Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Аліневічу скарацілі спатканьне з трох да адных сутак


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Прыкладна ў адзін час адразу чатыром палітзьняволеным дазволілі доўгатэрміновыя спатканьні з роднымі.

У суботу з Наваполацкай калёніі вярнулася маці Ігара Аліневіча спадарыня Валянціна. Замест трох сутак ім з мужам дазволілі правесьці з сынам толькі адны суткі:

«Па-іншаму ў нас не бывае. За ўвесь час, які ён там, больш за адны суткі нам не давалі ніколі. І кіраўніцтва калёніі ўхіляецца ад тлумачэньняў. Я паспрабавала сустрэцца з начальнікам калёніі, а ён кажа: «Нам няма пра што з вамі размаўляць».

Трымаецца Ігар добра, настрой бадзёры, толькі выглядае вельмі бледным і схуднелым, распавяла маці:.

«Я яго абняла, ён кажа: «Пахне ад цябе домам. А ад мяне — турмой?» Я адказваю: «Не, маім родным дзіцем». Мы з мужам адразу хацелі яго карміць. А Ігар кажа: «Давайце спачатку паразмаўляем, я так вас даўно ня бачыў…»

Ігар Аліневіч — вэгетарыянец. Як злоснаму парушальніку рэжыму яму «ўрэзалі» так званую «атаварку» — патраціць на ежу і прадметы асабістай гігіены ён можа толькі 100 тысяч рублёў у месяц:

«І ён хацеў бы садавіну і гародніну купляць. А іх у турэмнай краме няма наагул. Ігар вельмі шчасьлівы, што купіў 3 кіляграмы цыбулі. Я прывезла два мяхі яблык — у дар атраду. Дык не дазволілі пакінуць — маўляў, няхай прападае, толькі каб не дасталося людзям. Мне было дакладна сказана: загад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў — прадукты перадаваць забаронена».

Такім чынам, з сабой у атрад Аліневічу не дазволілі наагул нічога ўзяць з прадуктаў.

Аляксандар Францкевіч
Аляксандар Францкевіч
У панядзелак а 14-й гадзіне маці Аляксандра Францкевіча выйшла з Івацэвіцкай калёніі. Спадарыні Тацяне дазволілі правесьці з сынам трое сутак, а таксама пакінуць 15 кіляграмаў прадуктаў.

«Трымаецца Саша добра, настрой бадзёры. Адзінае, што выклікае ў мяне трывогу — сын распавёў, што ціск на яго цяпер ідзе ня з боку адміністрацыі, а адміністрацыя падбухторвае пэўных зьняволеных, і яны пачынаюць яго правакаваць на скандалы. Да таго ж адміністрацыя прымушае іншых вязьняў не кантактаваць з Сашам».

Што да прашэньня аб памілаваньні, маці зь ім размаўляла на гэтую тэму, але сын трымаецца:

«Нічога пісаць ён не зьбіраецца. Настрой, як я зразумела, у яго — трымацца да канца. Сказаў мне: „Мама, наконт гэтага нават і не заікайся“. Гэта ягоны выбар».

Не зьбіраецца нічога пісаць і Ігар Аліневіч, кажа спадарыня Валянціна:

«Ён вельмі ня любіць, калі яго пачынаюць упрошваць. Да таго ж яму ўжо 28 гадоў, ён дарослы мужчына, са сваімі ўяўленьнямі пра дабро і зло і як сябе паводзіць. Я яму сказала: «Якое б ты ні прыняў рашэньне, я заўсёды цябе падтрымаю».

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок
Ад трэцяга фігуранта справы анархістаў — Мікалая Дзядка — лісты ідуць вельмі доўга. Пяць месяцаў таму ён трапіў на паўгода ў камэру-адзіночку — памяшканьне камэрнага тыпу. Ягоная жонка Валерыя Хоціна распавяла:

«Апошні ліст быў датаваны яшчэ 1 лістапада. Мікалай напісаў, што працягваецца на яго ціск і, магчыма, зноў яго пасадзяць у карцэр. Папярэдне ў яго тэрмін ізаляцыі ў ПТК быў да 1 сьнежня, але 12 сутак ён адседзеў у ШЫЗА, і гэтыя дні ня ўлічваюцца. Таму, калі ён зноў ня трапіць у ШЫЗА, роўна празь месяц, 13 сьнежня — у яго тэрмін выхаду з адзіночкі».

Усе спатканьні з роднымі і перадачы Мікалаю Дзядку забароненыя.

Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года па справе так званых анархістаў разам зь Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Дзядок адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17. Аляксандар Францкевіч атрымаў 3 гады зьняволеньня, Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG