22 чэрвеня ўрачыста, з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адкрываюць першую чаргу мэмарыяльнага комплексу ў Трасьцянцы «Брама памяці». Спачатку адкрыцьцё плянавалася на 9 траўня, але ўрачыстую цырымонію давялося перанесьці на паўтара месяца.
У лягеры сьмерці «Трасьцянец» нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек з розных куткоў Эўропы. Бальшыня пахавана ва ўрочышчы Благаўшчына. «Фабрыка сьмерці» пад Менскам займала плошчу блізу 100 гектараў і дзейнічала да 1944 году, практычна да самага вызваленьня Беларусі. У Другую ўсясьветную вайну гэты канцлягер быў самым буйным на акупаванай тэрыторыі СССР. Ён стаіць у адным чорным шэрагу з Асьвенцімам, Майданэкам, Трэблінкай.
Але больш за 70 гадоў спатрэбілася, каб на месцы трагедыі зьявіўся мэмарыял.
Сёньня адкрываецца першая чарга мэмарыялу — скульптурная кампазыцыя «Брама памяці» аўтарства Канстанціна Касьцючэнкі. Стварэньнем усяго ансамбля займаецца інстытут «Менскпраект» пад навуковым кіраўніцтвам Ганны Аксёнавай. Там рыхтуюць другую чаргу мэмарыялу.
Архітэктар Галіна Левіна разам з калегамі мае зьдзейсьніць у Благаўшчыне, дзе масава расстрэльвалі вязьняў Трасьцянца, маштабны праект свайго бацькі, заслужанага архітэктара Беларусі Леаніда Левіна, які памёр, так і не дачакаўшыся дазволу на рэалізацыю працы ўсяго свайго жыцьця.
Галіна Левіна кажа: тое, што нешта зрушылася хоць праз 70 гадоў, — гэта вялікі крок. Але абавязкова павінна быць і другая чарга:
«Важна, каб мы, разумеючы маштаб трагедыі і асэнсоўваючы, што яшчэ ня ўсё сказана пра Трасьцянец, абавязкова дамагліся, каб помнік быў створаны і ў Благаўшчыне. І такім чынам каб быў завершаны гэты трагічны расповед пра Другую ўсясьветную вайну. А вось калі гэта адбудзецца, залежыць ад нас. Наагул, такая памяць ня можа супакойвацца. Калі памяць супакойваецца — гэта дрэнны сыгнал. Тым больш, інтэграваны праект па Трасьцянцы зроблены. 150 тысяч бязьвінна загінулых, людзей розных нацыянальнасьцяў, якія ляжаць у Благаўшчыне, — гэта, як казаў мой бацька Леанід Левін, парадокс ХХ стагодзьдзя. Таму завяршальныя хвіліны гэтага абрыву 150 тысяч жыцьцяў — яны ў Благаўшчыне. І нам трэба прыстойна завяршыць гэты праект, каб жывым было куды прыйсьці і ўганараваць памяць тых, хто там ляжыць».
Штуршком да мэмарыялізацыі Трасьцянца сталі сродкі, сабраныя за межамі Беларусі. Перадусім гэта грошы зь нямецкіх фондаў і ад прыватных асобаў, а таксама ахвяраваньні з Ізраілю, Аўстрыі, Польшчы. Арганізатарам збору сродкаў быў Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар, які выступіў з такой ініцыятывай два гады таму. Тады ў Нямеччыне былі прадстаўленыя праекты і творчай майстэрні Леаніда Левіна, і «Мінскпраекту». А ў чэрвені 2014 году ў Трасьцянцы заклалі памятную капсулу, і пачалося ўзьвядзеньне мэмарыялу.