Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрабанда цыгарэтаў: правозяць на целе, хаваюць у аўтамабілях і вагонах


«Нашага кантрабандыста наўрад ці што спыніць»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк

Жыхар Берасьця возіць у Польшчу салярку, схаваныя цыгарэты, а назад — электронныя прылады, побытавую хімію і г.д. Гэты чалавек перакананы, што кантрабанда будзе квітнець заўсёды, бо дае заробак многім берасьцейцам

Значная частка насельніцтва Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны цалкам ці часткова жыве з таго, што езьдзіць у Польшчу: туды возяць паліва і цыгарэты, а адтуль — розны тавар на продаж. Дзеля таго каб атрымаць прыбытак, трэба перавозіць значна болей, чым гэта дазволена, а значыць — станавіцца кантрабандыстам.

Гарадзенскія газэты і сайты штотыдня стракацяць паведамленьнямі, што на мяжы затрымалі кантрабандны груз. Інфармацыя чытэльная, звычайна месьціцца на першых старонках.

Вось, да прыкладу, паведамленьне: на чыгуначным вакзале ў гарадзенца канфіскавалі 41 смартфон iPhone 5. Высьветлілася, што чалавек нідзе не працуе.

Грамадзянін Польшчы ў газавым балёне спрабаваў правезьці 460 пачкаў цыгарэт, а яшчэ адзін паляк правозіў, таксама ў газавым балёне, партыю адзеньня на 14 мільёнаў рублёў.

На чыгуначным вакзале ў Горадні перад адыходам цягніка ў Польшчу шматлюдна. На мытню імкнуцца пераважна маладыя людзі — часта студэнты і нават школьнікі, а таксама пэнсіянэры — усе між сабой вітаюцца, як старыя знаёмцы. Усім вядома, што ў Польшчу яны вязуць цыгарэты.

У перавозцы цыгарэтаў нічога не зьмяняецца: як разьбіралі вагоны, пакуючы ў іх блёкі цыгарэтаў, так і разьбіраюць, чапляюць на сябе і замотваюць скотчам, хаваюць у кішэні, у сумкі з падвойным дном

Адзін з спадароў, які стала езьдзіць цягніком, кажа, што прыёмы перавозкі застаюцца адны і тыя ж цягам гадоў.

Спадар: «У перавозцы цыгарэтаў нічога прынцыпова не зьмяняецца: як разьбіралі вагоны, пакуючы ў іх блёкі цыгарэтаў, так і разьбіраюць, чапляюць на сябе і замотваюць скотчам, хаваюць у кішэні, у сумкі з падвойным дном. Усіх аглядаюць, прычым часта так, што польскі мытнік можа абмацаць мужчын, а мытніца — жанчын».

Адзінае, што значна зьмянілася на польскім баку, — штрафы. Вядомыя выпадкі, калі за правоз буйной кантрабанды канфіскоўвалі аўта. Пра гэта кажуць і тыя, хто езьдзіць цягніком.

Дзяўчына: «Вядома, абшукваюць, і калі знаходзяць — то штраф, альбо, як яны называюць, мандат. За адзін лішні пачак цыгарэт — 210 злотых».

Ейная сяброўка: «А калі болей знайшлі, то і штраф можа быць большы».

На памежным пераходзе для аўта асабліва баяцца, калі дзяжураць так званыя «чорныя» — гэта служба, якая правярае аўта пасьля таго, як іх спраўдзяць польскія мытнікі. Калі нешта западозраць, то раскручваюць аўта на часткі.

Заробак складае — 1 даляр на пачку цыгарэтаў. Калі правёз блёк — маеш 10 даляраў

Больш за тое, як распавядае мне адзін з кантрабандыстаў, польскія мытнікі цяпер усё часьцей выкарыстоўваюць для пошуку кантрабанды навучаных сабакаў. Кантрабандысты на гэта, пад вялікім сакрэтам распавядае мне суразмоўца, адрэагавалі тым, што пачалі класьці ў машыну воўчую поўсьць, каб іх адпудзіць.

Праўда, кажа мне спадар, калі цябе пранесла, то можаш падлічваць прыбыткі.

Спадар: «Заробак складае — 1 даляр на пачку цыгарэтаў. Калі правёз блёк — маеш 10 даляраў».

Пра тое, як удаецца правозіць кантрабанду, людзі ня любяць казаць, бо такой працы не жадаюць нікому.

Спадар: «Гэта ўсё тыя ж нэрвы. Едзеш у той бок — палякі цябе практычна за чалавека ня лічаць. А назад ім вязі што хочаш, яны на цябе не зьвяртаюць увагі. А назад нашыя ўжо — у кожным чалавеку бачаць кантрабандыста, які нешта вязе, хоча абавязкова падмануць гэтую дзяржаву. І таксама ня лічаць нас за людзей».

Не ад добрага жыцьця мы туды езьдзім. Працы ня маем, таму трэба езьдзіць

Але вельмі ахвотна людзі падтрымліваюць размову, калі гаворка заходзіць пра тое, чаму яны гэтым займаюцца.

Спадар: «Самі ведаеце, не ад добрага жыцьця мы туды езьдзім. Працы ня маем, нідзе не працуем, а таму трэба езьдзіць. Вось пакуль да сакавіка віза дзейнічае, трэба езьдзіць, бо далей невядома».

Іншы спадар: «Канечне, каб тут атрымлівалі нармальны чалавечы заробак, то людзі б трымаліся сваіх працоўных месцаў і ўсё б было нармальна».

Спадарыня: «Дзьве дачкі на выданьні ў мяне, а яшчэ кватэру будую. Папераводзіла іх на завочнае, каб вучыліся і працавалі. Вось дачка два курсы скончыла і пайшла на завочнае, бо я не магу яе ўтрымліваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG