Яны напалі на Віталя і разьмясьцілі здымкі зьбіцьця ў інтэрнэце. Падставай для расправы сталася нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя пацярпелага.
Віталь Гуляк не хавае сваёй нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. На гэтай глебе ён пазнаёміўся праз інтэрнэт зь юнаком, зь якім дамовіўся пра сустрэчу каля менскага кінатэатру «Аўрора» 27 ліпеня. Аднак там Віталя чакаў не юнак, а чацьвёра агрэсіўна настроеных мужчын, якія яго зьбілі, зьвінаваціўшы яшчэ і ў пэдафіліі. Бо юнаку, ад імя якога яны перапісваліся зь Віталем, было нібыта 16 гадоў. Віталь Гуляк зьвярнуўся ў міліцыю Фрунзенскага раёну, дзе гэты факт пацьвердзілі:
«27 ліпеня Віталь Гуляк з Ваўкавыску напісаў заяву з просьбай спыніць праверку і нікога да адказнасьці не прыцягваць. Гэта значыць, што 27 ліпеня ён выклікаў міліцыю і ў гэты ж дзень напісаў сустрэчную заяву з адмовай ад праверкі».
Асьцерагаючыся перасьледу, Віталь Гуляк сапраўды адмовіўся ад праверкі ў дзень нападу, але назаўтра ўсё ж напісаў пісьмовую заяву. У сваю чаргу нападнікі, якія на старонках сацыяльных сетак называюць сябе ўдзельнікамі суполкі «Скураны мікрафон» і «змагарамі з пэдафіламі», разьмясьцілі здымкі зьбіцьця ў інтэрнэце. У выніку ўчастковы Аляксандар Яфімік выявіў асобы ўдзельнікаў нападу: Дзьмітрыя Сьцяпанава, Сяргея Грыневіча і Аляксандра Барадзіна. Але толькі супраць чацьвёртага, Аляксея Чугнадзэ, распачатая адміністрацыйная справа. У завядзеньні крымінальнай справы супраць астатніх Віталю Гуляку адмовілі. Намесьніца старшыні праваабарончага праекту «Гейбеларусь» Натальля Манькоўская гэтак пракамэнтавала падзеі:
«Іх дзеяньні, па-мойму, недапушчальныя: людзі загадзя сплянавалі напад на чалавека, з асаблівым цынізмам зьдзекаваліся зь яго ў грамадзкім месцы, а пасьля выставілі ўсё гэта ў інтэрнэт для ўсеагульнага прагляду. І тое, што міліцыя не палічыла патрэбным перапыніць такія супрацьпраўныя дзеяньні ў зародку, — бо зразумела, што гэтыя людзі не зьбіраюцца спыняцца на дасягнутым, — усё гэта дзіўна і незразумела».
Тым часам Віталь Гуляк ня мае намеру саступаць і спрабуе прыцягнуць да адказнасьці ўсіх удзельнікаў групавога нападу: з дапамогай праваабаронцаў «Гейбеларусі» і Беларускага Хэльсынскага камітэту ён зьвярнуўся ў суд Фрунзенскага раёну, каб усіх чатырох прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Прававыя аспэкты магчымых гомасэксуальных дачыненьняў дарослага мужчыны з уяўным 16-гадовым юнаком і зьбіцьцё чалавека паводле прыналежнасьці да гей-супольнасьці камэнтуе юрыст БХК Гары Паганяйла:
«Падчас інтэрнэт-перапіскі маладзён паведамляў, што яму 18 гадоў, а не 16, гэта па-першае. А па-другое, калі гаворка і вядзецца пра 16-гадовага, то ў перапісцы не вялося гаворкі пра тое, што сустрэча мае на мэце гомасэксуальную сувязь. А вось маладыя людзі, якія адмыслова завялі зь ім перамовы, дзейнічаюць, безумоўна, самаўпраўна. Публічнае ж зьбіцьцё — гэта хуліганства».
У звароце ў суд Віталь Гуляк просіць прыцягнуць удзельнікаў групоўкі да адказнасьці паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб абразе, а таксама аб незаконным зьбіраньні або распаўсюдзе інфармацыі пра прыватнае жыцьцё.