Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядная рапсодыя ў Лідзе


Ідэя гэтага каляднага досьледу зьявілася ў часе вандроўкі ў Лідзе ў адзін зь перадсьвяточных дзён — ля гарадзкой біржы. Зайсьціся туды параілі знаёмыя — маўляў, убачыш невядомую Ліду.

…У прыцемках а 7-й раніцы стаялі дзясяткі людзей, чакаючы, каб падышлі працадаўцы — як правіла, зь якога сэзоннага прадпрыемства, дзе патрабуюцца рознарабочыя і могуць разьлічыць ужо ўвечары. Каб даведацца, хто і чаму ходзіць сюды штодзень на «дзікае» найманьне, падыходжу да аднае купкі.

Спадарства: «Мы беспрацоўныя, кашмар! (Шум, сьмех.) Мужчын забіраюць на разгрузку фур, на будаўніцтва, жанчынам цяжэй… Я гандлем займалася за мяжой, калі яшчэ „чаўнакі“ былі — стала нявыгадна… Я да прыватніка езьдзіла — больш стабільна, кожны дзень па 100–120 тысяч, на біржы не рэгістравалася, бо перадпэнсійны ўзрост… І я на біржу не спадзяюся…

Я Дзяніс, мне 19 — зьбіваў паддоны на „лякафарбах“, але дамову заключылі на тры месяцы, скончылася… Тут хто па скарачэньні, хто як…»

Карэспандэнт: «І скажыце, колькі вам год, як завуць — прозьвішчаў ня трэба…»

Спадарства: «48 — Лена… 54 — Наташа…64 — Зоя…»

З раніцы іду да біржавых чыноўнікаў. З карэспандэнтам «Свабоды» гутарыць адмаўляюцца.

Спадарыня: «Я сама ня буду размаўляць — я ня маю права, да начальніка!»

Не для мікрафона кажуць, што працы багата, але нізкааплатнай ды цяжкай фізычна. Сапраўдную ж колькасьць беспрацоўных вызначыць немагчыма — ня лічаць неабходным рэгістравацца, каб атрымаць мізэрную дапамогу. Зрэшты, ля стэндаў з аб’явамі — двое мужчын сярэдняга веку.

Карэспандэнт: «Даўно бяз працы?»

Спадар: «Са жніўня — працаваў на „бусе“, машыны пастаяннай не было. Шэф мяняў-мяняў, дык што — сядзець на „яме“ за 70 тысяч у дзень?»

Карэспандэнт: «А вас які б заробак задаволіў?»

Спадар: «Чым болей, тым лепей! (Сьмяецца.) Хаця б два мільёны было…»

Спадар: «А я працую — гляджу на будучыню — усё можа быць…»

Валер Сьліўкін
Валер Сьліўкін
Мой даўні знаёмы, краязнаўца ды гісторык Валерый Сьліўкін пракамэнтаваў пасьля:

«Прафэсійная Ліда сплывае туды, дзе можна добра зарабіць. Быў у мяне знаёмы экскаватаршчык, які каўшом захопліваў карабок запалак — цэлымі заставаліся і запалкі, і карабок. Рабіў ва ўпраўленьні мэханізацыі будаўніча-мантажных прац. Сустрэў нядаўна — як жывеш? О, зьехаў на Русь, працую ў Ніжнім Ноўгарадзе, зарабляю 120 тысяч рублёў. У мяне вочы на лоб — гэта ж каля 4 тысяч даляраў, дырэктары столькі не зарабляюць! Кажа, спачатку паклалі 50 тысяч, потым я ім катлаван як гахнуў за 12 машын, які яны мусілі за тры месяцы выкапаць, а я за два тыдні зрабіў — яны мне спачатку 80, а зараз 120 тысяч расейскіх рублёў. І старыя мае прыяцелі, якія кваліфікаваныя, пачынаюць са мной езьдзіць і па 40–50 тысяч зарабляюць…»

Вырашаю абысьці асноўныя прадпрыемствы гораду, каб зразумець, на якім рэальным сьвеце жывуць і працуюць мясцовыя на пачатку 2013-га, што іх чакае. Пачаў з гарадзкой ускраіны, дзе месьціцца некалі элітны «Оптык». Электраманцёрам пажарна-ахоўнай сыгналізацыі тут працуе 30-гадовы Сяргей Сідарэнка, дарэчы, сябра «Моладзі БНФ» — вось ягоныя расповед ды ацэнкі.

Сідарэнка: «На „Оптыцы“ ў савецкія часы працавала каля 4 тысяч чалавек, цяпер засталося каля 800 — бягуць людзі, хоць на кантракты падвесілі і не даюць звольніцца. Кідаюць працоўныя кніжкі ды едуць партыямі ў Расею, ня стрымлівае ўжо нічога. У мяне пахвілінная тарыфікацыя, але выходзіць на рукі паўтара мільёна…»

Карэспандэнт: «Кантракты заключаюцца ня меней, чым на год, і заробкі — прыблізна як у цябе?»

Сідарэнка: «Так, адміністрацыя маніпулюе людзьмі хітра: знаходзіш на замену спэцыяліста — і звальняйся…»

Карэспандэнт: «Раней „Оптыка“ вырабляла высакаякасныя лінзы для танкаў, цяпер — што?»

Сідарэнка: «Цяпер таксама на ўзбраеньне — біноклі, прыборы для начнога назіраньня. На 90% усё ідзе на Расею. Калі мінімальны заробак мільён — нашто табе плаціць болей, калі ты ўсё роўна будзеш хадзіць-працаваць? Дый гастарбайтэрства — паўбяды. У асноўным моладзь едзе. Становяцца рабамі, сюды прыяжджаюць сьпітыя ды паўзабытыя. А там ніхто табе не дае ані жыльля, ані добра зарабіць, таму што без кваліфікацыі. Рэжым у іх зьнішчыў палітычную ініцыятыву і прадпрымальніцкую: а нашто мне напружвацца, калі за гэта нічога ня будзе?!»

* * *

Акурат напярэдадні 2013-га ў друку абвясьцілі пра пачатак будаўніцтва сумесна зь Літвой заводу кармавых дадаткаў. Той жа Сяргей Сідарэнка падвёў мяне да раскапаных на палетках траншэяў ды канаў.

Сідарэнка: «З будаўніцтвам заводу пачалі тут рабіць дарогу напрасткі зь Менску ў Вільню ў аб’езд Ліды. Пачалі капаць, і толькі тады заўважылі, што там ёсьць траншэя з трубой газу высокага ціску. Пад нізам яе не пракладзеш, бо машыны праломяць, і збоку — не, таму што зроблена праектна-каштарысная дакумэнтацыя. І цяпер яны перарабляюць, а стала холадна…»

Увогуле, раён ля «Оптыкі» ў Лідзе нашумелы ў друку. Тут нядаўна адчыніўся завод гарачага ацынкоўваньня. Пакуль ён будаваўся, супраць яго зьяўленьня тут былі сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў лідчукоў, якія баяліся магчымых брудных выкідаў. На прахадной гутару з кантралёркай Сьвятланай Манько.

Манько: «Працуе завод у дзьве зьмены, амаль 130 чалавек. У мінулым месяцы выканалі плян — заказы пайшлі. Прывозяць чорны мэтал — слупы ліхтарныя для ацынкоўкі зь Менску, Расеі, Літвы. Рабочыя 3 мільёны зь лішнім і 4 маюць…»

Ля ўваходу стаяў намесьнік дырэктара па ідэалёгіі Міхаіл Урбановіч.

Карэспандэнт: «З экалёгіяй сьціхла хваляваньне, подпісы?»

Урбановіч: «Яны за што змагаліся — дабіліся! Ваду правялі, паклалі дарогі па вёсках, рэчку ў бэтон забралі, асфальт праклалі — за кошт свабоднай эканамічнай зоны. Тэрыторыя яе будзе разьвівацца — жыльлё будавацца, участкі даваць. Нашым рабочым плянуецца, але спачатку трэба аддаць крэдыты…» (Сьмяецца.)

Падарожжа працягваю ў цэнтры Ліды, ля заводу харчовых канцэнтратаў. З прахадной выходзіць рознарабочая, спадарыня Надзея Савасьцюк:

«Я працую на паўтары стаўкі — паўтара мільёна. А куды ж дзецца — не 15–20 год, да пэнсіі 4 гады. А ў Лідзе больш ня плацяць — 32 гады адпрацавала, ніхто старых ня хоча…»

Прадукцыю абутковай фабрыкі Ліды ў часы СССР літаральна расхоплівалі. Цяпер у фірмовай краме — нуль наведнікаў. Я ж знаёмлюся з 47-гадовай вартаўніцай Алай.

Ала: «Вартаўніком гады тры — мільённы заробак чыстымі пасьля падаходных. А працаваць з васьмі да без дваццаці пяць…»

Карэспандэнт: «І як у 100-тысячным горадзе на мільён можна пражыць?!»

Ала: «Так і жывём — я яшчэ шматдзетная маці. Чацьвёра. Маім дзяўчаткам адной 15, другой 16 — я на іх дапамогу не атрымліваю, бо вучацца ў Горадні ў вучэльні. Атрымліваю на двух хлопчыкаў — адзін ходзіць у восьмы, другі ў чацьвёрты…»

Карэспандэнт: «Алачка, кошты, камуналка будуць расьці, а заробак на месцы…»

Ала: «Нам не прывыкаць ужо зубы на паліцу класьці — тыя, якіх няма! (Сьмяецца.) А ў іншы цэх пераходзіць — дык мільёны два, бо пасьля палучкі ідуць злыя, мацюкаюцца. І дзесьці 500 звольнілася за апошнія гады…»

Карэспандэнт: «А абутак ваш дрэнны стаў — расклейваецца хутка…»

Ала: «Клей прывазны — Лукашэнка ж імпарт забараніў… Мне „па дзецях“ з наступнага году на пэнсію ісьці можна…»

50-гадовы Зьміцер Зыбайла працуе наладчыкам на камбінаце хлебапрадуктаў.

Зыбайла: «Заробак у мяне мільёны два — не хапае аніяк! Каб не бацькі старыя, ня выжыў бы! Пры тым, што жыву адзін: трусы, штаны купіш — і няма тых „лімонаў“! Я спэцыяліст па вытворчасьці палімэрных плёнак — у Лідзе, як я, чалавекі два-тры. У Менску кватэра — дорага, у Расеі плацяць ад тысячы да паўтары даляраў. Каб было канкрэтнае месца, я б паехаў — у „запасьніку“ трымаю…»

Праходжу побач з адзіным тэхнічным каледжам. У часе пярэрвы пасмаліць вываліла купка навучэнцаў.

Карэспандэнт: «Вы ведаеце, што прадпрыемствы лідзкія на лапатках, мала плацяць?»

Хлопцы: «Так… так!.. У нас платнае аддзяленьне, таму разьмеркаваньне свабоднае… Можна і ў Менск — сталіца!»

Уразіла гісторыя 21-гадовага Ўлада — прозьвішча папрасіў не называць.

Улад: «У 2012-м скончыў каледж і па разьмеркаваньні нас накіравалі на „Лідааграпраммаш“ — я токар 3 разраду. Тарыфная стаўка ў нас там 790 тысяч. Мы лаяліся-лаяліся, нам даплацілі да мільёна. Працуем па 8 гадзін 5 дзён на тыдзень…»

Карэспандэнт: «Але ж менш за мільён ня маюць права плаціць?!»

Улад: «Работнікам, якія выконваюць усе нормы. А там няма інструмэнтаў, і нам даюць для апрацоўкі самыя танныя дэталі. Я хадзіў на кірмаш набыць сабе разцы, каб наагул не сядзець бяз справы…»

Карэспандэнт: «І колькі там вас такіх?»

Улад: «Утрох. Дваіх узялі у войска, адзін перавёўся, мяне не адпусьцілі — хацеў да прыватніка, які абяцаў паўтара мільёна. Мне яшчэ засталося адпрацоўваць 9 месяцаў. І яны маюць права нас проста не адпускаць, пакуль у іх не адпрацуем…»

Карэспандэнт: «А як ты думаеш пражыць наступныя месяцы на 780 рублёў?!»

Улад: «Дзякуй Богу — адзін, гэта мяне брацікі будуць карміць…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Што ты думаеш рабіць у 2013-м, калі не адпусьцяць?»

Улад: «Можна напісаць адмову ад адпрацоўкі за вучобу — заплаціць каледжу 6 мільёнаў, калі перайду не па спэцыяльнасьці. Тым, каму 3 гады адпрацоўкі, трэба 24 мільёны, каб свабодным чалавекам стаць…»

Над сытуацыяй разважаем з Уладзімірам Круцікавым, старшым майстрам заводу «Лідзкія аўтобусы». Дарэчы, ён займаў шэраг кіраўнічых вытворчых пасадаў на розных прадпрыемствах.
Усе лідзкія прадпрыемствы стратныя, усе існуюць за кошт дзярждатацыяў. І нават іх ня могуць добра выкарыстаць

Круцікаў: «Усе лідзкія прадпрыемствы стратныя, усе існуюць за кошт дзярждатацыяў. І нават іх ня могуць добра выкарыстаць. Я выдатна ведаю, што на мясакамбінаце так і засталася стаяць мясарубка на паўтары тысячы тон кумпячыны італьянская. На абутковай фабрыцы не выкарыстоўваюцца швачныя машынкі з праграмным кіраваньнем, купленыя ў самой Нямеччыне. Яны стаяць і старэюць — на абутковай 6 год, на мясакамбінаце 3 гады будзе. Зараз плата за ацяпленьне, за газ і ўсё будзе атрымлівацца па нулях…»

Карэспандэнт: «А экспартныя магчымасьці ў лідзкай прамысловасьці ёсьць?»

Круцікаў: «З састарэлым абсталяваньнем ніякіх няма магчымасьцяў!»

Карэспандэнт: «Што Ліду чакае ў 2013-м — насельніцтва павялічылася амаль да 100 тысяч?»

Круцікаў: «Дык гэта за кошт таго, што зь вёсак зьбягаюць. А моладзь — да мяне, напрыклад, з ПТВ прыходзіць з 3 разрадам. Ну, дзяржава даплачвае да мільёна, але ж гэта ня грошы. І хлопец думае, як уцячы. Але я спадзяюся на лепшае — прыйдзецца рэформы правесьці, людзям сваю ініцыятыву праяўляць. Будзе цяжка, але ж Беларусі нікуды ня дзецца…»

Ілюстрацыя да сказанага — праца вядомага далёка за межамі краіны Лідзкага піўзаводу. Цяпер ён належыць беларуска-фінскаму УП. Мне ўдалося сустрэцца з намесьніцай дырэктара па эканоміцы, спадарыняй Інай Назарук.

Назарук: «Працуем зь вялікай інтэнсіўнасьцю — ня толькі паводле беларускага працоўнага заканадаўства, але і міжнароднага, там іншы падыход. Пасядзець, гарбату папіць у нас проста немагчыма. Калі дазволіў сабе ў часе працы бытавыя праблемы рашыць, прыйдзецца заставацца пасьля. Людзі трымаюцца і за кошт таго, што падвышаць сваю кваліфікацыю вітаецца. Галоўны тэхноляг адвучыўся ў Акадэміі піваварэньня ў Галяндыі, начальнік варачнага цэху едзе ў Нямеччыну на паўгода…»

Карэспандэнт: «Па заробках — ніжэйшая і вышэйшая плянка?»

Назарук: «Магу сярэднюю па заводзе — 4 мільёны 700, у сэзон 5000–5200. Выжываюць мацнейшыя — хто жадае вучыцца. Інжынэр па ўкараненьні новых праграм, дырэктар па маркетынгу — свабоднае валоданьне ангельскай мовай, паехалі стажыравацца ў Лёндан. Хто жадае адседзецца — не атрымліваецца…»

Карэспандэнт: «Супрацоўнікаў Лідзкага піўзаводу можна віншаваць са шчасьлівымі Калядамі, бо ёсьць гарантаваная будучыня?»

Назарук: «Так, посьпехі добрыя, будзем жыць лепш, стабільна…»

На Лідчыне традыцыйна моцная беларускасьць, тут выпускаецца газэта ТБМ «Наша слова». Рэдактар Станіслаў Суднік распавёў пра змаганьне за беларусіфікацыю Ліды.

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік
Суднік: «Уяжджаючы са слаўнага Менску, першае, што вы ўбачыце — крыж Эўфрасіньні Полацкай. Такі самы крыж убачыце, калі будзеце выяжджаць у бок Гародні — Ліда ім пачынаецца і заканчваецца. Узьнікалі новыя вуліцы — Грунвальдзкая, Замкавая, бульвар Князя Гедыміна. Былі спачатку павешаны шыльды на расейскай мове. Калі мной у выканкаме было зададзена пытаньне, чаму так, адказ прагучаў — „Лахануліся“. Усе шыльды былі замененыя на беларускія. Каб беларускасьці было больш, трэба, каб больш беларусаў знаходзілася ва ўсіх органчыках улады — камунальных службах, сельсаветах. Няма на Лідчыне праціўнікаў беларускай мовы — ёсьць тыя, хто „за“ і каму „ўсё роўна“. Зайшоў на пошту паглядзець каталёгі, сустракаю вучаніцу, якая са мной заўжды гутарыць па-беларуску. І раптам апэратарка кажа — „Калі ласка, вось ваш каталёг!“ Інакш кажучы, калі зьяўляюцца два беларускамоўныя, будзе трэці, чацьвёрты. І задача — знайсьці двух, і каб яны не маўчалі!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Хай так будзе!»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG