Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачыняюць школу — памірае вёска


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На Магілёўшчыне зачыняюць больш за 20 устаноў адукацыі. Гэта пераважна школы ў аддаленых вёсках зь невялікай колькасьцю вучняў і зь беларускай мовай навучаньня.

Яшчэ 12 адукацыйных устаноў рэарганізуюць. Заяўляецца, што ўтрымліваць малакамплектныя школы эканамічна немэтазгодна.

Настаўнікам школ, якія зачыняюцца, пры канцы мінулага навучальнага году прапаноўвалі працоўныя месцы ў іншых школах — часам за дзесяткі кілямэтраў ад месца жыхарства. Яны прызнаюцца, што пагаджаліся, бо падзецца ім няма куды.

«Якая ўжо там будзе тая праца… Калі я, да прыкладу, жыву ў вёсцы і мне трэба езьдзіць за 25 кілямэтраў, а білет каштуе ў адзін канец амаль 10 тысяч, а за дзень гэта атрымліваецца дваццаць. А пяць дзён на тыдзень? Колькі я там зараблю і колькі я наежджу? А тым больш сельская мясцовасьць — гэта гаспадарка і дзеці. Маршрутка ў сем гадзін раніцы. Нам жа праезд не аплачваюць», — наракае настаўніца з зачыненай школы ў Клімавіцкім раёне.

Закрыцьцё школ настаўнікі і вяскоўцы паўсюль успрымаюць аднолькава — нэгатыўна. Для вёсак школа — асяродак, вакол якога цепліцца мясцовае грамадзкае жыцьцё. Няма школы — вёска памірае хутчэй. Клімавіцкая настаўніца працягвае:

«У будынку школы ў нас знаходзяцца пошта, бібліятэка. Цяпер школы ня будзе — значыць, ня будзе ацяпленьня. Ці будзе ў ёй пошта і бібліятэка — пытаньне. Вёска не маладая. Пэнсіянэры. Калі ў школе былі нейкія сьвяты ці іншыя мерапрыемствы, гэтыя старыя прыходзілі да нас. А так куды яны выйдуць? Тыя, хто зможа зьехаць, — разьедуцца. І ўсё».

Дзяцей з зачыненых школ будуць вазіць у вёскі, дзе школы яшчэ засталіся.

«Ну вядома ж, на месцы школа лепей. У мяне вось двое дзяўчатак у школу ходзяць. Каму тут што скажаш? У іх даўно было заплянавана. Яны чакалі, пакуль год скончыцца. Там ужо разгрэблі ўсё, што можна. І нават комін школьны сьпілавалі ў качагарцы. Развальваюць усё. Шкада, там жа новы будынак. Вы б прыехалі да нас, сфатаграфавалі нашу школу. Прыгожа там. Новы будынак. Парк побач. Вялікі стадыён. Усё застанецца без гаспадара», — кажа жыхарка вёскі Судзілы Клімавіцкага раёну.

Пра праблему дастаўкі дзяцей з зачыненых школ кажа і настаўніца з Горацкага раёну:

«Вядома ж, незадаволенасьць ёсьць. Асабліва вучняў малодшых клясаў, першаклясьнікаў — вазіць жа ў няблізкія школы. Вось гэты падвоз — сумневы вялікія з аўтобусам. Як гэта будзе ўсё арганізавана? Хацелі мы, каб нам хоць малодшыя клясы пакінулі».

Карэспандэнт: «А што з будынкам школы?»

Настаўніца: «На аўкцыён выставілі на продаж. Аднак цішыня пакуль. Нешта ніхто ня хоча нашага будынка. Школа ў нас, праўда, не тыпавая. Малодшыя клясы — адзін будынак, а старэйшыя — другі. Сталоўка — трэці. Вада ў нас не праведзеная. Гэта вялікі мінус у нас».
Вось уявіце: дзевяць гатоў вучыць гісторыю на беларускай мове і тую ж матэматыку, там жа ўсе тэрміны былі на беларускай мове, а тут на табе — расейская мова

Карэспандэнт: «Ваша ж школа была, хутчэй за ўсё, беларускамоўнай. І дзяцей будуць вазіць у беларускамоўную?»

Настаўніца: «Не, там расейская мова»

Карэспандэнт: «Дык гэта ж праблема?»

Настаўніца: «Канечне. Дзецям жа трэба будзе перавучвацца».

Паводле настаўніцы, ніхто ў бацькоў не запытваўся, ці хочуць яны аддаваць дзяцей у школу з расейскай мовай навучаньня. Гэта пацьвярджаюць і самі бацькі.

«Ніхто ў нас пра тое не пытаўся. Вось мой сын пойдзе ў дзясятую клясу ў расейскамоўную школу. Вось уявіце: дзевяць гатоў вучыць гісторыю на беларускай мове і тую ж матэматыку, там жа ўсе тэрміны былі на беларускай мове, а тут на табе — расейская мова. Тут пакуль унікнеш — дарослы чалавек, а тут жа дзеці. Пра гэта ніхто ў нас ніколі не клапоціцца».

У афіцыйных камэнтарах пра мову навучаньня ў зачыненых вясковых школах ня кажуць. Сьцьвярджаецца, што замалая колькасьць вучняў у клясах нэгатыўна адбіваецца на якасьці навучаньня, бо зьмяншаецца здаровая канкурэнцыя між вучнямі. Ад закрыцьця школ, як паведамляецца, бюджэт зэканоміць 8 мільярдаў рублёў. Чыноўнікі цьвердзяць, што нязручнасьці ў дастаўцы дзяцей з зачыненых школаў зьведзеныя да мінімуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG