Дасьледаваўшы 42 700 работнікаў амэрыканскіх офісаў, навукоўцы прыйшлі да высновы, што больш за ўсё нам замінаюць ня рэчы іншых людзей, не недахоп асабістай прасторы і нават не ўзровень шуму, а «дэфіцыт гукавай прыватнасьці» — неабходнасьць слухаць размовы іншых людзей і ўсьведамленьне таго, што іншыя людзі таксама могуць чуць твае размовы.
Хто адчуваў няёмкасьць ад спробы зрабіць далікатны званок, ведаючы, што кожнае слова пачуюць чацьвёра ці пяцёра калегаў, не зьдзівіцца вынікам дасьледаваньня: амаль 60% тых, хто працуе ў зусім адкрытых офісах, казалі, што іх турбуе дэфіцыт гукавай прыватнасьці і што гэта раздражняе іх больш за ўсё.
Многія дасьледаваньні сьведчылі, што офісы з адкрытай пляніроўкай прыводзяць да меншай настойлівасьці ў вырашэньні складаных задач, да ніжэйшай матывацыі, да больш высокага ўзроўню стрэсу і крывянога ціску і ня толькі. Але публікацыя ў сьнежаньскім выпуску выданьні Journal of Environmental Psychology наагул абвяргае ідэю аб тым, што карысьць ад спрошчаных зносін паміж супрацоўнікамі — хуткага абмену інфармацыяй, ўзьнікненьня сьвежых ідэй у выніку выпадковых гутарак — пераважвае гэта раздражненьне. Тыя, хто працуе ў кабінэтах, заявілі аб большай лёгкасьці зносін, чым работнікі адкрытых офісаў. Верагодна, гэта таму, што складана падтрымліваць плённую размову з адным чалавекам, калі галава твая занятая думкай аб тым, хто яшчэ можа яе падслухаць.
«Нашы вынікі, — заключаюць дасьледчыкі, — катэгарычна супярэчаць шырока распаўсюджанай ідэі, што адкрытая пляніроўка палягчае кантакты паміж калегамі і павялічвае агульнае працоўнае задавальненьне супрацоўнікаў». Нават калі ўлічыць, што ў такіх офісах некаторым сапраўды лягчэй камунікаваць адзін з адным, чым калі б яны знаходзіліся ў розных пакоях, «гэта не пакрывае нэгатыўны эфэкт ад шуму і адсутнасьці прыватнасьці».
Сара Грын з Harvard Business Review падсумоўвае: «Увогуле, Вірджынія Вульф мела рацыю — кожнаму проста патрэбны свой пакой».
Зразумела, гэта дасьледаваньне не акцэнтуе другую важную перавагу агульнага офісу: гэта танны спосаб разьмясьціць больш людзей у меншай прасторы. Ці могуць дасьледаваньні такога тыпу, нарэшце, пераканаць кіраўнікоў у тым, што стратэгія таго ня вартая — нават калі разважаць, зыходзячы з неабходнасьці атрыманьня ад работнікаў як мага большай карысьці?