Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаныя пераможцы прэміі Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні


15 лістапада 2025 году Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» абвясьцілі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча — узнагароды за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні або на тэму зазнанага зьняволеньня.

Прэмія носіць імя пісьменьніка і публіцыста, які сам прайшоў праз савецкія лягеры і апісаў свой вопыт у кнізе «У капцюрох ГПУ».

Пераможцы прэміі імя Францішка Аляхновіча — 2025:

  • Пётр Уманскі (псэўданім) за кнігу «РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА»
  • Дзіяна Маеўская (псэўданім) за твор «Казка пра замак»
  • Галена Савіцкая (псэўданім) за твор «Па кальцавой дазволеныя 120»


Ляўрэаты і ляўрэаткі прэміі:

  • Аляксандар Францкевіч — за зборнік турэмных вершаў
  • Паліна Савук — за твор «Таким я тебя запомню»
  • Максім Вінярскі — за вершы «Прости жена, мы даже не знакомы», «Няўдзячны Юдаў лёс...»
  • Уладзімір Булаўскі — за вершы «Лічбы», «Няма вясны»
  • Алег Кулеша — за вершы «Пад N10. Карагодныя вершы»


Спэцыяльная адзнака:

Ініцыятыва «Праект 361.1» з творам «Гайд Палітзьняволеньня». За ўважлівую працу па ператварэньні асабістага і калектыўнага досьведу ў мастацка-дакумэнтальнае сьведчаньне.

Вынікі прэміі пракамэнтавала праваабаронца і старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай:

«Патрон прэміі — Францішак Аляхновіч — „бацька беларускага тэатру“, драматург і тэатразнаўца, актор, рэжысэр, публіцыст... Адзін зь першых у сусьветнай літаратуры апісаў жахі савецкіх рэпрэсій і катаваньняў у бальшавіцкіх лягерах. Арыштоўваўся пры Расейскай імпэрыі, пры Польшчы, пры СССР. Саветы абвінавацілі яго ў „шпіянажы на карысьць Польшчы“ і абмянялі на арыштаванага ў Польшчы палітыка і філёляга Браніслава Тарашкевіча, якога потым расстралялі ў „чорную ноч“. Самога ж Аляхновіча забілі ў Вільні.

Упершыню кнігу Аляхновіча „У капцюрох ГПУ“ выдалі на польскай мове (1934) і толькі ў 1937 годзе — на беларускай. Герой твора — даверлівы беларус, які вярнуўся на Радзіму з-за мяжы, паверыўшы савецкай прапагандзе, з наіўным спадзяваньнем, што там ён зьдзейсьніць свае мары пра беларускі тэатар. Але замест гэтага трапляе ў лягер, дзе зазнае катаваньні.

Сёньня ў лукашэнкаўскай Беларусі таксам працуюць „камісіі па вяртаньні“, зазываючы беларусаў вяртацца на Радзіму. Хто паверыў — часта паўтарае лёс героя Аляхновіча...

Кнігі, рукапісы і творы, якія адзначае прэмія, не могуць быць сёньня выдадзеныя ў Беларусі, ужо надрукаваныя творы часта трапляюць у сьпісы забароненай літаратуры. І гэта яшчэ адна паралель, своеасаблівая рыфма паміж сёньняшнімі беларускімі рэаліямі і акалічнасьцямі існаваньня літаратуры сто гадоў таму: кнігі самога Аляхновіча былі забароненыя загадам № 33 Галоўліта БССР ад 3 чэрвеня 1937 г. Францішак Аляхновіч — другі ў сьпісе з 421 пазыцыі. Насупраць ягонага імя стаіць пазнака: „Усе кнігі“».

Прэмія традыцыйна прысуджаецца з 2013 года ў Дзень зьняволенага пісьменьніка і нагадвае пра тое, што літаратура — гэта ня толькі мастацтва, але і форма супраціву. Удзельнікі і ўдзельніцы прэміі — людзі, якія пішуць у нялёгкіх умовах, часта без доступу да паперы, кніг і сувязі з вонкавым сьветам.

Першую прэмію атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».

Беларускі ПЭН падкрэсьлівае, што гэтая прэмія будзе існаваць столькі, колькі будзе патрэбная, але арганізатары прэміі спадзяюцца, што неўзабаве надыдзе час, калі яна страціць сваю актуальнасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG