Спадар: «Я нават не магу сказаць, што беларусы і кітайцы могуць быць нечым падобныя. Мне здаецца, там іншы мэнталітэт і ўсё іншае: мы — эўрапейцы, яны — азіяты. Тым і адрозьніваемся — гэта зусім іншая культура, сьветаадчуваньне, зусім іншы падыход да жыцьця. Я нават не ўяўляю, што агульнага ў нас з кітайцамі. Калі я вучыўся з кітайцамі разам ва ўнівэрсытэце, то гэта быў абсалютна іншы сьвет. Прычым, пачынаючы ад таго, што наша харчаваньне прынцыпова розьнілася, і сканчаючы тым, што яны зусім па-іншаму паводзілі сябе, жылі, дый усё наагул у іх было іншае. Адны адрозьненьні».
Спадарыня: «У іх такая ж добразычлівасьць у адносінах, як і ў нас. І войнаў яны, як і мы, таксама не вядуць. Вось гэта я пра іх ведаю. А цяпер мы ў іх па кампутары тавары выпісваем, дык калі што ня так, то прабачэньня просяць, а калі што, то тавар можна вярнуць. Адзінае, мы зь імі зьнешне адрозьніваемся».
Дзяўчына: «Мне болей падабаецца, калі мы, беларусы, самі па сабе і не мяшаемся ні з кім такім. Эканамічныя стасункі — гэта добра, але мне не падабаецца, што яны прыяжджаюць да нас у краіну, пачынаюць тут жыць і запаланяюць нашу тэрыторыю».
Спадар: «Падобныя тым, што мы ўсе людзі...»
Спадар: «Думаю, што мы добра адрозьніваемся. Калі ўзяць, да прыкладу, бізнэсмэнаў, то нашы беларусы хочуць атрымаць прыбытак адразу, таму і баяцца, калі нешта інакш. А кітайцы ўклалі грошы і ведаюць, што празь пяць гадоў гэта акупіцца, і таму яны сьмела ідуць на бізнэс. А нашы баяцца...»
Спадар: «У кожнай нацыі ёсьць нешта агульнае. Нас з кітайцамі яднае працавітасьць. У іх таксама сельская гаспадарка добра наладжана. А розьнімся мы культурай, самабытнасьцю, гісторыяй».
Спадарыня: «Магчыма, яны працавітыя, як мы, а вось культурамі розьнімся. Яны, як і мы, вядуць здаровы лад жыцьця, шмат спортам займаюцца, харчуюцца па правілах, але самае галоўнае, што працавітыя».
Спадар: «Нам яшчэ давядзецца зь імі сысьціся на роўным месцы...»