Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іркуцкія беларусы наведалі Гомельшчыну


Іркуцкія беларусы пра беларускую мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00

Іркуцкія беларусы пра беларускую мову

У філіяле Веткаўскага музэя народнай творчасьці беларусы з Іркуцкай вобласьці Расеі прэзэнтавалі свой гурт аўтэнтычнай беларускай песьні «Крывічы», альбом беларускіх народных песень «А ў Калядачкі», бюлетэнь-газэту «Маланка» Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Іркуцкія беларусы проста зачаравалі гамельчукоў: і песьнямі, і гамонкаю, і строямі, пашытымі па ўзорах сваіх бабуль, якія, перасяляючыся зь Беларусі, прывезьлі іх у Прыбайкальле.

Прэзэнтуючы гурт «Крывічы», сябра рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў адзначыў, што ў Іркуцкай вобласьці існуе 17 падобных гуртоў. Рэгіянальнае таварыства беларускай культуры арганізуе навучаньне беларускай мове, ладзіць «Гуканьне вясны», «Купальле», вечарыны на гістарычныя тэмы. А яшчэ — сьпеўкі, двойчы на тыдзень.

На Дзень гораду іркуцкія беларусы выходзяць на шэсьце пад бел-чырвона-белым сьцягам, у майках з эмблемай беларускага таварыства культуры імя Яна Чэрскага.

«Сваёй эмблемай таварыства мы як бы кажам: мы беларусы, жывём каля Байкалу, шануем традыцыі і сымбалі нашых продкаў, у тым ліку „Пагоню“ й бел-чырвона-белы сьцяг, і самаахвярна працуем на карысьць беларушчыны, як гэта рабіў Ян Чэрскі на карысьць свабоды», — кажа Рудакоў.

У Беларусь іркуцкія беларусы прыехалі ўжо трэці раз. Два гады таму «Крывічы» выступілі на фэстывалі мастацтваў «Славянскі базар». Летась іх запрасілі на 1150-годзьдзе Полацку. Сёлета, кіруючыся на Шосты зьезд беларусаў сьвету ў Менску, наведалі Гомель.

У Іркуцкай вобласьці жыве багата перасяленцаў з Пасожжа. У кіраўніцы гурту «Крывічы» Вольгі Галанавай — продкі з Гомельшчыны. У Балаганскім раёне Іркуцкай вобласьці ў вёсцы Тарнопаль ёсьць нават Гомельская вуліца.

У Прыбайкальлі жыве каля 50 тысяч нашчадкаў беларусаў. У Іркуцкую вобласьць яны трапілі з розных прычын. Адных, як географа і дасьледчыка Яна Чэрскага, саслалі ў Прыбайкальле за ўдзел у паўстаньні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Іншыя перасяліліся падчас сталыпінскай рэформы — гэта каля паўтара мільёна чалавек. Трэція зазналі сталінскія рэпрэсіі і апынуліся ў Сыбіры. А яшчэ за савецкім часам былі розныя камсамольскія будоўлі, вайсковыя гарнізоны, куды таксама траплялі беларусы.

Месца для сыбірскага гораду Краснаярску выбраў беларус, ваявода Андрэй Дубенскі. Яму й помнік там пастаўлены. У Баяндаеўскім раёне Іркуцкай вобласьці існуюць цэлыя паселішчы, заснаваныя беларусамі — Тургенеўка, Васільеўка, Лідзінск, Шаманка й іншыя. Там ёсьць беларускія ансамблі, дзіцячыя гурткі, лялечны тэатар, хоць, паводле афіцыйных зьвестак, беларусамі ў раёне запісаныя толькі 9 чалавек. Як кажа Рудакоў, проста перапісчыкі прыяжджаюць у сельсавет, бяруць зьвесткі з рэестру і запісваюць усіх рускімі. І трэба мець асабістую мужнасьць, каб пераканаць мясцовых службоўцаў: вёска сібірская, але жывуць тут беларусы.

Сам Алег Рудакоў родам зь Віцебшчыны, служыў у войску ў Прыбайкальлі. Пасьля вучыўся ў Іркуцкім унівэрсытэце адразу на двух факультэтах — эканамічным і гістарычным.

Як жа пачуваюць сябе прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Іркуцку?

Рудакоў: «Стасункі ў нас з афіцыйнымі ўладамі нібыта нядрэнныя. Нас запрашалі на фэстывалі нацыянальных меншасьцяў, мы там выступалі, сьпявалі, скакалі. Але ў нас у кожным рэгіёне свая ўнутраная палітыка ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. Напрыклад, у Новасыбірску ёсьць нават дзяржаўны цэнтар беларускай культуры. Яны маюць свае пасады, пэўны заробак, сродкі на мерапрыемствы. У нас гэтага нічога няма, мы існуём на грамадзкіх асновах. Апошнім часам абвастрыліся некаторыя пытаньні. Дадаліся новыя законы, у тым ліку закон пра замежных агентаў. І калі грамадзкія арганізацыі ў Расеі атрымліваюць нейкую дапамогу з-за мяжы, то яны ўжо называюцца замежнымі агентамі і стаўленьне да іх іншае. Ёсьць сьвяжэйшы закон — пра экстрэмізм».

Карэспандэнт: «Была інфармацыя, што некаторых прадстаўнікоў таварыства вінавацілі менавіта ў экстрэмізьме?»

Рудакоў
: «Адзін наш шараговец, сябра моладзевага клюбу „Крывічы“, разьмясьціў на сваёй старонцы „Вконтакте“ карыкатуры — там нейкая свастыка была й да таго падобнае. Сам ён гэтых карыкатур не рабіў, а дзесьці ў інтэрнэце знайшоў і з уласнага глупства скарыстаў іх.Можна было зь ім пагутарыць — і ён, канечне, усё б гэта зьняў са старонкі. Але правесьці прафіляктычную гутарку зь нейкім хлопцам — гэта ж дробязь. А калі падцягнуць цэлае таварыства, раскруціць яго як экстрэмісцкае, то гэта ўжо іншая справа. Таму сьледчыя прыйшлі да нас зь ператрусам. Ды яшчэ, відаць, прачыталі ў інтэрнэце, што бел-чырвона-белы сьцяг лічыцца апазыцыйным. Яны ператрэсьлі ўсё ў нас у залі, у бібліятэцы, а там больш як 2 тысячы кніг на беларускай мове, якой сьледчыя, канечне, ня ведалі. Адну кніжку яны толькі забралі — „Антыбальшавіцкія паўстаньні на тэрыторыі Беларусі“.

Ператрус, аднак, узьняў хвалю падтрымкі — да нас сталі прыходзіць лісты, тэлеграмы. І ня толькі зь Беларусі, але й з многіх рэгіёнаў Расеі. Напісала пэўны ліст у Міністэрства замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі і беларуская амбасада ў Маскве з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю. Сьледчы камітэт ня змог нічога патлумачыць, таму што ўсё гэта было нацягнутым».

Карэспандэнт: «Ці адчуваецца ў Іркуцку дапамога беларусам з боку цяперашняга ўраду Беларусі?»

Рудакоў:
«Сёньня гэта адна зь вялікіх праблемаў. У Іркуцку больш за ўсё клапоцяцца пра свае дыяспары ўрады Польшчы, Літвы, Фінляндыі. Польская дыяспара, напрыклад, меншая за беларускую ў дзесяць зь лішкам разоў, але палякі маюць магчымасьць раз на год за кошт сваёй дзяржавы зьезьдзіць у Польшчу.

Лічу, што можна было б распрацаваць шэраг праграмаў нашага ды іншых беларускіх таварыстваў па ўзаемадзеяньні з мэтраполіяй. Напрыклад, мы праводзілі навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную 100-годзьдзю сталыпінскай рэформы. Прапаноўвалі, каб Беларусь накіравала некалькіх навукоўцаў на нашу канфэрэнцыю. Мы б сустрэлі іх, разьмясьцілі, арганізавалі б культурную праграму. Але ў дзяржавы не знайшлося грошай, каб накіраваць да нас навукоўцаў. Мы ўсё ж запрасілі аднаго навукоўца зь Беларусі за свой кошт. Ён прыехаў у Іркуцк і тым самым падняў статус канфэрэнцыі да міжнароднага ўзроўню. Тады склалася цудоўная й даволі моцная праграма з удзелам навукоўцаў Масквы, Екацярынбургу, Новасыбірску. Прагучала 38 выступаў навукоўцаў. Але, зноў жа, мы не змаглі сабраць сродкі, каб надрукаваць усе навуковыя матэрыялы канфэрэнцыі.

Можна, вядома, шмат гаварыць пра ўзаемадзеяньне мэтраполіі з дыяспарай. Справа тут у тым, ці ёсьць разуменьне дзяржаўных органаў у гэтым кірунку. Ці патрэбная дыяспара Беларусі? Калі патрэбная, то можна зрабіць шмат супольных крокаў, якія будуць на карысьць і мэтраполіі, і беларускай дыяспары».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG