Днямі Радыё Свабода запрашала на прэзэнтацыю кнігі «Жыцьцё пасьля раку» абвесткаю, дзе быў і такі сказ: Каханьне мацнейшае за лекі. Вось жа пагаворым пра спосаб, якім беларуская мова параўноўвае.
Нагадаю: ёсьць дзьве ступені параўнаньня. Вышэйшая ступень — калі нейкі прадмет мае якасьць большую, чымся іншы:
Белы вечар быў цяплейшы за ўчарашні (Чорны).
І найвышэйшая ступень — калі нехта або нешта абсалютна перамагае ў параўнаньні з усімі астатнімі сабе падобнымі:
Тут сьмех і жарты, таўканіна, — Найцікавейшая часіна. (Якуб Колас, «Новая зямля»).
Нашыя ступені параўнаньня прыметнікаў істотна розьняцца ад прынятых у расейскай літаратурнай мове: мацнейшае за лекі — па-расейску «сильнее лекарств». Людзі робяць памылкі пад уплывам расейшчыны.
Па-першае, там супадае вышэйшая ступень параўнаньня прыметнікаў (які?) і прыслоўяў (як?).
Михаил ростом (какой?) выше брата,
але таксама скажуць
Михаил стоял (где?) выше брата.
У нас жа прыметнік і прыслоўе ў параўнальнай форме выразна кантрастуюць:
Міхал (які?) вышэйшы за брата. Але Міхал стаяў (дзе?) вышэй за брата.
Ня блытайма — гэта істотная памылка.
Тут нехта прыпомніць вывучаную ў школе змрочную баляду Аркадзя Куляшова «Камсамольскі білет»:
— Вось і білет твой, — сказаў ён ласкава,
— І ад яго на вачах у людзей
Ты адцурайся; выгодная справа:
Жыць застанесься — жыцьцё даражэй.
Так гэты хрэстаматыйны твор сьпяваюць «Песьняры», а так Аляксандар Кулінковіч, — выбірайце вэрсію на свой густ.
Але выбар Куляшова можа вынікаць ня толькі з патрэбы рыфмы, а і з дыялектнай асновы ягонай мовы. Дыялектолягі сьведчаць, што ў гаворках усходу Беларусі сапраўды часам прыметнікі ў параўнальнай ступені супадаюць з прыслоўямі. У літаратурнай жа мове асноўная форма — жыцьцё даражэйшае.
Бальшыня параўнальных формаў утвараюцца суфіксам -эйш-. Але ёсьць асаблівыя: добры — лепшы, вялікі — большы.
У старабеларускай мове і ў гаворках знойдзем формы нізкі — ніжшы, багаты — багатшы.
Моцна агітаваў за іх Янка Станкевіч (спасылаючыся і на Аль-Кітабы беларускіх татараў, пісаныя арабскім пісьмом: цнатліўшыя, шчасьліўшае), але яны так і не вярнулі сабе ключавой пазыцыі ў літаратурнай мове.
Калі адным словам перадаць параўнаньне цяжка, ужываюць дапаможнае слова больш: больш цывілізаваныя за суседзяў.
Па-беларуску з вышэйшаю ступеньню прыметніка часьцей за ўсё ўжываецца прыназоўнік за: Добры сабака лепшы за ліхога чалавека. І ў Сымона Буднага: ...Абы есь Богу за жанівыя прыемнейшы быў (пра бясшлюбнасьць сьвятароў і манахаў)
Але можа быць і прыназоўнік ад: Мне ся відзіць, як ест лепшыі злота ад срэбра, так лепшая таго віцязя пані ад нашае кралёвае («Трышчан і Іжота»)
Ой, кажане, кажане!
Чаму ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.
(Паўлюк Багрым)
А таксама над: Не пазычай чалавеку мацнейшаму над цябе! — дае нам мудрую інструкцыю Ф. Скарына (Кніга Ісуса Сірахава). І яшчэ Скарына: Хлеб сакрыты смачнейшы. (гэта ён рыхтуе суайчыньнікаў да бальшавіцкіх прадразьвёрстак).
Можна ўжыць і слова чым, а таксама чымся:
Трэба прыдумваць нешта другое, больш дасканалае, чымся звычайны напад (Лынькоў пра крэатыў партызанаў).
А калі ўзьнімаемся да найвышэйшай ступені параўнаньня, то часьцей проста далучаем да формы вышэйшай ступені прыстаўку най-: найбольшы, найсьвятлейшы.
Паэты дазваляюць сабе формы на -ш-, якія пачынаюць гучаць высокастылёва:
Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальшага роду,
І будзе цар гэты навек
Названьне насіць — чалавек.
Янка Купала. «Адвечная песьня»
або
Ён вочы узьняў да блакітных палёў,
Ён вочы узьняў да найсіньшых нябёс.
Уладзімер Дубоўка. «Кругі»
Але на гэтай ступені нас падпільноўвае яшчэ адна пастка граматычнай русыфікацыі. У расейскай мове найвышэйшая ступень са знаёмым нам суфіксам беларускай вышэйшай ступені ды часьцей за ўсё без прыстаўкі: «пусть победит сильнейший». Да таго ж там супадаюць вышэйшая і найвышэйшая ступені параўнаньня некаторых прыметнікаў:
ЛУ́ЧШИЙ, лучшая, лучшее. 1. сравн. к хороший. Дело принимает лучший, чем я ожидал, оборот. Все к лучшему. Ничего лучшего я и не желал. 2. превосх. к хороший; наилучший. Лучший из всех. Лучший сорт. В лучшем случае. (Д. Ушаков. Большой толковый словарь современного русского языка).
Беларуская ж мова мае асобныя граматычныя сродкі для кожнага значэньня: лепшы (за некага), але найлепшы (г. зн. сярод усіх)
Гэтаксама
найлепшыя пачуцьці, найразумнейшы чалавек, найсьвяцейшы сынод, не зрабіў найменшага ўражаньня. Хай пераможа наймацнейшы! Найбуйнейшая археалягічная знаходка.
У біялёгіі — найпрасьцейшыя (або аднаклеткавыя).
Калі адным словам перадаць найвышэйшую ступень няма як, у прыгодзе будзе дапаможнае слова самы або і сама: самы неабыякавы, сама дакладны; найбольш: найбольш істотны.
Асабліва распаўзлася памылка са словамі лепшы—найлепшы, вышэйшы—найвышэйшы. Калі адбываецца спаборніцтва ці конкурс, то пераможца ў іх — найспрытнейшы, найхутчэйшы, найразумнейшы, найхітрэйшы. Агулам кажучы — найлепшы. Вось Таварыства беларускай школы назвала свой прыз правільна: Кубак Найлепшага Настаўніка. А ня проста «лепшага». Бо тады трэба было б дадаваць — лепшага за ўсіх.
Усе спартовыя лігі, дывізіёны, якія на самым версе ярархіі, а таксама максымальныя балы ў спорце і адукацыі — найвышэйшыя. Прайшлі ў найвышэйшую лігу, атрымала найвышэйшую адзнаку, найвышэйшы пілятаж. Калі беларуская футбольная ліга проста «вышэйшая», значыць, над ёй ёсьць яшчэ нейкая ліга — ці не эўразійскай супольнасьці? — міжволі западозрыць нехта малаабазнаных у беларускай мове футбольных чыноўнікаў.
Павел Сьцяцко слушна крытыкуе моўны шаблён, які запанаваў у прагнозе надвор’я: «у бліжэйшыя суткі». «Бліжэйшыя» павінны быць за нейкія іншыя, а тут відавочна ідзецца пра найбліжэйшыя ці наступныя (а слова «суткі», якое мае ў гаворках зусім іншае значэньне, можна замяніць на содні, ці наагул прасьцей сказаць «заўтра»).
Калі-нікалі намагаюцца «перакласьці» з расейскай тамтэйшыя прыметнікі на -ейш-, якія страцілі значэньне параўнаньня, беларускімі параўнальнымі формамі. Напрыклад, сказ «В озере чистейшая вода», гэта значыць ’вельмі чыстая’, нельга перакладаць са словам «чысьцейшая». Па-беларуску скажам чысьцюткая вада.
Самая высокая школа
Некаторыя колішнія параўнальныя формы «застылі» і страцілі параўнаўчую ролю: старэйшы прапаршчык і малодшы лейтэнант.
Ёсьць немалое гняздо тэрмінаў на -эйш-, зьвязаных з адукацыяй: вышэйшая адукацыя, вышэйшая школа, вышэйшая навучальная ўстанова. Сапраўды, школа вышэйшая за якую, а ці ёсьць над ёй яшчэ вышэйшая (можа гэта «Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце»?) — задаецца пытаньнем беларуская моўная лёгіка.
Вось жа граматычная праблема, агульная для многіх эўрапейскіх моваў, тут вырасла з лацінскай мовы — маці эўрапейскай адукацыі. Educatio superior — гэта адукацыя трэцяй ступені ў сярэднявеччы, а слова superior — гістарычна параўнальная ступень, азначае ‘вышэйшы за нешта’. Вось жа новыя эўрапейскія мовы перанялі з лаціны гэтую назву ў параўнальнай форме (анг. higher education, ням. höhere Bildung).
Але ў лаціне тое слова ўжывалася і ў значэньні без параўнаньня — проста ’высокі’ ці ’верхні’. Як Labium superius — верхняя губа. Выраз Schola Superior перадаецца як ’высокая школа’ — high school, Hochschule (пры ўсёй розьніцы сучасных сыстэмаў адукацыі ў розных краінах). Падобны тэрмін замацавалі сэрбы, харваты (висока школа, visoka naobrazba), чэхі.
І ва ўкраінскай цяпер два стандарты — кіеўскі (вища школа) і львоўскі (висока школа). Можа і нам варта падумаць пра большую лёгіку ў называньні цэлай вялікай адукацыйнай галіны. Сказанае датычыць і «вышэйшай матэматыкі».
Дарэчы, ёсьць такое аднакаранёвае, але страшнае жаргоннае савецкае слова вышка — ад «высшая мера наказания», «высшая мера социальной защиты». То бок сьмяротная кара. Так і трэба казаць.
Але закончым аптымістычна — «Майскай песьняй» з «Народнага альбому».
Раз-два-тры, раз-два-тры,
Ein-zwei-drei!
Адгуляе i пойдзе Май,
Не сказаўшы нiкому "бывай"
Хай iдзе, ты яго не трымай,
Веры дай i ўсё будзе «най»
Найпрыгажэйшым, Найвесялейшым,
Найразумнейшым, Найлепшым у сьвеце.
Най-най. Най-най-най.
Най-най-най. Най-най-най-най.