Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герасіменя: Нам не хапае каранёў, каб адчуць сябе вялікай нацыяй


Двухразовая сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Лёндане Аляксандра Герасіменя заявіла, што з пункту гледжаньня эстэтыкі ёй больш сымпатычны бел-чырвона-белы сьцяг.

«Ды і гісторыя ў яго куды больш багатая і насычаная — Вялікае княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясьвіж, той жа Клецк. Мне ня хочацца думаць аб тым, што Беларусь вядзе адлік ад 1917 года, і ганарыцца тым, што мы чэмпіёны сьвету па колькасьці вуліц Леніна, Маркса, Энгельса і яшчэ бог ведае каго, хто ў нас зроду ня быў. У нашай гісторыі ёсьць нямала слаўных дат, і давайце ня будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаваў Эўропы», — сказала знакамітая плыўчыха газэце «Прессбол».

«Вельмі вялікае ўражаньне на мяне зрабіла інтэрвію „Прессболу“ нашага знакамітага гісторыка Захара Шыбекі, у якім ён распавёў шмат чаго пра невядомыя старонкі гісторыі краіны. Шкада, вядома, што мы выпусьцілі ініцыятыву і літоўцы лічаць сябе нашчадкамі той вялікай дзяржавы. Нам не хапае каранёў, каб адчуць сябе вялікай нацыяй, а генэтыка — вялікая штука, якая творыць цуды нават праз стагодзьдзі», — лічыць спартоўка.

Раней пра сьцягі выказваліся і іншыя спартоўцы.

У біятляністкі Дар’і Домрачавай падчас прэс-канфэрэнцыі спыталі, што яна адчувае, калі бачыць на трыбунах бел-чырвона-белы сьцяг. Яна адказала так:

«Заўсёды прыемна адчуваць падтрымку. Я абараняю колеры чырвона-зялёнага сьцяга, ён уздымаецца ў гонар маіх перамог. Мне здаецца, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Думаю, людзі атрымліваюць задавальненьне ад выступленьняў незалежна ад іх палітычных поглядаў».

Штурхальніца ядра Надзея Астапчук сказала ў інтэрвію goals.by, што ў гісторыі Беларусі ёй самы цікавы пэрыяд ВКЛ, бо «гэта сапраўднае беларускае дзяржаўнае фармаваньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG