Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына хоча самакіраваньня для вугорцаў украінскага Закарпацьця


Віктар Орбан
Віктар Орбан

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у першым жа выступе свайго трэцяга тэрміну на пасадзе заявіў аб неабходнасьці аўтаноміяў і падвойнага грамадзянства для вугорцаў, якія жывуць у суседніх краінах, у прыватнасьці, ва Ўкраіне.

Выступаючы з прамовай у парлямэнце пасьля прынясеньня прысягі кіраўніка ўраду, Орбан заявіў: «Мы разглядаем вугорскае пытаньне як эўрапейскае. Вугорцы, якія жывуць ў Карпацкім рэгіёне, маюць права на падвойнае грамадзянства, на правы нацыянальнай супольнасьці і на аўтаномію».

Пры гэтым ён асаблівую ўвагу надаў Украіне, дзе вугорская меншасьць жыве ў Закарпацкай вобласьці. «Палажэньне 200000 вугорцаў па нацыянальнасьці, якія жывуць ва Ўкраіне, надае гэтаму пытаньню асаблівую вастрыню. Вугорская абшчына там павінна атрымаць падвойнае грамадзянства, усе правы нацыянальнай супольнасьці, а таксама яна павінна атрымаць магчымасьць самакіраваньня. Гэта нашы выразныя чаканьні ад новай Украіны, якая зараз паўстае», — заявіў Орбан .

Пры гэтым вугорскі прэм’ер таксама заявіў, што Вугоршчына падтрымлівае ўладу Ўкраіны ў яе разьвіцьці дэмакратычнай дзяржавы.

Ва Ўкраіне жыве, паводле розных дадзеных, ад 160 да 200 тысяч вугорцаў па нацыянальнасьці, у асноўным у Закарпацьці. Адначасова ў іншых краінах значна большыя вугорскія сэгмэнты — у Сэрбіі вугорцаў ад 250 да 290 тысяч, у Славаччыне каля 500 тысяч, а ў Румыніі амаль паўтара мільёна.

Вугоршчына, якая да канца Першай сусьветнай вайны ахоплівала значныя тэрыторыі, што цяпер належаць суседнім дзяржавам, афіцыйна ня ставіць пытаньне аб «вяртаньні» гэтых тэрыторый, але ў апошнія гады ўсё больш актыўна дамагаецца пашырэньня правоў вугорскіх меншасьцяў у гэтых дзяржавах, што нярэдка выклікае там непакой.

У апошнія тыдні, з рэзкім ростам збройнага прарасейскага сэпаратысцкага руху на ўсходзе Ўкраіны, Расея патрабуе ад Ўкраіны асаблівых правоў для рускіх па нацыянальнасьці, а таксама для расейскамоўных украінцаў, аж да патрабаваньня ўвядзеньня расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай або зьмены ладу Ўкраіны на фэдэратыўны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG