Канчатковага вэрдыкту камісія з навукоўцаў і чыноўнікаў пакуль ня вынесла, паведамілі Радыё Свабода ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Які ў Беларусі сапраўдны астранамічны час і ці варта падпарадкоўвацца суседняй краіне?
Навукоўцы-кліматолягі, гідрамэтэаролягі сьцьвярджаюць, што прыроду не падманеш, у яе ёсьць свае законы. Павал Каўрыга, дацэнт катэдры землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі геаграфічнага факультэту Белдзяржунівэрсітэту, выказаў такое меркаваньне:
«Калі зыходзіць з карысьці і практычных меркаваньняў, то, вядома, ня трэба было наагул прытрымлівацца летняга часу, і цяпер неабходна, незалежна ні нават ад катаклізмаў, ні ад суседак, нават ад Расеі, вярнуцца да нармальнага зімовага часу. Хоць гэтае паняцьце ня вельмі дакладнае — зімовы час. Гэта астранамічны час, абумоўлены, як кажуць, усім Сусьветам зададзены час. І да яго трэба вярнуцца. Будзем падпарадкоўвацца нябёсам, якія пасылаюць нам інфармацыю, і мы толькі павінны яе з карысьцю для сябе выкарыстоўваць».
Рашэньне аб зьмене часу ў Беларусі прымае ўрад. Ёсьць міжгаліновая камісія часу, частоты і вызначэньня парамэтраў абарачэньня Зямлі, у склад якой уваходзяць навукоўцы, прадстаўнікі Мінэнэрга, Мінтрансу, Міністэрства аховы здароўя.
Тры гады Беларусь жыла без аніякіх пераходаў. Але як толькі сёлета Расея пастанавіла перайсьці 26 кастрычніка на зімовы час, у Беларусі таксама пачаўся рух, пацьвердзіла прадстаўніца прэс-службы Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі. Хоць сёлета ў ліпені, калі прэзыдэнт Расеі падпісаў закон аб пераводзе часу, у тым жа Дзяржстандарце Беларусі казалі, што пераходзіць на зімовы час краіна ня будзе. Зараз чыноўнікі не настолькі катэгарычныя:
«Усё, што ад нас залежала, мы зрабілі: і камісія склікалася, і выслухоўвалі меркаваньні Міністэрства транспарту, Міністэрства аховы здароўя, будуць улічаны і эканамічныя рэчы».
Карэспандэнтка: «Скажыце, калі ласка, больш меркаваньняў было за ці супраць?»
«Я вам не магу сказаць. Таму што як ні скажы, вынік усё адно будзе той, які зацьвердзяць. Прэса так цікавіцца гэтым пытаньнем загадзя! А патрэбны факт, які адбыўся. Скажуць — усё зробім і паведамім, адпаведна, СМІ. Дый не такое гэта важнае пытаньне. Перавядуць дык перавядуць, не дык не. Яно, у прынцыпе, мала на што ўплывае».
На думку навукоўцаў, стрэлкі гадзіньніка ў Беларусі трэба перавесьці адзін раз — увосень на гадзіну назад, і больш да гэтага пытаньня не вяртацца. Але гэта зусім не павінна залежаць ад памкненьняў суседняй краіны, тым больш ня варта зноў склікаць дзеля гэтага міжведамасную камісію, кажа дацэнт катэдры землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі БДУ Павал Каўрыга:
«Якая камісія? Акадэмія навук ёсьць, цэлы аддзел эталёну часу ёсьць. Мы заўсёды ў хвасьце пляцемся за Расеяй. І ўсе ранейшыя пераводы часу таксама былі зьвязаныя з „усьлед за Расеяй“. У нас ужо выпрацавалася вось такая нерашучасьць. Да таго ж гэта позіркі на іншых наносяць вялікія эканамічныя страты».