Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стакгольме могуць вырашыць лёс хакейнага чэмпіянату


У Стакгольме адкрываецца кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакея. Ня выключана, што на кангрэсе зноў будзе ўзьнятае пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету па хакею 2014 года зь Беларусі.

У пачатку траўня прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый і дэпутаты Эўрапарлямэнту зноў заклікалі Міжнародную фэдэрацыю хакея (МФХ) не праводзіць чэмпіянат у Беларусі:

«Мы заклікаем Міжнародную фэдэрацыю хакея і прадстаўнікоў нацыянальных хакейных фэдэрацый падтрымаць ахвяраў парушэньня правоў чалавека, прыняўшы рашэньне пра перанос чэмпіянату зь Беларусі на наступным пасяджэньні кангрэса МФХ, якое пройдзе ў траўні ў Стакгольме», — гаворыцца ў лісьце, адрасаваным кіраўніку МФХ Рэнэ Фазэлю.

Аўтары ліста нагадваюць, што Беларусь зьяўляецца краінай, дзе груба парушаюцца правы чалавека і ёсьць як мінімум 11 палітвязьняў, сярод якіх — намінант на Нобэлеўскую прэмію міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Аляксандр Лукашэнка, адзначаецца ў лісьце, выкарыстае будучы чэмпіянат як «палітычны спэктакль», каб «прадставіць сябе і свой рэжым у станоўчым сьвятле».

«Ухваліўшы правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Беларусі, вы падтрымаеце і легетымізуеце рэжым, які парушае правы чалавека. Вы будзеце гуляць з дыктатарам. Чэмпіянат сьвету можа прайсьці ў Беларусі толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады прадэманструюць істотнае паляпшэньне ў сфэры выкананьня правоў чалавека, у тым ліку вызваліўшы палітзьняволеных », — падкрэсьліваюць аўтары ліста.

Зварот падпісалі прадстаўнікі шэрагу праваабарончых арганізацый, у тым ліку Нарвэскага Хэльсынскага камітэта, нямецкай Libereco, швэдзкай ініцыятывы за дэмакратыю Оstgruppen, амэрыканскай Freedom House, чэскай «Грамадзянскай Беларусі», брытанскай Liberal International. Сярод падпісантаў ліст — дэпутаты Эўрапарлямэнта Марэк Мігальскі, Вэрнэр Шульц, Марылуіза Бек і іншыя.

Чарговую акцыю супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі ініцыяваў на мінулым тыдні польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі.

Мігальскі, які ад пачатку 2012 года праводзіць актыўную кампанію па пераносе турніру ў іншую краіну, мае намер 18 траўня правесьці пікетаваньне офіса МФХ у Стакгольме разам з прадстаўнікамі швэдзкай праваабарончай арганізацыяй Ostgruppen.

Акрамя таго, офіс Мігальскага ініцыяваў кампанію «Лукашэнка, Puck You!» (Рuck па-ангельску — шайба).

Таксама працягваецца збор подпісаў за перанос ЧС-2014 зь Беларусі на www.change.org.

У працы цяперашняга кангрэса МФХ ўдзельнічае старшыня Фэдэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь Яўген Ворсін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG