Ён меў рэдкае полацкае прозьвішча. Рэдкае і вельмі гаваркое. У ім чуліся і бура з буранам, і зацяты магутны бур, што дасьледуе цьвёрдыя пароды, і паэтычныя буравей з бурапеннасьцю.
Характар Бураўкіна быў адпаведны прозьвішчу, і гэта выяўлялася ўва ўсіх ягоных іпастасях — паэта, палітыка, дыплямата, мужа...
Полацкая душа схільная да веры ў дзівосы. Аднак ён ня толькі верыў у дзівы, але і сам ствараў іх — і словам залатой пробы, і ўчынкамі, што застануцца ў найноўшай нацыянальнай гісторыі.
Для мяне, сяміклясьніка той самай 1-й полацкай школы, якую скончыў і Бураўкін, сапраўдным дзівам стаўся ягоны верш «Юнацтва сінія арэлі» з прысьвячэньнем Юлі:
Гэта быў верш пра тыя самыя арэлі за школай, якія і я нікому б ня даў зламаць і якія дагэтуль прыцішана гучаць у маёй памяці.
А хіба ня дзіва — стварэньне Бураўкіным сапраўды нацыянальнага, не паводле назвы, а паводле духу, тэлебачаньня? Якім шчасьцем было для нас, маладых заўзятараў, глядзець беларускамоўныя рэпартажы з гульняў менскага «Дынама», якое тады перажывала сваю залатую пару!
Я згадаў пра гэта падчас нашай астатняй сустрэчы з ужо безнадзейна хворым спадаром Генадзем, а ён у адказ распавёў, як атрымаў тады ліст ад заўзятара ўжо вельмі немаладога, былога заходнебеларускага падпольніка, які напісаў старшыні Дзяржтэлерадыё БССР літаральна наступнае: «Сёньня я паглядзеў беларускі футбольны рэпартаж. Цяпер магу спакойна памерці».
Праяваю Божай волі бачыцца тое, што якраз Бураўкін быў прадстаўніком Беларусі ў ААН у той гістарычны час, калі наша краіна вярнулася на палітычную мапу сьвету. Ён, дарэчы, згадваў, як, прыехаўшы ў Нью-Ёрк, высьветліў, што беларуская місія ня мае нават друкавальнай машынкі зь беларускім шрыфтам...
Веру ў дзівосы і здольнасьць дзяліцца ёю ён захоўваў усё жыцьцё.
Колькі гадоў таму мы выступалі разам перад полацкімі школьнікамі. Пры канцы спадар Генадзь сказаў, што па полацкай зямлі трэба як мага часьцей хадзіць басанож — каб падзараджацца ейнай жыцьцядайнай, стваральнай энэргіяй. «І зьявяцца сярод вас тады і новы Скарына, і новая Эўфрасіньня», — паабяцаў Бураўкін. Выходзячы са школы, мы ўбачылі на ганку гурму хлопцаў і дзяўчатак, якія відавочна чакалі пісьменьнікаў. Усе ўжо былі басаногія і, шматзначна зірнуўшы на нас, рушылі ў бок блізкай Дзьвіны. На шчасьце, у Прыдзьвіньні валадарыла бабіна лета.
Магчыма, гэта занадта лірычнае сьведчаньне таго, што Генадзь Бураўкін быў і застаецца ў шэрагу тых, хто вызначаў каардынаты нашага нацыянальнага быцьця...
У маіх нататніках захаваліся словы аднаго зь літаратурных мэтраў пра тое, што, маўляў, такім, як Бураўкін, «сяброў не паложана па штату». Разьвітаньне са спадаром Генадзем засьведчыла, што мэтар ані ня меў рацыі.
Бураўкіна пахавалі разам з кнігаю, чаканьне якой апошнія дні і трымала яго на гэтым сьвеце.
Кніга называецца «Нагаварыцца з зоркамі».
Цяпер ён нагаворыцца з зоркамі.
А ягоную «Калыханку» будуць сьпяваць яму анёлы.

Яны прыглушана рыпелі
Сярод старых кашлатых ліп.
Мы тыя сінія арэлі
Зламаць нікому не далі б...