Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Росатом» ня хоча прастою на будоўлі Беларускай АЭС


Расейская дзяржкарпарацыя «Росатом» 5 лістапада залье першы бэтон Беларускай АЭС. Гэта будзе сымбалізаваць пачатак будоўлі.

«Учора выйшаў указ прэзыдэнта Беларусі. І ад сёньняшняга дня мы плянуем пачаць заліўку першага бэтону. З пункту гледжаньня будоўлі станцыі гэта важны этап. Ён сымбалізуе пачатак актыўнай фазы будоўлі. Бо да яго звычайна ідзе папярэдні этап, які непасрэдна не зьвязаны з АЭС, калі праводзіцца дасьледаваньне пляцоўкі, разьвіцьцё інфраструктуры, камунікацыяў, дарог і гэтак далей. А цяпер пачынаем рабіць фундамэнт пад саму станцыю. Гэта робіцца, калі атрыманыя ўсе дазвольныя дакумэнты. Учора, па сутнасьці, указ і стаў такім дакумэнтам», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік расейскага ЗАТ «Атомстройэкспорт» Віктар Кармацкі.

Карэспандэнт: «А чым выклікана такая сьпешка: усяго некалькі дзён таму толькі падпісаны ўказ, а сёньня ўжо пачатак будоўлі станцыі?»

Кармацкі: «Справа ў тым, што гэтага рашэньня мы чакалі даволі даўно. Бо месяц таму мы ўжо фармальна былі гатовыя да гэтага этапу. Гэта ня сьпешка. Проста адпачатку, калі мы пачыналі праект, у нас быў графік зь беларускім бокам, калі першы блёк павінен быць. Тое, што мы фактычна месяц чакалі неабходных рашэньняў, было прадыктавана тым, што беларускі бок рабіў максымум, каб давесьці сваім суседзям, што праект адпавядае ўсім неабходным міжнародным дамоўленасьцям. А любы прастой у любым праекце — рэч ня вельмі прыемная».

2 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узьвядзеньні Беларускай атамнай электрастанцыі». Гэты ўказ дазваляе генпадрадчыку — ЗАТ «Атомстройэкспорт» — пачаць будоўлю Беларускай АЭС«, — паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

У дакумэнце расьпісаны парадак фінансаваньня, адводу зямель і нарыхтоўкі драўніны. ГУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» вызваляюць ад пакрыцьця стратаў, панесеных сельскай і лясной гаспадаркай, землі якіх адбіраюцца або часова займаюцца для будоўлі АЭС. Замежнікі, якія будуць будаваць станцыю, атрымаюць бясплатны дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

У раёне разьмяшчэньня станцыі, на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці, ужо створана інфраструктура, неабходная для будаўніцтва АЭС, распрацавана праектная дакумэнтацыя, якая зацьверджана пастановай Савету міністраў.

Беларусь і Расея ў кастрычніку 2011 году падпісалі кантрактнае пагадненьне аб будоўлі АЭС. Беларусі выдзяляецца расейскі дзяржаўны экспартны крэдыт да 10 млрд даляраў. Першы блёк АЭС плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю летам 2018 году, другі — у 2020 годзе.

Беларуская АЭС будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю да 2,4 тысячы МВт. Для яе абраны праект «АЭС-2006».

Літва заклікала Беларусь не будаваць АЭС, не завяршыўшы ацэнку яе ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

30 кастрычніка МЗС Літвы выступіў з заявай з нагоды пачатку будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы, у якой адзначаецца, што «працэс ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў рамках Канвэнцыі Эспа яшчэ не завершаны, таму будаўнічыя працы на тэрыторыі АЭС і рашэньне аб усталяваньні ядзернага абсталяваньня зьяўляюцца відавочным невыкананьнем палажэньняў канвэнцыі».

Літоўскае МЗС нагадвае, што 5 красавіка Камітэт па ажыцьцяўленьні Канвэнцыі Эспа апублікаваў заключэньне, у якім канстатуецца, што Беларусь парушыла канвэнцыю:

«Беларусь заклікаецца прадставіць падрабязныя адказы на ўсе пытаньні, узьнятыя літоўскім бокам, а таксама прыняць пад увагу заўвагі літоўскіх экспэртаў і грамадзкасьці і прытрымлівацца патрабаваньняў Канвэнцыі Эспа», — адзначае МЗС Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG