Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія літаратары адкрылі сваю «Браму»


Літаратурны альманах “Брама”
Літаратурны альманах “Брама”

У Магілёве прэзэнтавалі літаратурны альманах «Брама». Усе творы ў ім на беларускай мове. Апошні раз падобнае выданьне выходзіла на Магілёўшчыне два дзясяткі гадоў таму. Цалкам на беларускай мове — выдадзена ўпершыню.

Альманах плянуецца выдаваць раз на год. У першым нумары апублікаваныя творы 27 мясцовых аўтараў розных пакаленьняў. У выданьні — проза, вершы, п’есы, пераклады.

Прэзэнтавалі альманах у грамадзкім цэнтры «Кола». На імпрэзу сабралася больш за два дзясяткі аматараў беларускамоўнай літаратуры. Наведаліся на яе і госьці зь Менску — старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, першы ягоны намесьнік Алесь Пашкевіч ды бард Алесь Камоцкі. На вечарыне былі некаторыя з аўтараў прадстаўленых у альманаху твораў.

Барыс Пятровіч у інтэрвію «Свабодзе» зазначыў, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў падахвочвае свае абласныя структуры, каб яны выдавалі ўласныя альманахі. Магілёўскі ўжо трэці. Да яго, паведаміў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, пабачылі сьвет абласныя альманахі ў Берасьці і Горадні.

«Падобныя выданьні выходзілі раней, але не пэрыядычна — час ад часу. Мы спрабуем адрадзіць традыцыю выданьня альманахаў. На Магілёўшчыне таксама быў альманах, але я не памятую, каб за апошнія дваццаць гадоў ён выходзіў. У нашых альманах будзе адбівацца літаратурнае жыцьцё ўсяго рэгіёну. У іх будзе зьбірацца ўсё лепшае, што створана мясцовымі літаратарамі, якія працуюць у розных жанрах. Акрамя прозы, вершаў будуць друкавацца крытыка, літаратуразнаўства, пераклады. Цяпер літаратурнае жыцьцё пераносіцца ў інтэрнэт. Многія літаратары сыходзяць "з паперы" ў віртуальную прастору, але кожнаму хочацца ўзяць выданьне і пагартаць яго. Таму будзем праглядаць той жа інтэрнэт і зьбіраць зь яго лепшае ў альманахі. Спадзяемся яны будуць запатрабаванымі чытачамі», зазначае Барыс Пятровіч.

Магілёўскае аддзяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў стварылі год таму. Ягоны старшыня Мікола Яцкоў запэўнівае, што кола аўтараў ў альманаху з кожным нумарам будзе пашырацца. Спадзяецца ён, што ў ім зьявяцца творы аўтараў з прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Паводле спадар Яцкова адметнасьць магілёўскага альманаху ад берасьцейскага і гарадзенскага ў тым, што ён цалкам беларускамоўны.

«Гэта наша прынцыповая пазыцыя, бо мы ў Беларусі жывём. Калі мы знойдзем добры твор на расейскай мове, то будзем яго перакладаць на беларускую, бо беларуская мова глыбей, цікавей і прыгажэй. Мы хочам праз "Браму" паказаць прыгажосьць нашай мовы. У нас няма абмежаваньняў. Усё, што вартае ўвагі будзе друкаваць. У адборы твораў будзе прысутнічаць безумоўна беларускі суб’ектывізм», тлумачыць Мікола Яцкоў.

Адзін з аўтараў альманаху Міхась Булавацкі выступаючы на прэзэнтацыі выказаў дакор на адрас рэдкалегіі, што яна не прапусьціла ў нумар ягоны твор «Расея як міфатворца». У ім спадар Булавацкі разважае на тэму, што такое Расея і як яна ставіцца да нацыянальных мяншыняў і сваіх суседзяў. На думку літаратара рэдкалегія ў падборы твораў задужа абачлівая. Ён не пагаджаецца з тым, што ягоны тэкст правакацыйны. У пасьляслоўі да сваіх развагаў аўтар зазначае, што «расейская агрэсіўнасьць у дачыненьні да суседніх народаў застаецца і сёньня характэрнай адметнасьцю расейскай палітыкі».

Ёсьць у альманаху і рэфлексіі на беларускія падзеі нядаўняга часу. Выкладчык магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Віталь Еўмянькоў напісаў п’есу «Бязбацькавічы». Гаворачы пра яе на прэзэнтацыі ён згадаў маўклівыя акцыі пратэсту, за якімі ён назіраў ў Магілёве. Як зазначыў літаратар яму было страшна за краіну, калі ён бачыў дзьве групы людзей, настроеных варожа адна да адной, і падзеленых вуліцай.

«Гэта мой роздум над тым, што адбылося. У п’есе гутарка пра сучасных тутэйшых. Мне падаецца, што нашы суграмадзяне шмат кажуць пра Беларусь, як яны яе любяць, — аднак ня дужа відно гэтай любасьці да краіны. Нічога не зьмяняецца цягам стагодзьдзяў. Ёсьць эліта, на якой трымаецца дзяржаўнасьць, культура ды й беларуская цывілізацыя. А большасьць проста спадарожнікі, для якіх важная і чарга і шкварка і тая ж "іншамарка", пра якую многія мараць. Я паспрабаваў падумаць чаму так адбывацца і ці ёсьць сярод сучасных беларусаў героі», кажа пра свой твор Віталь Еўмянькоў.

Папярэднікамі «Брамы» ў розныя часы былі магілёўскія альманахі «Дзядулька», «Дняпро», «Галасы Прыдняпрояў» ды «Дняпроўскія хвалі». Усе яны цяпер рарытэты. Альманах «Брама» выдадзены накладам 200 асобнікаў.

На прэзэнтацыі
На прэзэнтацыі


Выступае Барыс Пятровіч
Выступае Барыс Пятровіч

Літаратурныя альманахі цяперашнія і мінулыя
Літаратурныя альманахі цяперашнія і мінулыя

Мікола Яцкоў
Мікола Яцкоў


Віталь Еўмянькоў
Віталь Еўмянькоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG