Замест чарговых заняткаў, якія павінны былі пачаць новы сэзон курсаў «Мова ці кава», 15 кастрычніка адбылася прэсавая канфэрэнцыя.
На ёй Кацярына Кібальчыч абвясьціла, што курсы беларускай мовы «Мова ці кава» спыняюць сваё існаваньне. Яна патлумачыла сваё рашэньне тым, што ня бачыць магчымасьці далейшай супрацы з камандай вядоўцаў, якія выступаюць супраць таго, каб яна выказвала сваю прарасейскую пазыцыю ў сацыяльных сетках адносна падзеяў ва Ўкраіне.
Яна адзначыла, што цягам двух гадоў існаваньня курсаў яна нікому зь сяброў каманды не ўказвала, якую пазыцыю мець. Хаця некаторыя зь сяброў каманды маюць палітычную пазыцыю, якую яна не падзяляе.
Кацярына адзначыла, што курсы зачыняюцца «не з-за злачыннага рэжыму», а з-за таго, што вядоўцы заклікалі байкатаваць курсы «Мова ці кава».
Адказваючы на пытаньне, ці будзе яна далей займацца беларусізацыяй, Кацярына сказала, што яна марыць адчыніць у Менску беларускамоўную кавярню «Мова ці кава».
Адносна курсаў яна сказала, што паказала прыклад таго, як гэта трэба рабіць. І калі нехта зь яе паплечнікаў захоча рабіць нешта падобнае пад іншай назвай і брэндам, то яна будзе толькі рада і паставіць рэпост на старонцы ў фэйсбуку «Мова ці кава».
Падчас прэс-канфэрэнцыі выступіла каардынатарка курсаў Юля Коцкая. Яна адзначыла, што гаворыць ад імя паэткі Валярыны Куставай і журналістаў Франка Вячоркі і Алеся Залеўскага, якія былі вядоўцамі многіх сустрэчаў са студэнтамі.
Юля Коцкая падзякавала Кацярыне Кібальчыч, што яна ўвяла гэты брэнд у беларускую прастору, дзякуючы якому многа людзей прайшло праз курсы беларускай мовы. Але сябры каманды лічаць немагчымым працяг курсаў у цяперашнім фармаце. Яны супраць таго, каб каардынатарка была публічна заангажаваная пэўнай пазыцыяй адносна сытуацыі ва Ўкраіне.
Кацярына Кібальчыч актыўна падтрымлівае сэпаратыстаў і неаднаразова выказвала прарасейскую пазыцыю ў сацсетках. Вячорка і Кустава заявілі, што ў вядоўцаў ёсьць некалькі ідэяў па арганізацыі курсаў пад іншымі брэндамі.