Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступіў супраць дырэктара — страціў працу


Віктар Марчык
Віктар Марчык

На Слонімскай птушкафабрыцы звольнены рабочы Віктар Марчык, які неаднойчы адкрыта адстойваў правы рабочых фабрыкі, публічна крытыкаваў дырэктара за безгаспадарнасьць. Свае правы Марчык чарговым разам зьбіраецца адстойваць праз суд.

Першы раз рабочы аховы Віктар Марчык сутыкнуўся з адміністрацыяй птушкафабрыкі пасьля таго, як напісаў у міжраённую інспэкцыю па працы скаргу на дырэктара Зьмітра Зайкоўскага. Ён абскардзіў ягоны загад аб выліках з заробкаў вартаўнікоў-электрыкаў грашовай кампэнсацыі нібыта за вялікую колькасьць перагарэлых лямпачак.

Загад дырэктар мусіў адмяніць, людзям выплацілі паўнавартасныя заробкі. Акрамя гэтага, упершыню на фабрыцы Марчык абскардзіў тое, што працоўным не плацілі за перапрацаваныя гадзіны, як патрабуе заканадаўства, у падвойным памеры. Міжраённая інспэкцыя працы прызнала незаконнымі і гэтыя дзеяньні адміністрацыі.

Пасьля гэтых невялікіх перамогаў рабочы Марчык зьвяртаецца ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю з патрабаваньнем разабрацца ў неэфэктыўным выкарыстаньні фінансавых сродкаў на прадпрыемстве. У час, калі на фабрыцы фінансавыя праблемы, для кіраўніцтва прадпрыемства купляецца новае замежнае аўта.

А вось пасьля гэтага, паводле Марчыка, пачынаюцца праблемы для яго асабіста. Адно за другім рабочы атрымлівае папярэджаньні, нават за тое, што размаўляў з правяраючым Дзяржкантролю ў рабочы час, за тое, што ў скарочаны дзень працаваў, як усе, на гадзіну меней, за тое, што ў свой выходны на просьбу кіраўніцтва выйшаў на працу, зрабіў што патрэбна і сышоў дадому зноў жа да заканчэньня працоўнага дня.

Наступствы такія: Марчыка пераводзяць на меней аплатную працу, пазбаўляюць 13-га заробку. Ён ізноў мусіць адстойваць свае правы праз суд. І вось у выніку, паводле Марчыка, дырэктар прапанаваў яму выбраць адзін з загадаў на звальненьне: альбо па згодзе бакоў, альбо паводле артыкула.

Марчык: «У загадзе на звальненьне паводле артыкула пералічаныя пісьмовыя папярэджаньні, прычым нават тое, якое адмяніў суд. Я адмовіўся звальняцца па згодзе бакоў. Але дырэктар сказаў, што звальняе мяне ў любым выпадку. Але сам я гэтага не рабіў, бо не хацеў звальняцца».

З дырэктарам Зайкоўскім паразмаўляць не ўдалося — сакратарка патлумачыла, што ён у камандзіроўцы ў Менску. А вось сакратар прафкаму Валянціна Кудаш на маё пытаньне — ці адстойваў правы рабочага Марчыка прафкам — нічога ўцямнага не патлумачыла.

Кудаш: «Ну, чалавека звольнілі, але што я тут магу, я такі самы чалавек, як і ён, разумееце? Я ж ня тое, што займаю тут нейкую пазыцыю альбо камандную ролю. Я — звычайны чалавек, загадчыца складу, а ня тое што пры нейкай там пасадзе. Ну што я магу сказаць — як бы так, як бы законна, больш нічога не магу сказаць...»

Рабочыя птушкафабрыкі хоць і на баку Марчыка, але ў мікрафон гаварыць не адважваюцца. Праўда, адзін спадар на ўмовах ананімнасьці ўсё ж выказаўся.

Без артыкула ў працоўнай кніжцы ад нас ніхто не сыходзіць
Спадар: «Ды ў нас тут усіх звальняюць, калі чалавек нешта супраць кажа. Без артыкула ў працоўнай кніжцы ад нас ніхто не сыходзіць, яшчэ і пагрозы — маўляў, звольню і нідзе не ўладкуесься. І ён, вядома, змагаўся за справядлівасьць і вось за гэта і пацярпеў».

Віктар Марчык настроены дамагацца аднаўленьня на працы праз суд, бо ня лічыць сябе вінаватым. Ён перакананы, што працоўныя адносіны дырэктара і рабочага павінны складацца па-іншаму.

Марчык: «Я папросту пайшоў супраць ягонай „царскай волі“, бо ён усіх прывык караць, ніхто супраць яго не выступаў. Ягонае слова заўсёды закон, нават калі яно супрацьзаконнае. Ён адзін усё вырашае, і што скажа, тое людзі і робяць, бо баяцца. Здараецца, што адзін чалавек выконвае некалькі працаў, але за гэта яму ня плоцяць. Людзі маўчаць, бо баяцца страціць працу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG