Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 спосабаў, як скараціць ваша жыцьцё


Забудзьцеся пра падлеткаў, якія паводзяць сябе так, нібыта ў іх усё яшчэ наперадзе. Насамрэч, мы кожны дзень ставім сваё здароўе і нават жыцьцё пад пагрозу, зусім гэтага не ўсьведамляючы. Небясьпечным можа быць проста лад нашага жыцьця. Навукоўцы вылучылі дзесяць самых небясьпечных звычак, якія скарачаюць наша жыцьцё.

Іранічны пералік гэтых звычак выглядае так. Калі вы хочаце скараціць сваё жыцьцё, то:

1. Зьмешвайце алькаголь і снатворнае. Нават калі вы вып’яце троху чырвонага віна за вячэрай, а пасьля перад сном возьмеце снатворнае — гэта можа быць сьмяротная камбінацыя.

2. Не здавайце аналіз крыві на ўтрыманьне цукру. Цяпер у сьвеце імкліва расьце колькасьць хворых на дыябэт другога тыпу, які выклікае сьлепату, ампутацыі ды інфаркты. Разам з тым, гэты тып цукроўкі значна лепш паддаецца кантролю і лячэньню, чым цукроўка ўроджаная.

3. Не кантралюйце сваю вагу і не зьвяртайце ўвагу на лішнія кіляграмы. З узростам у людзей мяняецца абмен рэчываў, і мы спальваем менш калёрыяў. Калі не зьмяніць харчовыя звычкі і не займацца спортам, то можна хутка атлусьцець. Атлусьценьне прыводзіць да падвышэньня крывянога ціску, хваробаў сэрца і мноства іншых небясьпечных хваробаў.

4. Ігнаруйце болі ў грудзях і іншыя прыкметы хваробы сэрца. А гэтыя прыкметы, дарэчы, могуць быць вельмі разнастайныя. Жанчыны, напрыклад, могуць адчуваць боль у страўніку або стомленасьць. Іншым людзям можа балець шыя, плячо або сківіцы. Пры сардэчных прыступах у дыябэтчыкаў можа балець ніз сьпіны.

5. Менш сьпіце, часьцей не высыпайцеся. Недахоп сну нэгатыўна ўплывае на наша здароўе, аслабляе імунітэт. Адзін з рэальных і хуткіх вынікаў недасыпаньня — аўтамабільныя аварыі, у якіх можна страціць ня толькі здароўе, але і жыцьцё.

6. Пазьбягайце фізычных практыкаваньняў. Сёньня вядома, што сілавыя практыкаваньні два разы на тыдзень плюс дзьве з паловай гадзіны хадзьбы або 75 хвілін бегу трушком моцна дапамагаюць арганізму быць у найлепшай форме. Спорт, сярод іншага, дапамагае памяці. Напрыклад, дасьледаваньні паказваюць, што калі чалавек тры разы на тыдзень ходзіць на шпацыр, у яго можа павялічыцца памер гіпакампа — часткі мозгу, адказнай за памяць.

7. Не зьвяртайце ўвагі на свой псыхалягічны і нэрвовы стан, стрэсуйцеся. Дасьледаваньні паказваюць, што ў сучасным сьвеце, асабліва ў часы эканамічнага крызісу, сур’ёзна расьце колькасьць людзей, якія знаходзяцца ў стрэсе. Асабліва цяжка стрэс уплывае на падлеткаў. Наступствам гэтага могуць стаць дэмаграфічныя праблемы ў будучым.

8. Піце больш піва, павялічвайце памер свайго «піўнога» жывата. Навукоўцы кажуць, што тлушч на жываце — так званы вісцэральны тлушч — асабліва нэгатыўна ўплывае на наша здароўе, пасылаючы ў кроў шмат шкодных рэчываў.

9. Працягвайце курыць. Навукоўцы высьветлілі, што «падлеткі» ва ўзросьце ад 44 да 54 гадоў, якія кураць, маюць значна вышэйшыя паказьнікі ўзроўню крывянога ціску, чым іх аднагодкі, якія ня кураць.

10. Больш піце алькаголю. Навукоўцы цьвердзяць, што яшчэ дагэтуль ня ведаюць усіх шкодных наступстваў ужываньня алькаголю. Яны думаюць, што ён уплывае літаральна на ўсе хімічныя працэсы ў арганізьме. Сярод шкодных наступстваў празьмернага ўжываньня алькаголю — рак, сардэчныя хваробы, цыроз печані, прыдуркаватасьць, дэпрэсія і высокі крывяны ціск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG