У Кіеў на трохдзённую рэабілітацыю бацькоў загінулага героя Майдану запрасілі тамтэйшыя дабрачынныя фонды й кіраўніцтва «Правага сэктару».
Ніна Жызьнеўская апавядае:
«Падыходзіць наш цягнік на пэрон у Кіеве. Я выходжу, каб спусьціцца па прыступках, і бачу сотні людзей. Сотні! З кветкамі! Адразу пачуліся воклічы: «Наша мама прыехала», «Прыехаў тата героя». Многія сталі перада мною на калені. Я не магла паверыць сваім вачам. Яны цалавалі мне ногі, цалавалі рукі: «Мама, даруйце, што не зьбераглі вашага сына!» Я кажу: «Людзі добрыя, устаньце. Я не заслужыла гэтага. Я простая беларуска, працаўніца».
Жызьнеўскіх сустракалі багата кіяўлян, якія пасьля гібелі іхняга сына Міхаіла 22 студзеня тэлефанавалі ў Гомель, выказвалі бацькам словы спачуваньня — і захапленьня мужнасьцю ўсіх прадстаўнікоў «Нябеснай сотні», загіблых за свабоду і незалежнасьць Украіны. Гэта былі Зоя Нячай, Валя Дабрата, Марычка Падалка з тэлеканалу «1+1», на чыё імя ішлі пісьмы для Ніны Жызьнеўскай як маці героя Майдану. Сустракалі бацькоў таксама сябры сына, сьвятары, кіраўнік «Правага сэктару», кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Яраш. За кожнай сям’ёй родных і сваякоў загіблых замацавалі псіхоляга. Усіх разьмясьці ў гатэлі, арганізавалі сталаваньне.
Ніна Васільеўна кажа, што асабліва цяжка ёй было на вуліцы Грушэўскага, дзе куля беркутаўца абарвала жыцьцё сына:
«Калі мы дайшлі да вуліцы Грушэўскага і я пабачыла месца, дзе загінуў Міша, я думала, што мне будзе канец, у мяне разарвецца сэрца. Там прыбрана ўсё, кветкі стаяць, зьнічы гараць. За намі па Майдану ішла карэта хуткай дапамогі, дзяжурылі кардыёлягі. І калі мне стала кепска, мяне сталі ратаваць на месцы. Было шмат Мішавых сяброў. Яны робяць Мішу помнік. Хочуць высекчы з каменя яго ў поўны рост і прывезьці сюды. Вось толькі ці атрымаецца? Украінская мытня прапусьціць, а як наша — ня ведаю».
Марычка Падалка з тэлебачаньня перадала сям’і Жызьнеўскіх шматлікія лісты ўкраінцаў, якія адгукнуліся на гібель сына Міхаіла. Ніна Васільеўна чытае адзін такі ліст, дасланы на яе імя жыхаркай Кіева:
«Я ня ведала Міхаіла асабіста, як ня ведала нікога з загінулых герояў. Я была на Майдане ўсяго некалькі разоў за гэтыя месяцы, але ня ўдзельнічала ў ніякіх сутыкненьнях, будучы заўсёды супраць любога гвалту. І за гэты свой пацыфізм мне будзе сорамна да канца сваіх дзён. Магчыма, калі б нас былі сотні тысяч побач зь імі і ўдзень, і ўначы, то не было б гэтых усіх загінулых. Прашу дараваньня мне за гэта і ў Вас, і ў Міхаіла, і ва ўсіх астатніх загінулых нашых хлапцоў. Даруйце нашу баязьлівасьць і наяўнасьць іншых спраў у той самы час, калі гінулі лепшыя з нас. Дзякуй Вам за сына і даруйце, што не зьбераглі».
У Кіеве Жызьнеўскія даведаліся пра дапамогу, якую сабраў дабрачынны фонд былога мэра Леаніда Чарнавецкага:
«Мне фонд Чарнавецкага пералічыў грошы, ужо першыя паступілі — 100 тысяч грыўняў. Чакаем дапамогу яшчэ ад фонду Ахметава. Ну, а далей я ня ведаю. Марычка з тэлебачаньня будзе шукаць прыватных бізнэсоўцаў, каб назьбіраць нам грошы на кватэру».
Маці Міхаіла паведаміла, што ня надта прыгожа павялі сябе асобныя сынавы знаёмыя зь Белай Царквы, невядома куды падзеўшы частку сабранай украінцамі фінансавай дапамогі. Яшчэ больш крыўдна маці, што ейная гомельская падчарка з сынам разьмясьцілі ў інтэрнэце інфармацыю, што нібыта празь іх трэба дасылаць дапамогу для сям’і загінулага Міхаіла. Гэта — няпраўда, кажа Ніна Жызьнеўская.
Хоць і цяжкая была паездка Ніны Жызьнеўскай у Кіеў пасьля інфаркту і апэрацыі на сэрцы, але яна не шкадуе:
«Я вельмі рада, што туды зьезьдзіла. Я ўбачыла, як украінцы ставяцца да мяне. Зусім ня так, як у Беларусі — „пачвара“, „свалата“, „цябе трэба забіць, на кускі разарваць, што ты такога сына нарадзіла“. Я зьезьдзіла, і мяне стаў крыху боль адпускаць».
Бацька нябожчыка Міхаіл Пятровіч дадае, што падчас паездкі іх запрасілі ў Генэральную пракуратуру Ўкраіны:
«Мы былі ў Генэральнай пракуратуры — нам надалі статус пацярпелых».
Пракуратура дасьледуе крымінальную справу па факце гібелі Міхаіла і іншых абаронцаў Майдану. Да справы падключаны адвакат, які адстойвае інтарэсы пацярпелых бацькоў, бо колішнія кіраўнікі кіеўскай міліцыі разам з экспэртамі сказілі абставіны гібелі Міхаіла. І ня толькі яго.
Бацькі героя «Нябеснай сотні» перажываюць за сытуацыю ва Ўкраіне і спадзяюцца, што з выбарамі новага прэзыдэнта жыцьцё ў суседзяў наладзіцца, а іх дзяржава будзе вольнай і незалежнай.