Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч размаўляе 10–15 хвілін у дзень


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч нічога не казаў пра тое, што будзе падаваць прашэньне аб памілаваньні, хоць адбывае пакараньне ў вельмі жорсткіх умовах у гарадзенскай турме № 1. Пра гэта распавяла жонка зьняволенага Алена Аўтуховіч.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч адбывае пакараньне у турме строгага рэжыму ў Горадні. Сюды яго перавялі з Івацэвіцкай калёніі як злоснага парушальніка рэжыму. У 2010 годзе Мікалай спрабаваў выкрыць карупцыю ў мясцовай уладзе ў Ваўкавыску. Яго пакаралі 5 гадамі зьняволеньня нібыта за незаконныя дзеяньні са зброяй. Жонка палітвязьня Алена перажывае, што ўмовы ўтрыманьня ў турме вельмі цяжкія. У размове з карэспандэнтам «Свабоды» яна распавяла:

«Нялёгка там. Спэцыфічны сам будынак. Першы паверх — гэта практычна паўпадвальнае памяшканьне. Бывае, у іх гаражы робяць, каб патлумачыць больш папулярна. Вакенца там, відаць, ёсьць якраз у гэтай частцы над зямлёй. Ну, натуральна, там сыра і холадна, сьцены мокрыя. Вядома, жахлівыя ўмовы для здароўя. Ён мне піша, што ў яго ўсё добра, што ён усё вытрымае, што настрой у яго нармальны. Магчыма, каб мяне не трывожыць. Ну, холадна, і ўсё на гэтым. Насамрэч ён сядзіць у такіх умовах, што, зразумела, вельмі цяжка. Камэра маленькая, вуглавая, халодная. Зімой, калі мароз, ён надзяе шапку ў памяшканьні, таму я думаю, што тэмпэратура невысокая. Я наагул ня ведаю, як там можа вытрымаць чалавек».

Вязьням турмы строгага рэжыму тэлефанаваць не дазваляюць, Кароткачасовыя спатканьні, на якія Алена ходзіць разам з дачкой, — адзін раз на паўгода, сёлета гэты ліміт ужо вычарпаны. Паміж вязьнем і роднымі — шкло, размова ідзе праз тэлефонныя слухаўкі пад наглядам ахоўнікаў. Алена кажа, што побыт Мікалая нічым не адрозьніваецца ад іншых вязьняў:
Камэра маленькая, вуглавая, халодная. Зімой, калі мароз, ён надзяе шапку ў памяшканьні

«Сядзіць у вельмі маленькай камэры. Кажа, што размаўляе мала, максымум 10–15 хвілін у дзень. Не тлумачыць, чаму. Што ён можа? Гадзіну ходзіць на шпацыр, і ўсё. Як можа, праводзіць час. Лісты адпісвае, атрымлівае пошту, чытае кнігі і газэты. Кажа, што час ляціць хутка. Жыве пакуль, усё нармальна пакуль, кажа. Ня ўсё яму можна есьці, са страўнікам праблемы ўжо ёсьць, гэта зразумела, абвастраецца. Прастуджваецца, кожны раз яму вітаміны пасылаю і таблеткі ад прастуды».

Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, гэта тыповая сытуацыя для беларускіх турмаў:

«Заўсёды ёсьць выбар тых ці іншых камэр, куды яны разьмяшчаюць асуджаных. Але існуюць некалькі асаблівых камэр для тых, каго трэба ці зламаць, ці зрабіць нейкі ціск. Я думаю, гэта і адбываецца цяпер з Аўтуховічам. Гэта дзікунства. Калі нас дапусьцяць да маніторынгу месцаў пазбаўленьня волі, то адразу мы зможам прадэманстраваць тое, як нараджаецца фашызм у асобна ўзятых калёніях».

Журналіст Андрэй Пачобут, які быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы, распавёў, што турэмнае начальства ведае, дзе лепшыя, дзе горшыя ўмовы.

«Насамрэч у гарадзенскай турме ёсьць камэры, дзе такія паскудныя ўмовы ўтрыманьня. Тыя, хто са мной сядзеў, распавядалі пра розныя камэры. І тое, што кажа жонка Аўтуховіча, абсалютна верагоднае. І відавочна, што, зьмяшчаючы яго ў такія ўмовы, хочуць аказаць на яго ціск. Проста хочуць яму скласьці максымальна цяжкія ўмовы ўтрыманьня. Я разглядаю гэта ў кантэксьце стаўленьня да палітвязьняў, ад якіх патрабуюць прашэньня на імя Лукашэнкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG