Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан заявіў Расеі пратэст праз падзеньне ракеты на тэрыторыю амбасады ў Кіеве


Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану
Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану

Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану выклікала расейскага пасла Міхаіла Еўдакімава праз інцыдэнт, зьвязаны з падзеньнем ракеты на тэрыторыю азэрбайджанскай амбасады ў Кіеве ў часе начнога абстрэлу 14 лістапада.

Як адзначаецца ў заяве МЗС Азэрбайджану, якую цытуе праект «Эхо Кавказа», расейскаму дыплямату «выказалі рэзкі пратэст у сувязі з падзеньнем адной з ракет тыпу Іскандэр на тэрыторыю пасольства Азэрбайджану ў выніку ракетна-бомбавага ўдару па сталіцы Ўкраіны».

Расейскаму дыплямату ўручылі адпаведную ноту.

Згодна зь інфармацыяй азэрбайджанскага боку, у выніку выбуху цалкам разбураная частка агароджа тэрыторыі амбасады, пашкоджаныя канструкцыі, службовы транспарт, адміністрацыйнае памяшканьне і консульскі аддзел. «На шчасьце, ніхто не пацярпеў у выніку гэтага ўдару», — адзначаецца ў заяве.

Гэта шосты падобны інцыдэнт, калі ў выніку расейскіх абстрэлаў цярпелі дыпляматычныя прадстаўніцтвы і кампаніі Азэрбайджану ва Ўкраіне — у Харкаве, Адэсе і Кіеве.

Цяперашні ўдар удзень па тэлефоне абмеркавалі прэзыдэнты краін Ільхам Аліеў і Ўладзімір Зяленскі.

У ноч на 14 лістапада адбылася адна з найбольш інтэнсіўных расейскіх атак на украінскую сталіцу. У выніку абстрэлаў загінулі шэсьць чалавек і яшчэ 36 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку двое дзяцей і цяжарная жанчына.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG