Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН-цэнтар будзе змагацца з «дыскрымінацыяй» расейскамоўных пісьменьнікаў


«Гэта паліткарэктнасьць навязана нам звонку, я яе не прымаю», — заяўляе Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

28 лютага адбыўся чарговы Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтру, на якім сябрамі арганізацыі было абранае кіраўніцтва ПЭНу, абнавіўся і склад Рады.

Радыё Свабода, аднак, зьвярнула увагу на адзін аспэкт, які застаўся па-за ўвагай шырокай грамадзкасьці. У прэс-рэлізе ПЭН-цэнтру па выніках сходу асабліва акцэнтуецца моўнае пытаньне, а менавіта стаўленьне да беларускіх расейскамоўных пісьменьнікаў.

На сходзе быў прадстаўлены «даўно чаканы, хоць і абсалютна новы праект: «Кніга году».

У гэтай сувязі ў прэс-рэлізе сказана: «Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за усё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае увагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Як Беларускі ПЭН-цэнтр зьбіраецца пераадольваць дыскрымінацыю расейскамоўных аўтараў?

На сёньняшні дзень у арганізацыі 106 сябраў. Зь іх 10-12 ствараюць свае літаратурныя творы на расейскай мове.

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Пісьменьнік і перакладнік Лявон Баршчэўскі кажа, што ня памятае вялікай дыскусіі наконт «моўнай праблемы» на сходзе.

«Увогуле, на маю думку, гэта неістотнае пытаньне. Галоўнае — павінен быць талент. Абышто напісанае — яно застаецца абышто». Урэшце, як кажа Баршчэўскі, ён асабіста ніякай дыскрымінацыі рускамоўных беларускіх пісьменьнікаў ня бачыць: «Калі ёсьць жаданьне і ініцыятыва, яны могуць засноўваць свае выдавецтвы і прэміі».

Зноў пераабраны Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч даў разгорнуты камэнтар для Беларускай Свабоды з гэтай нагоды.

Хадановіч: «Па-мойму, у нашым прэс-рэлізе сказана ўсё максымальна празрыста, я падтрымліваю выказаныя там словы.

Паколькі ў нашай краіне ў маштабах усёй дзяржавы дыскрымінуецца беларуская мова, — то ў літаратуры абсалютна люстрана адваротная сытуацыя. Рускамоўным беларускім пісьменьнікам, калі яны не зь пісьменьніцкага саюзу Чаргінца — вельмі складана надрукавацца, для іх няма і літаратурнай узнагароды.

Падчас заснаваньня дзьвюх прэміяў — Гедройца і «Дэбют» — мая прыватная пазыцыя была ў тым, каб зрабіць гэтыя прэміі для ўсіх пісьменьнікаў — якія пішуць па-беларуску, і па-руску. Мне здаецца, украінская сытуацыя вельмі красамоўна паказала, што факт моўнасьці яшчэ не азначае перадвызначанасьці пераходу на той ці іншы бок барыкадаў. Шмат расейскамоўных пісьменьнікаў займаюць вельмі праўкраінскую патрыятычную пазыцыю — дастаткова ўзгадаць Барыса Херсонскага, Аляксандра Кабанава, Андрэя Куркова. Аднак яны на сёньня нашмат болей інтэграваныя ва ўкраінскую літаратурную супольнасьць.

Вось і нам, у Беларусі, было б занадта шчодра раскідвацца нашымі расейскамоўнымі пісьменьнікамі, калі для іх адзінай магчымасьцю надрукавацца будзе ў Маскве. Не хацелася б губляць гэтых літаратараў. Не хацелася б, каб Сьвятлана Алексіевіч пачувалася ў літаратурным гета. Пры ўсім жаданьні іх не кваліфікуеш як расейскія, гэта беларускія літаратары. Добра, каб была хаця б адна пляцоўка, дзе расейскамоўныя аўтары маглі б на роўных змагацца зь беларускамоўнымі.

Я часам мякка асуджаю сваіх калегаў, пісьменьнікаў, якія не пагаджаюцца з тым, што нашыя беларускія расейскамоўныя калегі прыналежаць да беларускай літаратуры».

Адзін з такіх калегаў — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён катэгарычна ня згодны з тым, што існуе нейкая дыскрымінацыя расейскамоўных пісьменьнікаў.

Трусаў: «Вядома, я да гэтага стаўлюся адмоўна. Увогуле, гэта вялікая спрэчка — ці магчыма на расейскай мове ствараць беларускую літаратуру. Калі кажуць, што магчыма, я адказваю — а на польскай? Вось Адам Міцкевіч пісаў пра Беларусь, называў сябе літвінам, але пісаў па-польску, і таму лічыцца клясыкам польскай, а не беларускай літаратуры.

Увогуле, я ня памятаю, каб па гэтым пытаньні на сходзе была нейкая асаблівая дыскусія. І мне цяжка сказаць, чаму гэта ў такім аспэкце патрапіла ў прэс-рэліз. Я, як сябра ПЭН-цэнтру, лічу, што гуляць у гэтую „паліткарэктнасьць“ ня варта. Бо зразумела, што ніякая рускамоўная літаратура ня будзе спрыяць разьвіцьцю беларускага духу, нацыянальнай ідэнтычнасьці, беларускай мовы. Гэта паліткарэктнасьць навязана нам звонку, я яе не прымаю».

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Мовазнаўца Вінцук Вячорка выказаў шкадаваньне з нагоды заявы ПЭН-цэнтру:

«Заявы пра дыскрымінацыю расейскай мовы ў Беларусі дагэтуль дазвалялі сабе толькі нешматлікія групы, якія маюць кантакт з „Россотрудничеством“. Па-першае, такія заявы нагэтулькі відавочна непраўдзівыя (школа, дзяржаўныя структуры, інфармацыйная прастора, выдавецтвы), што нават зьняпраўджваць іх шкада часу. Па-другое, такія заявы, пагатоў ад імя статусных структураў, трапляюць у адпаведнае пуцінскае дасье. І могуць у патрэбны момант паслужыць абгрунтаваньнем пэўных дзеяньняў, як мінімум — чарговай хвалі паклёпніцкай прапаганды (пра „гвалтоўную беларусізацыю“ і г. д.). І ніхто ня будзе разьбірацца з кантэкстам і што там хацелі сказаць аўтары заяваў. Шкада, што апошнія, у патрыятычнай пазыцыі якіх сумнявацца не выпадае, пра такія рэчы не падумалі, а паддаліся ўплывам уяўнае паліткарэктнасьці».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG