Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі абяруць «Кнігу году»


Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч

Беларускі ПЭН-цэнтар заснаваў новую прэмію — «Кніга году», уручэньне якой адбудзецца ў красавіку на сядзібе ПЭН-цэнтру. Прэмія мае сымбалічнае значэньне: пераможца будзе адзначацца дыплёмам.

Мэта гэтага праекту палягае ў тым, каб пісьменьнікі самі абіралі найлепшую беларускую кнігу.

Прэмія будзе прысуджацца кожны год за мастацкія творы, выдадзеныя ў папярэднім годзе. «Кніга году» будзе абвяшчацца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура». Пры гэтым кніга павінна быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтру сфармуе аргкамітэт, які будзе рэгістраваць сяброў журы і намінантаў, а таксама падлічваць галасы.

Журы па кожнай з намінацыяў будзе складацца асобна. Кожны пісьменьнік, у якога нядаўна выходзілі афіцыйныя кнігі з ISBN, мае права ўвайсьці ў склад «вялікага» журы ў сваёй намінацыі. Літаратары, якія выдалі кнігу ў год, за які даецца прэмія, маюць права ўдзельнічаць у «малым» журы, якое вызначае пераможцу асобна ад «вялікага» журы.

Мяркуецца, што на канчатковую ацэнку можа паўплываць кожны сябра журы, а па сутнасьці — любы беларускі літаратар.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды мэты гэтага праекту:

Паэты ацэньваюць паэта, празаікі ацэньваюць кнігу празаіка. Мне здаецца, гэта цікава

«Ёсьць розныя прэміі, якія ахопліваюць розныя сэгмэнты нашай літаратуры. Але няма прэміі аднолькавай, справядлівай для ўсіх беларускіх пісьменьнікаў.

Прэмію Гедройца, напрыклад, ня могуць атрымаць пісьменьнікі, якія пішуць на рускай мове ці беларусы, якія гіпатэтычна напісалі б яшчэ на нейкай мове. Ці не зашмат мы раскідваемся сваімі талентамі, адмяжоўваючыся ад гэтага? З другога боку, прэмію „Дэбют“ ня могуць атрымаць аўтары другой ці трэцяй кнігі паэзіі ці аўтары, якім больш за 35 гадоў.

У нас наогул няма нейкай сур’ёзнай паэтычнай узнагароды. А „Кніга году“ гэта ўлічвае. Акрамя найлепшай паэтычнай і празаічнай, ёсьць намінацыя „Найлепшая дзіцячая кніжка“. Гэта такая рэдкая штука, бо мала хто зьвяртае ўвагу на гэты патрэбны і важны сэгмэнт нашай літаратуры.

Незалежныя прэміі, якія існуюць, — часам гэта пэрсанальныя прэміі: Адама Глобуса альбо Алеся Аркуша. Часам гэта прэміі, якія чытае нейкае журы. Ёсьць надзея, што „Кніга году“ яшчэ больш аб’ектыўная, бо веру ў матэматыку. Вялікая колькасьць пісьменьнікаў зможа вылучыць і ацаніць кнігу сваіх калегаў. Паэты ацэньваюць паэта, празаікі ацэньваюць кнігу празаіка. Мне здаецца, гэта цікава».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG