Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня. Выстава ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага


Пакараны сьмерцю ў Лідзе ў 1863 годзе ксёндз Адам Фалькоўскі, аўтар — мастак Станіслаў Кічко
Пакараны сьмерцю ў Лідзе ў 1863 годзе ксёндз Адам Фалькоўскі, аўтар — мастак Станіслаў Кічко

У Горадні ў арт-галерэі «Крыга» сёньня адкрылася выстава з нагоды 150-годзьдзя паўстаньня 1863 году.

У ёй удзельнічаюць дзесяць мастакоў, большасьць падрыхтавала свае творы літаральна за месяц. На сьценах партрэты Людвіка Нарбута, Рамуальда Траўгута, Кастуся Каліноўскага, ксяндза Адама Фалькоўскага, іншых удзельнікаў паўстаньня.

Генконсул Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэй Хадкевіч падкрэсьліў на адкрыцьці: «Гэтае паўстаньне аказала значны ўплыў на фармаваньне беларускага народу. Ня толькі таму, што паявіўся Кастусь Каліноўскі, які пачаў выдаваць „Мужыцкую праўду“ і ўпершыню зьвярнуўся да сялян на беларускай мове. Але таксама таму, што ў выніку ягонага звароту на тэрыторыі Гарадзенскай губэрні, адрозна ад іншых губэрній, сяляне найбольш лічэбна ўдзельнічалі ў паўстаньні».

Прафэсар Алесь Краўцэвіч зазначыў, што тэма паўстаньня аказаласясёньня вельмі актуальнай, па ўсёй Беларусі грамадзкасьць стыхійна адзначае гэтыя ўгодкі: сябры — тыя ж самыя, вораг — таксама, і мы пераможам! — закончыў ён гэтымі словамі свой выступ.
Мастацкае кавальства на тэму паўстаньня, аўтар — Юрась Мацко
Мастацкае кавальства на тэму паўстаньня, аўтар — Юрась Мацко

Вельмі знамянальна, што праз сто пяцьдзесят гадоў Каліноўскі вярнуўся на гэтую вуліцу, сказаў краязнаўца Вітольд Іваноўскі. Выстава адбываецца на цяперашняй Савецкай, некалі Дамініканскай вуліцы. Да сёньняшніх дзён захавалася камяніца Ромэра, дзе сабраліся Каліноўскі, Урублеўскі, браты Заблоцкія, ксяндзы і «пачалі раскручваць гарадзенскую паўстанцкую арганізацыю. Існуе нават супярэчлівая карціна, якая называецца «Выхад паўстанцаў з Горадні». Насамрэч гэта плод фантазіі мастака, такога выхаду за гарадзкія сьцены не было. Але была спроба выехаць з Горадні ў Парэчча цягніком. На станцыі адбыўся бой і прыхільнікі паўстаньня разьбегліся.
Дуб паўстанцаў на Сьвятым балоце, аўтар — мастак Ігар Кебец
Дуб паўстанцаў на Сьвятым балоце, аўтар — мастак Ігар Кебец

Паўстаньне рэальна было нядоўгай партызанскай вайною, адбылося 1200 баёў і збройных сутычак, працягваў спадар Іваноўскі. На поўнач ад Горадні адбыўся бой на Сьвятым балоце паміж Азёрамі і Парэччам. Там рос дуб, пад якім загінулі паўстанцы з гарадзенскага атраду Лянкевіча. Гэтаму дубу некалькі соцень гадоў. Цяпер ён упаў. Зь яго краязнаўцы робяць сувэніры, адпілоўваючы ад галінаў кругі — адзін круг Вітольд Іваноўскі падараваў польскаму генконсулу Горадні Анджэю Хадкевічу. Побач са старым цяпер пасаджаны малады дубок, ля якога стаіць крыж.
Анджэй Хадкевіч (зьлева) і Вітольд Іваноўскі
Анджэй Хадкевіч (зьлева) і Вітольд Іваноўскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG