Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытанка як літаратура


Ян Максімюк
Ян Максімюк

На мінулым тыдні я пачаў рассылаць беларускім пісьменьнікам невялікую апытанку наступнага зьместу:

Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода ветліва просіць Вас адказаць (як мага карацей, пажадана адным-двума сказамі, максымальна — трыма) на кожнае з наступных пытаньняў, зьвязаных з Вашай творчасьцю і Вашымі дачыненьнямі да літаратуры. Вашы адказы будуць апублікаваныя ў НОВАЙ РУБРЫЦЫ на нашым сайце.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
6. Што вы цяпер чытаеце?
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным/свабоднай?

Гэтую міні-анкету, абапіраючыся на ўзоры ў некаторых рэспэктабэльных заходніх выданьнях, мы склалі яшчэ паўгоду таму, але ўсё чакалі зручнага моманту, каб прапанаваць яе творчым людзям Беларусі. Гэткі зручны момант нарэшце надышоў. У пачатку чэрвеня будуць абвешчаны ляўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця, і мы палічылі, што было б няблага стымуляваць зацікаўленасьць гэтай падзеяй, публікуючы спачатку адказы тых пісьменьнікаў, якія трапілі ў шорт-ліст, лонг-ліст і наогул у сьпіс намінантаў сёлетняга Гедройця.

Ці ўдасца нам атрымаць адказы ад усіх «гедрайцістаў» — пытаньне адкрытае, але абяцаем зрабіць усё дзеля таго, каб удалося. А потым будзем прапанаваць апытанку і іншым. Пісьменьнікаў у Беларусі шмат, таму, калі глядзець на жыцьцё аптымістычна, гэтую забаву можна працягваць гадамі...

Атрымаўшы пяць першых адказаў на анкету, я толькі ўмацаваўся ў сваім жыцьцёвым аптымізьме: мы сапраўды зможам прапанаваць нашым чытачам зьмястоўнае, цікавае і, самае важнае, кароткае чытво, якое, як той казаў, павінна выклікаць у чытачоў шмат карысных і разумных думак, ніякім чынам не абмяжоўваючы бескарысных і дурнаватых.

Як мне нясьціпла падаецца, для саміх беларускіх пісьменьнікаў наша апытанка таксама павінна бачыцца хутчэй як нешта карыснае і разумнае, чым наадварот. І справа тут ня толькі ў нашай кемлівай і гжэчнай фармулёўцы пытаньняў, якая выключае адказы тыпу «так», «не» і «пайшлі нафіг», але і ў нашым прадбачлівым абмежаваньні аб’ёму адказаў да максымальна трох фразаў (тут, канешне, ёсьць і далікатны момант — а што, калі гэта будуць тры прустаўскія фразы?!! — але мы спадзяемся, што ніхто ня будзе злоўжываць гэтай арытмэтыкай і зразумее просьбу «як мага карацей», так бы мовіць, па-хэмінгуэеўску). Сьцісласьць у выказваньні думкі — каштоўнасьць сама па сабе, і мы вельмі хацелі б унесьці свой уклад у гэтую скарбонку.

Карацей, я выклаў тут начыста ўсе нашы яўныя і тайныя намеры адносна згаданай апытанкі, і цяпер слова за пісьменьнікамі. Першыя адказы будуць ад Тацяны Барысік.

Магчыма, яшчэ вернуцца часы, калі чытачы зноў стануць чытаць такія рэчы, як эсэ Жана-Поля Сартра «Чым ёсьць літаратура?» або Томаса Стэрнза Эліята «Традыцыя і індывідуальны талент», каб дазнацца, што пісьменьнікі думаюць пра літаратуру. Сёньня, аднак, мы жывем у эпоху росквіту жанру твітаў і эсэмэсак, таму спрабуем лавіць гэтую літаратурную тэндэнцыю. Пісаць у стылі твітаў і эсэмэсак — гэта таксама пісьменьніцкае ўмельства. А чытаць такое — гэта, так сказаць, чытацкае ўмельства. Давайце вучыцца адно ад аднаго.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG