Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылі будынак новага суду, дзе можна будзе «анлайн весьці судовыя працэсы і разглядаць пытаньні без яўкі бакоў»


Будынак Апэляцыйнага эканамічнага суду ў Менску.
Будынак Апэляцыйнага эканамічнага суду ў Менску.

Пачатак працы Апэляцыйнага эканамічнага суду «зробіць правасудзьдзе больш апэратыўным і сучасным», заявіў 3 сьнежня на адкрыцьці яго будынка ў Менску старшыня Вярхоўнага суда (ВС) Валянцін Сукала.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба ВС, новы судовы орган дазволіць выконваць прынцып «адзін суд — адна інстанцыя». Абласныя эканамічныя суды і эканамічны суд горада Менска будуць выступаць у якасьці судоў першай інстанцыі, а Апэляцыйны эканамічны суд — у якасьці другой, апэляцыйнай, інстанцыі, растлумачыў Сукала.

«Уступаючы ў сілу з 1 студзеня 2026 года Кодэкс грамадзянскага судаводзтва аб’ядноўвае судовыя працэдуры эканамічнага і агульнага правасудзьдзя. Для гэтага быў неабходны новы суд, — сказаў кіраўнік ВС. — Да гэтага часу эканамічныя абласныя суды былі як бы судамі адразу дзьвюх інстанцый: суд першы інстанцыі разглядаў эканамічныя справы, і ён жа разглядаў».

Паводле яго слоў, у новым судзе «створаны ўсе магчымасьці для таго, каб у рэжыме анлайн весьці судовыя працэсы і разглядаць пытаньні без яўкі бакоў».

Апэляцыйны эканамічны суд закліканы павысіць якасьць судаводзтва, заявіла намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Вольга Чупрыс. Паводле яе слоў, з пачаткам працы суда «ствараецца паўнавартасная трохзьвенная сыстэма судаводзтва».

У Апэляцыйным эканамічным судзе, як паведамляецца, будуць працаваць 27 судзьдзяў.

Будынак адкрыты ў цэнтры Менска на вул. Мяснікова, 5.

Як паведамлялася раней, кіраваць працай гэтага органа прызначаны намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Юрый Кобец. Суд плянавалася сфарміраваць за кошт наяўнай колькасьці судзьдзяў і работнікаў апаратаў іншых судоў.

Поўны склад апэляцыйнай інстанцыі зараз невядомы.

  • Указ аб стварэньні гэтага суда Аляксандр Лукашэнка падпісаў у красавіку 2025 года. У паведамленьні яго прэс-службы гаварылася, што рашэньне прынятае ў мэтах «рэалізацыі палажэньняў Кодэкса грамадзянскага судаводзтва, якім прадугледжваецца стварэньне трохзьвенной сыстэмы эканамічных судоў».
  • «Такое структурнае пераўтварэньне адбудзецца за кошт разьдзяленьня дзейнасьці судоў першай і апэляцыйнай інстанцый, якія цяпер функцыянуюць у рамках аднаго суда. Гэта будзе зьяўляцца важным крокам у напрамку павышэньня эфэктыўнасьці адпраўленьня правасудзьдзя па эканамічных справах», — гаварылася ў паведамленьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG