Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Красным быў адзін касьцёл, шэсьць бардэляў і два канцлягеры


Некалі мястэчка Краснае можна было назваць каталіцкай сталіцай. Шматлікія каталікі з адміністратыўнай сталіцы ехалі ў гэтае паселішча ў Маладэчанскім раёне, бо толькі тут дзейнічаў адзіны рымска-каталіцкі касьцёл на ўсё навакольле. І ўсе паваенныя гады менскія, і ня толькі менскія, каталікі ехалі спавядацца ў Краснае. Да 80-га году, пакуль у сталіцы не адкрылі касьцёл на Кальварыі. Дом Вольгі Вайцяховіч, старэйшай, напэўна, ураджэнкі Краснага, усе гэтыя гады быў гасьцінна адкрыты для паломнікаў. Хоць сям’я Вольгі была праваслаўная.

— Памятаю, як ехалі каталікі. Можа, дадатковыя цягнікі давалі? Бо столькі зь Менску ехала людзей! Не хапала цягнікоў, столькі ехала каталікоў. У нашай хаце начавалі. Прыяжджалі на ноч, а раніцай да касьцёла. Прычым незнаёмыя людзі. Мама прымала вернікаў. Многія местачкоўцы прымалі, не чураліся. Людзі дружныя былі. І габрэяў прымалі, і рускіх прымалі, і немцаў прымалі. Дзяліліся кавалкам хлеба, ня тое што цяпер.

Беларусь лічыцца самай савецкай, прасавецкай і рассавецкай краінай на абшарах колішняга Саюзу. Але, гутарачы са старымі людзьмі, якім ужо даўно няма чаго баяцца, я пастаянна чую абсалютна крамольныя для савецкага вуха словы. Я нават не магу ўзгадаць, калі я апошні раз чуў нейкія добрыя выказваньні на адрас калгаса, на адрас таварыша Сталіна. Ці пра герояў-партызан. Гэта парадокс? Не. Гэта жаданая апошняя магчымасьць нарэшце выказаць на мікрафон усё тое, што даўно хацелася сказаць.

— Немец сядзеў у нас у хаце. У Сталінградзкай бітве брат яго загінуў. Плача, валасы рве і паказвае. «Хай бы Гітлер і Сталін узялі ды паміж сабою пабіліся. Навошта зьнішчаць народы?» Шмат немцаў-франтавікоў дзяцей падкормлівалі. Брата майго зьбіла нямецкая машына. Дык немцы і ўрача прыслалі, і лячылі. Франтавікі ставіліся да людзей добра. А СС? Там хто былі? Эстонцы, прыбалты, нашы гады. Нашы паліцаі былі горшыя за немцаў. Асавец — партызанская вёска была. Спалілі немцы. Дзяцей схавалі ў яму, яловымі галінамі прыкрылі. Першымі ішлі немцы, убачылі — не кранулі. Ззаду ішлі нашы паліцаі — расстралялі. Дык хто горшы, а хто лепшы?

Колішні інжынэр, а сёньня вядомы краязнаўца Алесь Харытон, які знайшоў на красьненскіх могілках магілу апошняга паўстанца 1863 году, таксама памятае часы, калі ўсе каталіцкія дарогі вялі ў Краснае.

Алесь Харытон
Алесь Харытон

— І Маладэчна, і ўвесь Менск ехалі ў Краснае. Бывала, ідзеш на станцыю, а табе насустрач паток людзей. Шмат людзей. Але была пэўная насьцярожанасьць. Бо касьцёл тады быў цалкам польскамоўны. І я са зьдзіўленьнем заўжды, калі ішоў са станцыі, назіраў за людзьмі, якія ішлі з касьцёла, жанчыны ў асноўным, і яны ўсе гаварылі па-польску. Мяне гэта зьдзіўляла і бянтэжыла. Як гэта так?

Ці стала міжваенная Польшча для беларусаў сваёй дзяржавай? Лічаныя людзі за ўвесь час маіх падарожжаў па Заходняй Беларусі згадваюць тую Рэч Паспалітую з захапленьнем. Узгадваюць сваю зямлю, сваю маёмасьць. Але толькі не сваю дзяржаву. Не сваё войска, не сваю паліцыю і не сваю школу. Тая дзяржава глядзела на беларусаў з пагардай. За што і расплацілася.

— З Краснага хадзілі мужыкі ў Вялейку. Там быў павет. І мэта была адна. Хадзілі прасіць, каб у Красным была беларуская школа. Не дазволілі.

Але ня толькі Рымам было Краснае. Быў час, калі мястэчка мела славу сёньняшняга Амстэрдаму. Да красьненскіх куртызанак прыяжджалі нават зь Вільні. І гэтая сфэра давала прыбытак ня толькі жрыцам каханьня.

Ці фурман стаіць. «На «Злоты пясэк». І той яго возіць, возіць. А там 200 мэтраў

— У Красным было шэсьць бардэляў. Шэсьць. Былі клясам вышэй. Там на гары за станцыяй, гара тады была не заселеная, быў бардэль, які называўся «Злоты пясэк». Туды прыяжджалі і зь Вільні мужыкі. Звычайная хата, у якой былі гэтыя жанчыны. Дык хлопчыкі і некаторыя мужыкі падпрацоўвалі. Прыходзіць цягнік пасажырскі, і пытаецца які пасажыр у хлопчыка — дзе «Злоты пясэк»? Ён яму пакажа, а той грошы дасьць. Ці фурман стаіць. «На «Злоты пясэк». І той яго возіць, возіць. А там 200 мэтраў. Адкрылі насупраць царквы першы клюб, «Дом людовы». Там добрыя танцы былі. Але гэтых баб не пускалі. «Выйдзі вон».

Так бывае, што едзеш па адну тэму, а трапляеш зусім на іншую. Больш цікавую і больш таямнічую. Напрыканцы 30-х гадоў у Красным былі, па словах маіх суразмоўцаў, перапахаваныя парэшткі паўстанцаў. І нават быў пастаўлены манумэнт у іх гонар. Слова пані Вользе.

— Я была маленькая. Гэта, можа, 37-мы год. І каля станцыі канава вялікая, мэтры тры глыбіні і мэтраў 50 даўжыні. І людзей наверсе стаяла. І фатаграфавалі, і ксяндзы былі. Ішлі раскопкі, даставалі косьці. Чорныя дамавінкі. Іх з пашанай несьлі і пахавалі насупраць касьцёла. Помнік паставілі. Высокі. Мэтраў 7 ці 8. Бронзавая коньніца. І бронзавая шыльда з залатымі літарамі. «Польскім паўстанцам». Але якія гады? Ня памятаю. Прыгожы помнік. Даглядалі за ім. Дарожкі былі. Але пры Сталіну ноччу гэты помнік разбурылі. І перавезьлі ў Радашкавічы і паставілі Гастэлу. Рэканструіравалі. Можна было гэта рабіць? Нідзе гэтага не напісана і ніхто вам гэтага не раскажа. Таму што я маленькая была, на раскопках гэтых касьцей стаяла. І бачыла гэта ўсё. І сьведка.​

Помнік Гастэлу ў Радашкавічах
Помнік Гастэлу ў Радашкавічах

Я езьдзіў праз Краснае дзясяткі разоў. І ні разу не зьвярнуў увагі на тую частку цэнтральнай вуліцы мястэчка, якая ляжыць насупраць касьцёла. А паглядзець ёсьць на што. Уздоўж вуліцы стаяць хаты, цягнецца драўляны плот. Але адзін падворак занадта шырокі. Хата адступіла далёка ўглыб двара. Паміж ёю і плотам — парослы травою пустыр. На якім, калі спыніцца і зірнуць праз плот, можна ўбачыць падмурак колішняга манумэнта. Мяркуючы па памерах, манумэнт быў маштабны. Звалілі яго, па словах Аляксандра Харытона, у 40-м годзе. Слова пану Аляксандру.

— Ніхто мне ня мог сказаць, а я апытаў шмат людзей, што гэта за помнік. Наверсе быў срэбраны арол. Манумэнт быў абгароджаны. Былі слупы з ланцугамі. Увосень 40-га году камсамольцы прыехалі да гэтага помніка, прыгналі трактар, зачапілі і павалілі. Потым патроху гэта ўсё пачало расьцягвацца. Там нехта адламаў, там нехта забраў.

Рэшткі таго манумэнта можна ўбачыць і сёньня. У самым цэнтры Радашкавічаў, а не на выезьдзе. Бюст Мікалая Гастэлы стаіць на вялікіх гранітных кубах. На адным зь іх нават захаваліся дзьве дзюркі ад старой шыльды.

— Гэта польскі граніт. Яго паднялі і павезьлі да Азгура. І там яго ўжо пілавалі. На пэрсанальныя помнікі. А першае, што было зроблена, — гэта Гастэла.

Магілы, па згадках маіх суразмоўцаў, знаходзяцца непасрэдна за манумэнтам. Але чые целы ў іх ляжаць?

— Старыя расказвалі так. На гары за станцыяй у 19-м стагодзьдзі, калі былі паўстаньні, там былі мураўёўскія шыбеніцы. Там вешалі паўстанцаў. І там дасталі парэшткі, паклалі ў маленькія труны і ганарова, з пачэснай вартай прынесьлі да гэтага месца, дзе гэты помнік ужо стаяў. І гэтыя труны пахавалі не ў падмурак, а ў бок рэчкі. Яны там і ляжаць.

Пан Аляксандар любіць разглядаць аэрафатаздымак Краснага, зроблены нямецкім лётчыкам у апошнюю вайну. На ім добра бачна і хата самога Харытона, якую пашкадавала вайна, і лягеры ваеннапалонных, ад якіх не засталося сёньня і сьледу. Калі не лічыць шматлікіх костак у равах.

— У Красным было два канцлягеры. Адзін пад панскім домам, за пераездам, на ўзгорачку. Там сядзела каля 500 чалавек афіцэраў. А вось тут, каля другога моста, быў яшчэ адзін лягер. Чатыры баракі там было. І тут некалькі тысяч чалавек было. Застаўся толькі падмурак ад прыбіральні. Ёсьць дзьве ямы. Адна квадратная, дзе яны ляжалі, шынялямі прыкрытыя. А другая ў выглядзе траншэі мэтраў 20 на 5, як я зразумеў, прамацаўшы гэтае месца. Туды кожны дзень на кані вывозілі трупы. І вось гэтае месца стаіць нераскрытае. І няма ніякага помніка. А побач, за гарой, будуецца кавярня. Я б ёй назву даў «На касьцях».

Я зайшоў у той дом, каля якога загадкавае пахаваньне. І вось што мне расказаў гаспадар.

— Там 17 рэвалюцыянэраў пахавана.

Вось як. 17 рэвалюцыянэраў. Яшчэ крыху народнага «сапсаванага тэлефона», і гэта будзе магіла 26 бакінскіх камісараў. Давайце паслухаем яшчэ аднаго краязнаўцу. Красьненскага гісторыка Сяргея Старыкевіча. Які дасьледаваў тое месца за станцыяй Уша, адкуль палякі і пераносілі парэшткі.

— Гэта пахаваньні часоў 1-й сусьветнай вайны. Памерлых у шпіталі. Я аднавіў імёны 15 чалавек. Што тычыцца шыбеніц, у мяне такіх зьвестак не было. Я ня ведаю на сто працэнтаў, што там маглі караць паўстанцаў. А падчас 1-й сусьветнай — я знайшоў, што тут стаялі цягнікі санітарныя і памерлых там хавалі. Знайшоў імёны. Аднаго цывільнага і 14 вайскоўцаў. А там, я на вока палічыў, каля 50 магіл. Насупраць станцыі Ўша. Я павінен давесьці гэта да мэмарыялізацыі. Трэба зрабіць помнік, даглядаць тэрыторыю. Іх хавалі ў 1915-м годзе. Вось да гэтай даты трэба і зрабіць. Яшчэ цэлы год наперадзе. Калі Бог дасьць здароўя, то зраблю.

Калі супаставіць гэтыя факты... Першая сусьветная. Санітарныя эшалёны ў Красным. Пахаваньне памерлых ад ран. І створаны на тэрыторыі Беларусі генэралам Юзафам Доўбар-Мусьніцкім у ліпені 1917-га Першы Польскі корпус... Дык атрымліваецца, што гэта магіла былых расейскіх вайскоўцаў польскай нацыянальнасьці, якія той корпус і складалі. Але Аляксандар Харытон гэтую вэрсію адкідае. Стары красьненец ня можа пагадзіцца з тым, што ў той магіле ляжаць не паўстанцы.

— Некалі я гаварыў з адным са старшынь сельсавету і кажу: «Слухай, ну што каштуе гэты падмурак зьнесьці бульдозэрам? Хай бы тут нехта пабудаваў хату». Глядзіце, які адказ: «Нельга. Там пахаваныя паўстанцы». Адказ старшыні сельсавету. Вось тут, за помнікам, ляжаць косткі нейкіх паўстанцаў. Калі-нікалі жыхары гэтых дамоў расказваюць, што нехта прыяжджае і ставіць сьвечкі. Цяпер я прашу, каб мяне клікалі. Я сам сюды прыходжу 25 сакавіка, на Дзень Волі. Ну што я магу зрабіць адзін? Стаю каля гэтага месца. Дастаю запалкі і запальваю. Дзьве, тры. Гэта мая сьвечка. Я гэта раблю.

Прагартаўшы «Dziennik Wileński» і «Kurier Wileński» за 38 год, я не знайшоў згадак пра ўсталяваньне манумэнта. Можа, гэта адбылося ў 37-м годзе? Ці ў 39-м? Але на сайце польскага Нацыянальнага архіву я адшукаў здымкі эксгумацыі і перапахаваньня салдат 1-га польскага корпусу. Месца дзеі пазначана як Краснае.

Але кропку ў гэтай гісторыі пакуль ставіць рана. Бо старыя адназначна кажуць, што на помніку быў надпіс «паўстанцам». Варта добрым словам узгадаць імя старшыні сельсавету, які не дазволіў нічога будаваць на касьцях — Міхал Калесьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG