Аднак у камандзе вядоўцаў, сярод якіх заснавальніца адукацыйнага брэнду Кацярына Кібальчыч, паэтка Валярына Кустава, журналісты Алесь Залеўскі і Франак Вячорка, зьявіліся відавочныя рознагалосьсі, якія могуць прывесьці да таго, што курсы «Мова ці кава» спыняць сваё існаваньне ў тым выглядзе і з той канцэпцыяй, як задумвалася першапачаткова. Прычынай ідэалягічнага расколу сталіся выказваньні Кацярыны Кібальчыч пра сытуацыю ва Ўкраіне, якую не падзяляе рэшта каманды.
Радыё Свабода паспрабавала высьветліць у заснавальніцы курсаў Кацярыны Кібальчыч, які быў мэханізм зьяўленьня расколу і як яна бачыць курсы «Мова ці кава».
— У сувязі з ідэалягічным расколам у шэрагах кіраўніцтва «Мова ці кава» — які лёс чакае курсы?
— Мы з камандай цяпер гэта вырашаем. Пакуль мы ў стане перамоваў. Хутчэй за ўсё, неўзабаве зробім супольную публічную заяву. І для гэтага мне трэба прыехаць у Менск і пагаварыць зь людзьмі.
— Калі падсумаваць, то як бы вы акрэсьлілі праблему, якая стварае непаразуменьні ў камандзе?
— Курсы «Мова ці кава» — гэта ня проста заняткі па беларускай мове. Ёсьць пэўная канцэпцыя і філязофія. На першым занятку ў лютым 2013 году быў прыняты статут курсаў. У статуце сьцьвярджаецца, што мы прыязна ставімся да людзей з рознымі палітычнымі поглядамі і што курсы па-за палітыкай, таму што мова — агульнанацыянальная каштоўнасьць, якая яднае людзей. Гэта была асноўная ідэя і сэнс гэтых курсаў, каб аб’яднаць расколатае беларускае грамадзтва. І калі пачынаюць гучаць думкі, што мы павінны рабіць курсы толькі для аднадумцаў, то, значыць, мы павінны фільтраваць і гасьцей курсаў, і студэнтаў курсаў — а гэта супярэчыць канцэпцыі задумы «Мова ці кава». Калі немагчыма дамовіцца са мной, чалавекам, які і за беларускую мову, і за сувэрэнітэт Беларусі, і за дэмакратычныя каштоўнасьці, то як мы будзем дамаўляцца з лукашыстамі, з ватнікамі ці з абыякавымі? Мы павінны вызначыцца, ці сапраўды мы хочам масавага разьвіцьця і распаўсюду беларускай мовы. Ці гэта крывадушнасьць беларускай суполкі і ўсім падабаецца, што мы знаходзімся ў гета абраных беларускамоўных і ня хочам масавасьці беларускай мовы? Калі нехта заходзіць на гэтую паляну, то адразу заходзіць гутарка пра тое, што беларускую мову — толькі чыстымі рукамі, а чысьціню рук яны самі вызначаюць. Я катэгарычна з гэтым ня згодная.
— Ці падымаецца пытаньне пра ваш удзел у праекце? І ці зьвязана гэта з вашай пазыцыяй адносна курсаў?
— Тут пытаньне не пра мой удзел, а пра ідэю таго, што беларуская мова — гэта агульнанацыянальная каштоўнасьць. Пра тое, ці хочам мы, каб міліцыя, якая разганяе дэманстрацыі, гаварыла на беларускай мове, ці хочам, каб суды гаварылі па-беларуску, каб прэзыдэнт Лукашэнка ці нейкі іншы гаварыў па-беларуску. Калі мы кажам, што беларуская мова — агульная і самакаштоўная, то мы ня маем права нікому гаварыць, што ён гаворыць на беларускай мове няшчыра, калі мае іншыя погляды. Вось мне піша адзін чалавек: «Я лічу, Каця, што вы няшчыра на беларускай мове размаўляеце, бо вы маеце такія і такія погляды». Цікава атрымліваецца — толькі зь нейкімі поглядамі можна размаўляць на беларускай мове. Але тады трэба сказаць адкрыта: мы ня хочам, каб усе беларусы размаўлялі па-беларуску, мы хочам, каб толькі правільныя размаўлялі па-беларуску. І тады гэта будзе пазыцыя. І я гатовая яе паважаць за адкрытасьць і шчырасьць.
Тут не пытаньне людзей у камандзе ці кепскага стаўленьня да мяне асабіста. З маёй каманды да мяне ніхто дрэнна ня ставіцца. Але на людзей з каманды ціснуць — гэта факт. І ў выніку церпіць іх рэпутацыя, і яны за яе баяцца, а таксама за адносіны са сваімі сябрамі. Я асабіста цягам гэтых двух год перажыла ціск і пагрозы і з боку КДБ, і з боку абыякавых беларусаў, і з боку ўладальнікаў памяшканьняў, якія адмаўлялі мне. Але мы ўсё гэта пераадолелі. А цяпер нас змагарская туса будзе прэсінгаваць? Дык я яе не баюся.
— Ці ёсьць супярэчнасьці ў камандзе? Прэтэнзіі выказваюцца вам асабіста ці зьяўляюцца толькі ў сацыяльных сетках?
— Супярэчнасьць ёсьць, таму што ў нас ёсьць плюралізм. Але я не магу гаварыць за ўсю каманду. Я магу гаварыць толькі пра сябе. Нягледзячы на тое, што мне не падабаецца тое, што некаторыя нашы вядоўцы пішуць у сацыяльных сетках, таму што я ня згодная з такімі меркаваньнямі. Але я ніколі нікому не дыктавала, што каму трэба пісаць, ня ўмешвалася ў іх прыватнае, палітычнае ці журналісцкае жыцьцё, нікому не спрабавала затыкаць рот. На курсах у нас была абсалютная свабода поглядаў, курсы мы рабілі не палітычным праектам, а дыскутавалі толькі тэмы, датычныя правядзеньня курсаў. Мы вельмі добра спрацаваліся і разумелі адно аднаго. Часам падчас асабістых сустрэчаў спрачаліся і пра палітыку, але я не лічу, што людзі ў маёй камандзе мусяць са мной пагаджацца. І цяпер мне сорамна, што іх прымушаюць цяпер у такой форме тлумачыць сваю пазыцыю, маўляў, мы ня маем нічога агульнага з пазыцыяй Каці Кібальчыч. Такое рабілася хіба ў сталінскія часы.
— Што будзе ў заяве, якую падрыхтуе каманда?
— Заява будзе пра будучыню курсаў. Людзі дэмаралізаваныя, і цяпер незразумела, як рабіць курсы, калі большасьць беларускамоўнай тусоўкі хоча іх байкатаваць. Лёс курсаў «Мова ці кава» пад вялікім пытаньнем. Прынамсі, лёс курсаў, створаных паводле канцэпцыі ўсеагульнасьці беларускай мовы, як яны задумваліся. Рабіць курсы без ідэі ці з ідэяй, што беларуская мова — гэта толькі для сваіх аднадумцаў, я не хачу. І нават не хачу мець нічога супольнага з такімі курсамі.
Адзін з вядоўцаў курсаў «Мова ці кава» Францішак Вячорка зазначыў, што існаваньне курсаў пастаўленае пад пагрозу:
Іншая вядоўца курсаў «Мова ці кава» Валярына Кустава фактычна разьвіталася з курсамі: