Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма попыту — няма і дазімэтраў


Падчас катастрофы на Чарнобыльскай АЭС каля 70 адсоткаў радыенуклідаў, выкінутых у паветра, асела на тэрыторыі Беларусі — у Гомельскай, Магілёўскай, Берасьцейскай абласьцях. «Радыяцыйныя плямы» ёсьць і ў астатніх трох рэгіёнах краіны. І хоць пасьля чарнобыльскай катастрофы мінула 27 гадоў, беларусы так і не прызвычаіліся да дазімэтрычнага кантролю. Улады таксама не заахвочваюць людзей мець уласныя дазімэтры.

На пытаньне, дзе ў Хойніках можна набыць дазімэтры, спэцыялістка райвыканкаму па чарнобыльскіх пытаньнях зьдзіўляецца:

«У крамах у нас не прадаюцца дазімэтры. Мы нават іх і не набываем. Такой неабходнасьці, пэўна, і няма — ніхто нават і не зьвяртаўся па такіх пытаньнях. Ёсьць радыелягічныя лябараторыі ў лясгасе, санстанцыі, у насеннай інспэкцыі. Калі хто хоча, ён зьвяртаецца ў лябараторыю. Яму ніхто не адмаўляе — робяць кантрольныя аналізы».

Прыкладна так адказвае й намесьнік старшыні Нараўлянскага райвыканкаму, куратар чарнобыльскіх пытаньняў Аляксандар Шаргаеў:

«Такой патрэбы няма — такое пытаньне ў нас не падымалася. У продажы — я не зьвяртаў увагі — магчыма, яны і ёсьць, а можа, і няма. Нічога сьцьвярджаць не магу. Санстанцыя можа памераць радыяцыю без усякіх пытаньняў — у яе ёсьць акрэдытаваная лябараторыя. Прынесьлі й памералі».

Гомельскі фізык, кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў, які ў свой час, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, працаваў у камісіі па дасьледаваньні прычынаў чарнобыльскай катастрофы, кажа, што пры ўзроўнях забруджваньня тэрыторыі да 1 кюры на квадратны кілямэтар дазімэтар чалавеку сапраўды не патрэбны. Іншая справа — калі гама-фон вышэйшы:

«Калі вы жывяце ў рэгіёне, дзе шчыльнасьць забруджаньня радыенуклідамі высокая, то, вядома, дазімэтар патрэбны. Забруджваньне тэрыторыяў „плямістае“. Мне даводзілася ў свой час браць удзел у сканаваньні мясцовасьці — перамяшчаліся на спэцыяльнай машыне з прыборамі, якія фіксавалі рознага кшталту выпраменьваньне. І малюнак такі: адзін двор, агарод адносна чысты, а літаральна праз 15 мэтраў — „брудны“. Калі б я жыў у такой „зоне“, я абавязкова меў бы дазімэтар. Людзі ж ходзяць і ў лес, і на поле — і трэба мець уяўленьне, што ў цябе пад нагамі».
Людзі ж ходзяць і ў лес, і на поле — і трэба мець уяўленьне, што ў цябе пад нагамі

Суразмоўца дадае, што побытавым дазімэтрам, аднак, нельга памераць наяўнасьць радыенуклідаў у прадуктах харчаваньня ці ў так званых «дарах лесу» — грыбах і ягадах. Хіба толькі калі яны ад радыяцыі, што называецца, «сьвецяцца». У іншым разе сапраўды патрабуюцца акрэдытаваныя лябараторыі, якія паводле спэцыяльнай тэхналёгіі вызначаюць наяўнасьць радыенуклідаў.

Начальнік управы рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Дзьмітры Паўлаў заўважыў, што дазімэтраў у раёнах няма зусім не таму, што іх у Беларусі не выпускаюць:

«У Хойніках можна шмат чаго не знайсьці. Але гэта не азначае, што ў рэспубліцы дазімэтры не вырабляюцца й не прадаюцца. Тут прычынна-выніковая сувязь парушаная. Не таму іх няма ў Хойніках, што не прадаюць, а таму, што яны не запатрабаваныя. Была б патрэба, іх пастаўлялі б, бо рынкі цяпер настроеныя максымальна актыўна. Дзе ёсьць попыт, там ёсьць і прапанова. Думаю, што насельніцтва задавальняе інфармацыя, якую яны маюць ад мясцовых цэнтраў гігіены й эпідэміялёгіі. Ім яе дастаткова. Тым больш што ў межах дзяржаўнай праграмы вядзецца маніторынг забруджваньня вады, атмасфэрнага паветра й глебы. І гэтыя зьвесткі даступныя».
Знак «Радыяцыйнае забруджваньне» ў Веткаўскім раёне
Знак «Радыяцыйнае забруджваньне» ў Веткаўскім раёне

Кіраўнік чарнобыльскай управы кажа, што прыборы дазімэтрычнага кантролю ў Беларусі выпускае «Атамтэх» і прыватнае прадпрыемства «Завод СТВ». Апошняе мае краму ў сталічным мікрараёне «Ўручча». Можна замовіць індывідуальны дазімэтар нават праз інтэрнэт.

Што да забесьпячэньня насельніцтва прыборамі дазімэтрычнага кантролю вакол будучай Астравецкай атамнай станцыі, то чарнобыльскі дэпартамэнт не ўпаўнаважаны гэта камэнтаваць, бо не займаецца такім забесьпячэньнем.

Дарэчы, у Японіі пасьля аварыі на атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1» індывідуальныя дазімэтры надзвычай запатрабаваныя. Насельніцтва мала давярае афіцыйнай інфармацыі і пераправярае яе з дапамогай дазімэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG