Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы расейскі «шпіён»: Быць апазыцыянэрам рэальна небясьпечна


Рыгор Пасько
Рыгор Пасько

Старшыня Фонду падтрымкі расьсьледвальнай журналістыкі, былы расейскі палітзьняволены Рыгор Пасько быў абвінавачаны ў «шпіянажы на карысьць замежнай дзяржавы». «Міжнародная амністыя» прызнала яго «вязьнем сумленьня». Рыгор Пасько — пра статкавасьць «патрыятычнага чаду», арсэнал хлусьні прапагандыстаў і небясьпеку быць апазыцыянэрам.

Рыгора Пасько затрымалі пры канцы 1990-х. Яму інкрымінаваўся артыкул 275 Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі «Дзяржаўная здрада». Фармальнай падставай для арышту стала супрацоўніцтва зь японскімі СМІ — тэлекампаніяй NHK і газэтай «Асахі». У матэрыялах ваенная контравыведка ўгледзела зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Апошняй кропляй стаў сюжэт пра тое, як «утылізуюць» адкіды з атамных падводных лодак — проста зьліваюць у акіян. Журналіста асудзілі за «шпіянаж» на замову японскай выведкі — пры тым, што японскія СМІ выступілі з адмысловай заявай, у якой катэгарычна абвяргалі атрыманьне незаконнай інфармацыі ад свайго расейскага карэспандэнта.

— Рыгор, падчас прамэнаду па цэнтры Масквы кінулася ў вочы, што на бальконах багата трыкалёраў — відавочна, яны засталіся яшчэ з Дня Расеі. Я ўжо не кажу пра шматлікія стацыянарныя плякаты патрыятычнай тэматыкі. Прапагандысцкі градус, справакаваны Крымам, а потым і «місіяй» на Данбасе, па-ранейшаму высокі?

— Адказ у самім пытаньні. Дакладней, у слове «цэнтар». На ўскраінах сталіцы трыкалёраў і георгіеўскіх стужачак значна менш, чым у цэнтры. Нават у сьвяты. Цэнтар Масквы — гэта частка візытоўкі Расеі. Значыць, тамтэйшым бальконам надаецца больш ідэалягічнай увагі. Вядома, градус «угару» ня мог ня вырасьці — пры такой колькасьці прапаганды, якая льецца з усіх телешчылінаў. Але асабіста я ня схільны яго перабольшваць...

— Ці зьмяніліся прыярытэты афіцыйнай прапаганды — магчыма, навіны з Украіны ўжо не ідуць пад № 1? І ці прывяла гадавая «апрацоўка» да таго, што сярэднестатыстычны абывацель упэўнены: украінцы — ворагі?

— Украіна па-ранейшаму на першым месцы ў арсэнале хлусьні і правакацыяў расейскіх прапагандыстаў. Так што прыярытэты ранейшыя. Але паняцьце «сярэднестатыстычны абывацель» для нецэнтральнай тэлевізійнай Расеі — адно. Для маскоўскай і піцерскай аўдыторыі, дзе вышэйшая актыўнасьць у сацыяльных сетках і дзе людзі чэрпаюць інфармацыю з розных крыніцаў інфармацыі — іншае. І я ня думаю, што чалавек разумны, гома сапіенс, сур’ёзна лічыць украінцаў ворагамі. Хоць дапускаю, што гэты ж самы чалавек у чадзе грамадзкага, статкавага, публічнага праяўленьня сваіх пачуцьцяў стане крычаць нешта пра «крымнаш», «піндосаў-амэрыканцаў» і махаць трыкалёрам.

— Выглядае, што, як і ў Беларусі, гэтаксама ў Расеі адзінай пляцоўкай альтэрнатыўнай інфармацыі становіцца інтэрнэт?

Інтэрнэт, я думаю, у Расеі будзе скурчвацца. Таму што ўлада разумее: гэта зараза, якая пагражае ўладзе Пуціна.

— Інтэрнэт, я думаю, у Расеі будзе скурчвацца. Таму што ўлада разумее: гэта зараза, якая пагражае ўладзе Пуціна. Пуцін як ніхто іншы тое разумее, бо тэлевізар зрабіў яго прэзыдэнтам. Ён — нуль, практычна ва ўсіх адносінах. За выключэньнем хіба што якасьці мімікрыі. Гэта чалавек, які навучаецца мімікрыраваць проста імгненна, па ходу дзеі. Але тэлевізар можа і забіць: дастаткова яго прыбраць з экрана ці, наадварот, сказаць адтуль, што гэта поўная нікчэмнасьць, — ён зьнікне, лопне, як мыльная бурбалка, выпарыцца, як лужына на сонцы. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, YouTube — гэта ўсё ім перашкаджае, яно іх нівэлюе. А ня дай божа, да гэтага яшчэ падключацца сатыра, гумар, карыкатура, і з тыранаў пачнуць людзі сьмяяцца — усё, іх час скончыўся. Таму яны вымушаныя такой небясьпецы супрацьстаяць.

— Днямі Эўразьвяз працягнуў санкцыі супраць Крамля. Ці можна выказаць здагадку, што міжнародная ізаляцыя прымушае пэўную частку расейскага грамадзтва перагледзець свае імпэрскія пазыцыі? Ці ёсьць разуменьне, што ў статусе «ізгоя» гонару (дый выгады) ня так і шмат?

— Санкцыі, безумоўна, аказваюць ўплыў на ўсіх. Прычым і на пуцінскае асяродзьдзе таксама. Проста ня могуць не аказваць, паколькі бізнэс-інтарэсы і фінансы «каапэратыва „Возера“» даўно інтэграваныя ў міжнародныя і/або эўрапейскія бізнэс-працэсы. Цяпер яны адтуль выціскаюцца пад уплывам санкцыяў, і «каапэратыўнікам» гэта відавочна не падабаецца. На ўзроўні абывацеля працэс усьведамленьня адбываецца павольней — з хуткасьцю паступленьня ў паштовую скрыню плацёжак з новымі тарыфамі за ЖКГ і за штрафы, з новымі коштамі ў крамах, аптэках і на АЗС.

Пра статус ізгоя. Выгады ад яго сапраўды ніякай. Слова «гонар» да яго ўвогуле мала пасуе, на мой погляд. Але існаваць у гэтым статусе можна доўга — прыклады Кубы, КНДР, Ірану, Лібіі, Судану, Самалі ды іншых добра вядомыя.

— Яшчэ ў мінулым годзе культывавалася меркаваньне, што і санкцыі, і сустрэчнае эмбарга толькі на карысьць Расеі — маўляў, запрацуе ўласная прамысловасьць, наступіць аздараўленьне ў эканоміцы, людзі мабілізуюцца ў «адзіным парыве». Аднак пакуль што карціна іншая: эканамічнага росту няма, прыбыткі ўпалі, дайшло да таго, што ўпершыню за многія гады расейцы эканомяць на адпачынку.

«Апора на свае сілы», як у свой час у Кітаі і Альбаніі (і цяпер у КНДР), магчымая. Але пры гэтым ёсьць рызыка адстаць ад усясьветных лідэраў у прамысловасьці, навуцы, тэхніцы, адукацыі і, у канчатковым выніку, узроўні жыцьця.

— Такое меркаваньне і цяпер актыўна прапагандуецца. Праўда, зусім не гаворыцца, зь якімі рэальнымі цяжкасьцямі і праблемамі спалучаная рэалізацыя гэтых папулісцкіх задумаў. Справа ў тым, што сучасная эканоміка — як я, дылетант, гэта разумею — узаемазлучаная з рэсурсамі і вытворчасьцямі ў іншых краінах. Глябалізм называецца. Вядома, «апора на свае сілы», як у свой час у Кітаі і Альбаніі (і цяпер у КНДР), магчымая. Але пры гэтым ёсьць рызыка адстаць ад усясьветных лідэраў у прамысловасьці, навуцы, тэхніцы, адукацыі і, у канчатковым выніку, узроўні жыцьця.

Дарэчы, пра апору на свае сілы ў Расеі пачалі казаць яшчэ на самым пачатку пуцінскага кіраваньня. Нават адзін з выпускаў папулярнай гумарыстычнай перадачы «Лялькі» быў прысьвечаны гэтай тэме. Там была такая фраза: «Трэба зачыніць вакно ў Эўропу к чортавай мацеры, а то прадзімае... са Страсбуру. — Добра, што не з Гаагі».

— Раней былі спробы параўноўваць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі — маўляў, Масква ў закручваньні гаек усё бліжэй да Менску. Падобна, што «вучань Пуцін» без варыянтаў пераплюнуў беларускага настаўніка?

— Два боты — пара, усё. Што камэнтаваць відавочнае?

— Беларуская апазыцыя за гады гвалту над сабой практычна «зьдзьмулася», пра што сьведчыць адсутнасьць якой-колечы вулічнай актыўнасьці. У Маскве акцыі-пэрформансы пэрыядычна здараюцца. Аднак ці доўга быць вольніцы пры цяперашняй «лініі партыі»?

— Расейская апазыцыя даўно ўжо адчувае вялікія цяжкасьці. І калі спачатку гэта былі цяжкасьці ўнутраныя, то цяпер да стварэньня гэтых цяжкасьцяў актыўна падключылася і дзяржава. Цяпер проста небясьпечна быць апазыцыянэрам. Так што «вольніцы» я ня бачу.

— Забойства Барыса Нямцова, пагрозы на адрас іншых актывістаў справакавалі хвалю палітычнай эміграцыі. Ці можа гэтая зьява стаць масавай?

Зьяжджаюць ня толькі тыя, хто перасьледуецца ў крымінальным парадку, але і тыя, хто ў зоне рызыкі — патэнцыйныя, кажучы мовай вертухаяў, «фігуранты» сфальсыфікаваных крымінальных спраў.

— Яна ўжо стала масавай, калі ўлічыць малалікасьць расейскай апазыцыі. Прычым зьяжджаюць ня толькі тыя, хто перасьледуецца ў крымінальным парадку, але і тыя, хто ў зоне рызыкі — патэнцыйныя, кажучы мовай вертухаяў, «фігуранты» сфальсыфікаваных крымінальных спраў.

Рыгор Пасько — выпускнік Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні, капітан 2 рангу, вайсковы карэспандэнт газэты Ціхаакіянскага вайскова-марскога флёту «Боевая вахта».

«Шпіёнскую» справу Пасько ня раз перакваліфікоўвалі, уводзячы «мякчэйшыя» артыкулы — злоўжываньне ўладай і службовым становішчам. Аднак у 2001-м яго ўсё ж абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Японіі і асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі. Пасьля СІЗА Ўладзівастоку адбываў пакараньне ў калёніі строгага рэжыму пад Усурыйскам, вызвалены ўмоўна-датэрмінова.

Ляўрэат міжнароднай прэміі «Свабода прэсы», прэміі арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», прэміі Саюзу журналістаў Расеі. Сябра Міжнароднага саюзу журналістаў, Рускага ПЭН-клюбу і Саюзу пісьменьнікаў Расеі. Старшыня фонду падтрымкі расьсьледвальнай журналістыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG