучка Антона Луцкевіча. Яна таксама
ўзяла слова і на мілагучнай беларускай мове выказала свае пачуцьці і падзялілася ўспамінамі пра бацьку. Сястра сп. Юлі па бацьку Вольга Пішкова прыехала з расейскага Іжэўску, дзе цяпер жыве. Яна займаецца справаю ўшанаваньня памяці Песьлякаў, у Сібіры мясцовыя краязнаўцы знайшлі іх сядзібу і аднаўляюць яе. Абедзьве госьці згадваюцца аўтаркаю ў кнізе і сваёй прысутнасьцю як бы ажывілі яе старонкі.
Сп. Юля ўзяла з сабою на прэзэнтацыю і дзясятак кніг, якія хутка былі набытыя прысутнымі з аўтографам аўтаркі для кожнага асабіста. У залі прысутнічала значная колькасьць моладзі, якая з асаблівай цікавасьцю слухала выступы і адкрывала для сябе невядомыя старонкі нацыянальнай гісторыі. Сустрэча аўтаркі з чытачамі адбывалася ў цёплай сяброўскай атмасфэры, людзі доўга не разыходзіліся і бавілі час у размовах і ўспамінах. Выказваліся пажаданьні, каб больш такіх мэмуарных кніг пісалася і друкавалася, бо яны даюць праўдзівую інфармацыю пра мінулае і перадаюць непаўторны дух часу.
***
Юля Андрусышын вядомая сярод беларускай эміграцыі ў Амэрыцы, як актыўная ўдзельніца беларускага грамадзкага жыцьця. Яна належыць да паваеннай хвалі эміграцыі, нарадзілася і дзіцячыя гады правяла ў Менску, 12-гадоваю дзяўчынкаю з сям’ёю выехала на Захад улетку 1944 году. Жыла ў лягерах ДП у Нямеччыне, вучылася там ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Потым разам з роднымі пераехала ў Амэрыку, асталяваліся ў Нью-Ёрку. Там яна выйшла замуж за ўкраінца Паўла Андрусышына і нарадзіла двух сыноў — Юрку і Багдана.
На першы погляд — звычайны эміграцыйны лёс паваенных выгнанцаў зь Беларусі. Аднак, лёс сп. Юлі мае сваю непаўторную асаблівасьць. Каранямі свайго паходжаньня яна зьвязаная з вядомымі ў гісторыі Беларусі родамі. Найперш пра іх кніга аўтаркі — пра сем’і, якія аказаліся зьвязанымі між сабою і далі жыцьцё новым пакаленьням. Дзякуючы сваім караням сп. Юля сталася адданай, непахіснай патрыёткаю Бацькаўшчыны.
Па маці Яніне Каханоўскай сп. Юля належыць да роду братоў Івана і Антона Луцкевічаў — пачынальнікаў і актыўных дзеячаў новага беларускага Адраджэньня. Іх родная сястра Эмілія, якая выйшла замуж за прадстаўніка вядомага роду Шабуняў — гэта тая самая баба Міля, пра якую аўтарка так шмат зь любоўю згадвае на старонках кнігі.
Другая бабуля — Вольга, нашчадак роду Песьлякаў. Ейны продак Алоіз Песьляк, народжаны ў Троцкім уезьдзе на Віленшчыне ў сям’і прыналежнай да старадаўняга літоўскага роду, быў сябрам Тамаша Зана і Яна Чачота, пацярпеў ад перасьледу царскіх уладаў у вельмі маладым веку і быў высланы ў кайданах у Сыбір. Так і застаўся ў Расеі, але некаторыя ягоныя нашчадкі, у тым ліку і бацька сп. Юлі — Вадзім Каралёў, вярнуліся на Бацькаўшчыну.
Пра розныя адгалінаваньні свайго радаводу сп. Юля распавядае з дакладнай падрабязнасьцю, бачна, што яна рупліва зьбірала зьвесткі пра ўсіх, занатоўвала іх, хаця ніколі раней ня думала, што напіша кнігу. Але прыйшоў час і разам з ім асэнсаваньне патрэбы занатаваць гэта ў кнізе і такім чынам не аддаць забыцьцю. Як летапісец сваёй сям’і, яна выканала гэтую ролю адказна і сумленна.
Юля Андрусышын распавядае і пра свой уласны лёс, пра дзіцячыя ўражаньні, што засталіся ў памяці пра даваенны Менск, пра ваенныя гады і акупацыю, пра тое, як выглядала вайна вачыма дзіцяці, пра той драматычны падзел, які прынесла вайна ў ейную сям’ю, расьцярушанаю па сьвеце.
У кнізе шмат цікавых і каштоўных для гісторыі фотаздымкаў. Здабыла іх сп. Юля ня ў нейкіх архіўных установах, але ва ўласных сямейных зборах. У тыя драматычныя дні ліпеня 1944 году, калі трэба было сьпешна пакідаць Менск, дарослыя рыхтаваліся ў дарогу, бралі патрэбныя побытавыя рэчы, а 12-гадовая Юля выцягнула з шуфлядаў сямейныя фотаальбомы, выняла зь іх усе здымкі, склала ў сумку і падалася ў дарогу, захапіўшы яшчэ свайго коціка. Можна толькі зьдзіўляцца глыбіні дзіцячага розуму, які здолеў так асэнсаваць сапраўдныя каштоўнасьці ў такой драматычнай сытуацыі, калі трэба было хутка і назаўсёды пакідаць родны дом. Так з гэтай сумачкаю і прайшла яна праз усе выпрабаваньні, пераезды і пераходы па дарогах вайны і пасьляваеннай разрухі. А потым прывезла іх параплавам у Амэрыку, таму і мае цяпер гэты найкаштоўны сямейны архіў, якім падзялілася з чытачамі кнігі.