Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пераходзіць на маскоўскі час


Савет міністраў Беларусі вырашыў не вяртацца на паясны ці так званы зімовы час. Ва ўмовах, калі Расея вырашыла перавесьці стрэлкі на гадзіну назад, фактычна Беларусь зноў, як у часы СССР, вяртаецца ў маскоўскі час.

Між тым многія заклікалі ўрад Беларусі вярнуцца да паяснога часу.

Навукоўцы-кліматолягі, гідрамэтэаролягі сьцьвярджаюць, што прыроду не падманеш, у яе ёсьць свае законы. Павал Каўрыга, дацэнт катэдры землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі геаграфічнага факультэту Белдзяржунівэрсітэту, раней выказаў Свабодзе такое меркаваньне:

«Калі зыходзіць з карысьці і практычных меркаваньняў, то, вядома, ня трэба было наагул прытрымлівацца летняга часу, і цяпер неабходна, незалежна ні нават ад катаклізмаў, ні ад суседак, нават ад Расеі, вярнуцца да нармальнага зімовага часу. Хоць гэтае паняцьце ня вельмі дакладнае — зімовы час. Гэта астранамічны час, абумоўлены, як кажуць, усім Сусьветам зададзены час. І да яго трэба вярнуцца. Будзем падпарадкоўвацца нябёсам, якія пасылаюць нам інфармацыю, і мы толькі павінны яе з карысьцю для сябе выкарыстоўваць».

Рашэньне аб зьмене часу ў Беларусі прыняў урад. Ён кіруецца рэкамэндацыямі міжгаліновай камісія, у склад якой уваходзяць навукоўцы, прадстаўнікі Мінэнэрга, Мінтрансу, Міністэрства аховы здароўя.

Тры гады Беларусь жыла без аніякіх пераходаў. Але як толькі сёлета Расея пастанавіла перайсьці 26 кастрычніка на зімовы час, у Беларусі таксама пачаўся рух, пацьвердзіла прадстаўніца прэс-службы Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі. Яшчэ ў ліпені, калі прэзыдэнт Расеі падпісаў закон аб пераводзе часу, у тым жа Дзяржстандарце Беларусі казалі, што пераходзіць на зімовы час краіна ня будзе. Зараз чыноўнікі не настолькі катэгарычныя:

На думку навукоўцаў, стрэлкі гадзіньніка ў Беларусі трэба перавесьці адзін раз — увосень на гадзіну назад, і больш да гэтага пытаньня не вяртацца. Але гэта зусім не павінна залежаць ад памкненьняў суседняй краіны, тым больш ня варта зноў склікаць дзеля гэтага міжведамасную камісію, кажа дацэнт катэдры землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі БДУ Павал Каўрыга:

«Якая камісія? Акадэмія навук ёсьць, цэлы аддзел эталёну часу ёсьць. Мы заўсёды ў хвасьце пляцемся за Расеяй. І ўсе ранейшыя пераводы часу таксама былі зьвязаныя з „усьлед за Расеяй“. У нас ужо выпрацавалася вось такая нерашучасьць. Да таго ж гэта позіркі на іншых наносяць вялікія эканамічныя страты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG