Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлігенцыя супраць палітычных звальненьняў

абноўлена

Прадстаўнікі інтэлігенцыі заклікаюць выказаць салідарнасьць з усімі, каго звальняюць з працы, выключаюць з навучальных устаноў, перасьледуюць па палітычных матывах.

«Звальненьне з працы па палітычных матывах — ня толькі парушэньне працоўнага заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў (...) пазбаўленьне працы, пагроза звальненьня — мэханізм узьдзеяньня на іншадумцаў унутры краіны, нагнятаньне атмасфэры страху», — гаворыцца ў заяве прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Заяву падпісалі: філёзаф Валянцін Акудовіч, пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў, народны пісьменьнік Беларусі Рыгор Барадулін, філёзаф Валер Булгакаў, паэт Генадзь Бураўкін, музыка Лявон Вольскі, праваабаронца Алег Гулак, старшыня Рады інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, рэжысэр Валер Мазынскі, мастак Аляксей Марачкін, старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Падпісанты заявы адзначаюць, што палітычна матываваныя звальненьні — «гэта яшчэ й інструмэнт замежнай палітыкі, які скарыстоўваецца менавіта тады, калі назіраюцца тэндэнцыі да нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам (...) І кожны раз гэта робіцца для таго, каб абвастрыць адносіны з аб’яднанай Эўропай. Ва ўладзе ёсьць людзі, якія ня хочуць, каб адносіны Беларусі з эўрапейскай сям’ёй народаў паляпшаліся. Пакуль гэтыя сілы будуць мець уплыў, датуль яны будуць напружваць сытуацыю, скіроўваючы Беларусь на ўсход, у Расею. Менавіта яны зьяўляюцца „пятай калёнай“. Такая палітыка вельмі небясьпечная, бо можа прывесьці да страты незалежнасьці».

Прадстаўнікі інтэлігенцыі заклікаюць выказаць салідарнасьць з усімі, каго звальняюць з працы, выключаюць з навучальных устаноў, перасьледуюць па палітычных матывах. Яны таксама заклікаюць Міжнародную арганізацыю працы, прафсаюзы, міжнародную дэмакратычную супольнасьць адэкватна адрэагаваць на парушэньні ў Беларусі аднаго з асноўных правоў чалавека — права на працу.

Зь Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» звольнены актывіст незалежнага прафсаюзу Анатоль Літвінка. Раней з гэтага ж прадпрыемства былі звольненыя актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка, а з полацкага заводу «Шкловалакно» — старшыня суполкі БНП Віктар Стукалаў.

З Гарадзенскага дзяржуніверсытэту імя Янкі Купалы па палітычных матывах звольнены прафэсар Вячаслаў Швед. Раней у той жа навучальнай установе страціў працу дацэнт Андрэй Чарнякевіч. У знак пратэсту супраць палітычнага перасьледу і пад ціскам з гэтага ўнівэрсытэту вымушаны быў сысьці старшы выкладчык Ігар Кузьмініч.

____________________________________________


Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін
Мастак Аляксей Марачкін: «Тое, што ідуць рэпрэсіі супраць людзей, якія абазначылі сябе як людзі свабодныя, як тыя, хто змагаецца за справядлівасьць, за праўду, — канечне, вымагае з боку грамадзтва салідарнасьці і рэакцыі. Я заўсёды падтрымліваю такіх людзей. Тыя, хто абазначыў сябе сёньня ў змаганьні за Беларусь, за свабоду мысьленьня і дзеяньня, а не за аднадумства, заўсёды знойдуць падтрымку з майго боку, таму што я сам свабодны чалавек і я не цярплю несвабоды, не цярплю таго, што на нас накідваюць кайданкі ня толькі на рукі-ногі, але яшчэ і на душу. Я ўсё жыцьцё з гэтым змагаюся і буду з тымі, хто падтрымлівае такое змаганьне. Я адзін з тых, хто супраціўляецца рэжыму, які накідвае на нас павуціньне».


Валер Мазынскі
Валер Мазынскі
Валер Мазынскі: «Самае страшнае ў тым, што мы прызвычаіліся да гэтага. А можа, яшчэ страшней: не прызвычаіліся, а проста ня маем у сабе маральных каштоўнасьцяў, якія нас яшчэ людзьмі ўтрымліваюць. Улада робіць усё, каб сьцерці нашую годнасьць, гонар і ўвогуле чалавечнасьць. Яна робіць гэта нахабна, адкрыта. І мы можам толькі напісаць пэтыцыю. Вядома, гэтую пэтыцыю падпішуць нейкія пару дзясяткаў чалавек. Я баюся, што астатнім гэта „да лямпы“. Я вельмі хацеў бы памыліцца ў той бок, што людзі ўсё ж назапашваюць у сабе нейкую нянавісьць да гэтай апраметнай, у якую мы ляцім. Гэтае падпісаньне — гэта проста крык адчаю ад таго фашызму, які мы назіраем, калі ўлада проста топчацца па нас і зьверху ўзіраецца на тое, як мы тут круцімся пад яе абцасам».


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў: «Пагроза таго, што ты застанесься бяз працы, а твая сям’я — бяз хлебу, — гэта асноўны мэханізм, які выкарыстоўвае дзяржава дзеля таго, каб утрымліваць чалавека ў стане, калі яго кудысьці вядуць, накінуўшы вяроўку на шыю. Калі мы бачым, як кагосьці звальняюць па палітычных матывах і не выказваем ніякай рэакцыі, то становімся саўдзельнікамі тых, хто ўчыняе такія дзеяньні. Мне вельмі сымпатычныя людзі, якія дзейнічаюць, супрацьстаяць, дэманструюць салідарнасьць. Акурат як выкладчыкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту і рабочыя „Граніту“».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG