Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачыняецца каля сотні школ, адчыняюцца толькі 3 новыя


У Беларусі сёлета ўпершыню сядуць за парту 99 тысяч першаклясьнікаў , а ўсяго ў краіне 915 тысяч школьнікаў.

Гэта амаль на чвэрць менш, чым 5 гадоў таму. За апошнюю пяцігодку ў краіне зачынілася 450 школ. Асноўная прычына — дэмаграфічная сытуацыя.

Cёлета таксама каля сотні сельскіх школ зачыніліся.

Сёньня ў краіне 594 школы (або больш як 17 % ад усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі) маюць напаўняльнасьць да 50 вучняў, 807 школ (23%) — ад 50 да 100.

А адкрыюцца толькі 3 новыя школы — у Менску (у мікрараёне Лошыца), Салігорску і Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці.

У мінулым навучальным годзе з 909 тысяч вучняў школ 150 тысяч дзяцей, ці кожны шосты, навучаліся па-беларуску. Абсалютная большасьць зь іх навучаецца ў маленькіх сельскіх школках.

Беларускія школы нарэшце з 1 верасня вернуцца да профільнага навучаньня . Яно будзе арганізавана па чатырох кірунках: філялагічны , фізыка-матэматычны, хіміка-біялагічны, грамадазнаўчы. Вывучаць прадметы на павышаным узроўні змогуць толькі навучэнцы выпускных клясаў .

Настаўнікам абяцаюць павысіць тарыфную стаўку на 25%. Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі , з 1 верасьня норма пэдагагічнай нагрузкі настаўнікаў за стаўку павялічваецца з 18 да 20 гадзін у тыдзень. Летась сярэдняя пэдагагічная нагрузка настаўніка была 22 гадзіны ў тыдзень.

Паводле інфармацыі Белстата, сярэдняя заработная плата настаўнікаў за травень склала 3.486.000 рублёў. З павышэньнем на 25 % атрымаецца 4,3 мільёна (прыкладна 400 даляраў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG