Пра гэта Свабодзе апавёў удзельнік размовы, кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:
«Мне падаўся вельмі важным той кантэкст, што Беларусь — гэта ня толькі самастойная краіна, але і частка вялікіх глябальных праблемаў.
Таму было шмат гаворкі пра падзеі ва Ўкраіне, пра ролю ў іх Расеі, пра тое, як яны могуць паўплываць на Беларусь, якія высновы трэба зрабіць з усяго гэтага беларусам. Адзначалася, што беларускі ўрад актывізаваў сваю зьнешнюю палітыку.
Аднак, на жаль, мы ня бачым сур’ёзных зьменаў унутры Беларусі, казалі ўдзельнікі сустрэчы, у тым ліку і я. Вядома, ёсьць і станоўчыя моманты, як вызваленьне Алеся Бяляцкага. Але сыстэма, па вялікім рахунку, застаецца гэткай самай, якой яна і была. Кожная праява актыўнасьці апазыцыйнымі сіламі знаходзіць, скажам так, сваю рэпрэсію.
І яшчэ я зьвярнуў увагу на словы літоўскага міністра пра тое, што ўсе апошнія глябальныя падзеі, тым ня менш, не прывядуць да адыходу Эўразьвязу ад прынцыповых пазыцыяў. Па-ранейшаму ў Брусэлі лічаць важным дамагацца дэмакратычных зьменаў, забесьпячэньня правоў чалавека, вызваленьня палітзьняволеных. Але для гэтага патрэбны дыялёг і паступовае разьвіцьцё».