У трох кілямэтрах ад Маладэчна будзе сьвінакомплекс на 100 тысяч галоваў — больш, чым у Маладэчне людзей. Ячшэ адзін такі ж — у палутара дзясятках кілямэтрах ад горада, на яго ўскраіне мясакамбінат на 22 гектарах зямлі і сьвінакомплекс на 110 тысяч галоў у Пяршаях.
«Праз пару гадоў без супрацьгазу ня выйдзеш на вуліцу», — кажуць маладэчанцы. Яшчэ не аправіўшыся ад праблем з будаўніцтвам комплекса ў Першаях, грамадзкасьць абураецца чарговым праектам блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмэна Юрыя Чыжа. У той момант, калі Расея забараняе пастаўкі беларускага мяса і мясных вырабаў, кампанія тутэйшага алігарха павялічвае пагалоўе сьвіней адразу на 200 тысяч галоў.
Сьвіней больш, чым людзей
Сьвінакомплексы плянуецца разьмясьціць каля вёсак Мойсічы (гэта тры кілямэтры ад Маладэчна) і Соўлава (18 кілямэтраў ад Маладэчна). Больш-менш падрабязная інфармацыя ёсьць на сайце Маладэчанскага райвыканкама.
Распачаць будаўніцтва хочуць ужо на пачатку наступнага года. Але людзі даведаліся пра гэта толькі цяпер. Тыя, хто актыўна выступае супраць, знаходзяць памылкі ў справаздачах пра ўзьдзеяньне будоўляў на экалёгію, сьцвярджаюць, што інфармацыю пра будаўніцтва наўмысна прыхоўваюць, і кажуць, што паводле нормаў такія комплексы ўвогуле ня могуць быць на гэтых месцах.
«1 лістапада дробным шрыфтам унутры газэты надрукавалі гэтую інфармацыю. А часу для таго, каб выказаць свае заўвагі — толькі да 30 лістапада», — кажа доктар Марыя Байкова з Маладэчна.
Байкова зьбірае подпісы, каб прыцягнуць увагу да праблемнай забудовы. Назьбірала каля 50. Яна ўпэўненая, што сьвінакомплекс ставіць крыж на перспектыўным горадзе:
«Сьвіней у гэтым сьвінакомплексе будзе больш, чым людзей у Маладэчна. Выканкам кажа, што ўсё па правілах, што тры кілямэтры — гэта дапушчальна. А якая экалёгія гораду і раёна будзе нават праз 5 год — яны ня могуць разьлічыць», — абураецца доктар Байкова.
Доктар папярэджвае, што адкіды дзейнасьці комплекса, каля якога знаходзіцца і гарадзкі водазабор, будуць трапляць у палі, а пасьля і ў ваду. Ня менш турбуе людзей і пах, які будзе стаяць вакол.
«Ружа вятроў разьмеркаваная так, што паветра адтуль ідзе ў накірунку гораду. Лесапаласы там аніякай няма. Калі сьвінакомплекс і будаваць, то далей ад населеных пунктаў, каб вакол была лесапаласа, якія абараняла б людзей ад гэтага паху», — тлумачыць Байкова.
Па меркаваньні доктара, і без таго не ідэальная экалагічная сытуацыя адназначна пагоршыцца.
«Колькасьць людзей з алергічнымі захвораваньнямі, палінозамі ўсё больш з кожным годам, — Атрымліваецца, што мы самі будуем сабе яму, зь якой трэба будзе выбірацца будучым пакаленьням», — кажа яна. — «Ці скажуць нам «дзякуй» нашыя дзеці і ўнукі за тое, што мы былі такімі абыякавымі ў гэтай сытуацыі?».
Пад пагрозай унікальныя ляндшафты Валожыншчыны і оўпэнэйры ў Шаблях
«Рашэньне пра будаўніцтва яшчэ не прынятае. Мы выставілі на грамадзкае абмеркаваньне архітэктурны праэкт, — сьцвярджае намесьнік старшыні Маладэчанскага выканкама Генадзь Актанаровіч.
«Гэтыя комплексы ўвогуле ня могуць будаваць там, дзе плянуюцца», — пярэчыць Уладзіслаў Юркоў, які жыве ў вёсцы Лохаўшчына.
Вёска ягоная ў Валожынскім раёне і пра новы сьвінакомплекс, які будзе досыць блізка ад ягонай хаты, хлопец даведаўся выпадкова.
«Тут не было ніякай інфармацыі. І для ўсіх, каму я распавядаю, гэта шок», — кажа Ўладзіслаў. Маладэчаншчына і Валожынчына славяцца сваімі ляндшафтамі. А блізкасьць да Менска даўно зрабіла гэтыя мясьціны своеасаблівай «Швайцарыяй»: вясковыя хаты, хутары і проста маляўнічыя надзелы раскупілі даўно і дорага. Тут жа знаходзяцца і знакамітыя «Шаблі», на якія ўлетку зьбіраюцца сотні аматараў музыкі і забаваў на фэстываль «Вольнае паветра».
Юркоў арганізаваў суполку ў сацыяльных сетках і рэгулярна выкладае ў яе абнаўленьні. Сцьвярджае, што праектам прадугледжаная санітарная зона ў 1 кілямэтр, а па нормах мусіць быць ня менш за 2 кілямэтры. У гэтую зону, па словах Юркова, трапляюць многія навакольныя вёскі.
Інжынер-геоляг па прафэсыі, Юркоў знайшоў значныя памылкі і ў справаздачы па ацэнцы ўздзеяньня сьвінакомплексаў на навакольнае асяродьдзе.
«Шмат якія парамэтры заніжаныя — і колькасьць адкідаў, і колькасьць спажываньня вады, — кажа Юркоў. — Я пазваніў у міністэрства сельскай гаспадаркі. Мне далі нормы па будаўніцтве жывёлагадоўчых ферм. Тут ёсьць памылкі ў разьліках». «Усе ветэрынарна-санітарныя нормы вытрымліваюцца, — пераконвае нас намдырэктара па сельскай гаспадарцы кампаніі «Велес» Вольга Ўладзімераўна.
Трайпл-Велес-Трайпл
«Вітаем. Вы пазванілі ў кампанію „Трайпл-Велес“, — гаворыць аўтаадказьнік замоўшчыка забудовы — Маладзечанскай фірмы ТАА «Велес».
«Трайпл» купіў стратны маладзечанскі мясакамбінат у 2009 годзе — „у адпаведнасьці з указам прэзыдэнта“. У спадчыну мэнэджарам Чыжа дасталіся шматмільярдныя пазыкі — пісала „Маладэчанская газэта“ праз год.
Замяняўшы стары брэнд «Смак» на новы «Императорский выбор» і ўклаўшы два мільёны эўра ў абсталяванье і рамонт, тады яшчэ «Трайпл-Велес» сталі асвойваць Маладзечанскую вобласьць. На 22 гектарах зямлі на ўездзе Маладэчна будуюць новы камбінат.
«Для яго неабходная сыравінная зона», — так тлумачыць зьяўленьне сьвінакомплексаў блізка ад Маладэчна намесьніца кампаніі „Велес“ па сельскай гаспадарцы Вольга Ўладзімераўна. — Мы выконваем даручэньне прэзыдэнта па павелічэньні галоў сьвіней».
Сваё абурэньне недахопам сьвініны і загад вырашыць усе праблемы Аляксандр Лукашэнка аддаў 27 траўня. Тады віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы паведаміў, што сёньня маецца 330 тысяч сьвінаматак і ўсё наладзіцца да 1 студзеня. Ужо летам міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц заявіў, што будуць пабудаваныя 15 сьвінакомплексаў. А пагалоўе сьвіней будзе павялічана з 2, 7 мільёнаў да больш як трох мільёнаў. Выглядае, што ў гэтыя 15 уваходзяць і два сьвінакомлпексы «Велес».
Вольга Ўладзімераўна на пытаньне, ці справядліва абураюцца грамадзяне сьвінакомплексамі, кажа:
«Будзем усё абмяркоўваць у панядзелак. Усе ветэрынарна-санітарныя нормы вытрымліваюцца. Усе інтарэсы жыхароў прытрымліваюцца. Уся інфармацыя ёсьць на сайце выканкама, усё па артыкулах расьпісана. Узьдзеяньня вялікага на навакольнае асяродьдзе ня будзе. Калі толькі нешта ў экстраных сытуацыях».
«Мы самі жывем у горадзе, — пераконвае Вольга Ўладзімераўна. — Для нас важна і паветра, якім мы дыхаем, і вада, якую мы п’ем. І прадукцыя мусіць быць экалягічна чыстай».
А вось слова «Трайпл» з назвы кампаніі ўжо зьнікла. Магчыма, каб пазьбегнуць залішняй асацыяцыі з групай кампаній, якая даўно ўжо знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвяза.
Адсюль трэба зьяжджаць Калі Юры Чыж стаў будаваць сьвінакомлпекс у «Пяршаях», людзі ўжо выказвалі сваё абурэньне.
Доктар Марыя Байкова сьцвярджае, што цяпер у Пяршаях відаць, што комплекс не дае рады ўсім адкідам. Такі ж лёс яна прадракае і новым праектам Чыжа на Маладэчаншчыне. 1 сьнежня а 18 гадзіне грамадзкасьць чакаюць на абмеркаваньне ў Маладэчанскім райвыканкаме. Але Марыя кажа, што калі рашэньне прынятае, то ўсе іхныя дзеяньні проста «барацьба з паветранымі млынамі».
Калі глядзець на пляны будаўніцтва, то яно мае стартаваць на пачатку наступнага году. Ці пасьпеюць маладэчанцы напярэдадні навагодняга сьвята нават даведацца, што праз пару год іх акружыць мясная імпэрыя?
Уладзіслаў Юркоў упэўнены, што жыць побач са сьвінакомплексамі будзе немагчыма:
«Людзі вакол негатыўна настроеныя. Атрымліваецца, што адсюль трэба проста зьяжджаць. Сто тысяч галоў — гэта насельніцтва Маладэчна, якое гадзіць у 3-4 разы больш. Спосаб утылізацыі нечыстот досыць просты — цвёрдая фракцыя аддзяляецца, а вадкасьць адстойваецца і вывозіцца на палі. Гэта агромная канцэнтрацыя адкідаў, — тлумачыць свой пэсымізм хлапец. Пах мусіць быць такі, што нават паводле іхных падлікаў канцэнтрацыя пэўных рэчываў будзе ў радыюсе трох кілямэтраў. У рэальнасьці тут проста немагчыма будзе жыць».