Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Белсат» прыйшлі «Пераемнікі»


Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла
Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла

13 верасьня на тэлеканале «Белсат» пачынаецца прэм’ерны паказ фільмаў-партрэтаў пад агульнай назвай «Пераемнікі». Галоўнымі героямі сэрыялу — маладыя асобы беларускай палітыкі, культуры, мастацтва. Аўтары праекту — кінадакумэнталіст Андрэй Куціла і наш калега, вядучы аўтарскіх праграмаў на Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі.

Дакумэнтальны цыкль складаецца з 12 сэрыяў, кожная прысьвечаная адной цікавай асобе. Як удакладняюць самі стваральнікі, гэта партрэты маладых людзей, якія змогуць вызначаць палітычную, грамадзкую, культурную прастору ў Беларусі пасьля эпохі Лукашэнкі. Гаворыць Вячаслаў Ракіцкі:

«Гэты сэрыял прысьвячаецца маладым, актыўным беларусам. Тым маладым людзям, якія кожны ў сваёй галіне сёньня зьяўляюцца лідэрамі і якія, як нам падаецца, будуць вызначаць новую Беларусь, яе культурную прастору, палітычную, прававую і г.д. Нам вельмі хацелася стварыць групавы партрэт сёньняшняга пакаленьня маладых людзей, якія не зьявіліся з космасу, якія маюць вельмі багатыя карані ў сваіх усьведамленьнях, якія абапіраюцца на вялікі досьвед беларускіх гуманістаў, асьветнікаў, пісьменьнікаў, палітыкаў. І якія іх ідэі ўжо на новым этапе, у новы час нясуць і даносяць да людзей. Гэта і палітык, і праваабаронца, і паэт, і журналіст, і фатограф, і некаторыя іншыя. Карацей кажучы, нам вельмі хацелася стварыць групавы партрэт маладых людзей, якія ўжо сёньня вызначаюць культурную прастору Беларусі і якія будуць моцна ўплываць на далейшы шлях Беларусі».

Гэтыя людзі прадстаўляюць самыя розныя сфэры дзейнасьці: тут моладзевы актывіст Андрэй Кім, маладафронтавец Алесь Кіркевіч, праваабаронца Наста Лойка, фатограф Юрый Маціюн, пісьменьнік-перакладчык Павал Касьцюкевіч, паэт-журналіст Глеб Лабадзенка, мастачка Кацярына Сумарава, журналіст Віталь Зыблюк, літаратарка Валерыя Кустава, артыст Раман Падаляка, музыка Вінсэнт, арт-мэнэджэр Павал Белавус. Чаму выбар спыніўся менавіта на гэтых асобах — а маральных арыенціраў у Беларусі досыць багата — апавядае Вячаслаў Ракіцкі:

«Натуральна, адбор быў даволі няпросты, цяжкі. Мы вельмі ўважліва аналізавалі дзейнасьць маладых людзей у розных галінах творчасьці, палітыкі, адукацыі. Але, з аднаго боку, гэта павінны быць людзі, якія ўжо нешта стварылі, якія ўжо ўплываюць на сьвядомасьць грамадзтва. Зь іншага боку — гэта тэлебачаньне, гэта кіно; павінны быць людзі, якія маюць нейкі ўнутраны драйв, харызму. Таму што мы іх паказваем ня проста ў нейкіх філязофскіх роздумах, развагах пра вельмі абстрактныя, далёкія рэчы. А перадусім паказваем іх у актыўнай дзейнасьці».

Якая гарантыя, што самі гледачы пагодзяцца бачыць у прапанаваных героях інтэлектуальную будучыню Беларусі? Ці ня ёсьць для некаторых гэта своеасаблівым авансам? Меркаваньне Вячаслава Ракіцкага:

«Натуральна, такі выбар можа здацца правакацыйным для гледача, натуральна, што будуць пакрыўджаныя. Нават у часе здымак, калі мы здымалі мастачку Кацярыну Сумараву на адкрыцьці яе выставы, да нас падбягалі іншыя маладыя мастакі і запытвалі: чаму вы здымаеце менавіта яе, а ня нас? Маладыя людзі вельмі хочуць, каб пра іх гаварылі, бо яны актыўныя, яны не хаваюць сваіх пазыцыяў. Так, я пагаджаюся, што, магчыма, для некаторых гэта будзе і авансам. Магчыма, хтосьці ня вытрымае змаганьня, бо нават у мастацтве, у творчасьці сёньня маладыя людзі змагаюцца за сваё месца пад сонцам, а некаторыя нават увогуле за жыцьцё, як гэта было ў Алеся Кіркевіча. Змагаюцца за жыцьці іншых, як гэта робіць Наста Лойка. Магчыма, камусьці мы зробім аванс, але тым цікавей будзе вярнуцца да іх лёсаў, паглядзець, што зь імі здарылася праз 5–10 гадоў».

Цягам апошняга часу на «Белсаце» дэманстраваліся і іншыя працы Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы. Сярод іх дакумэнтальныя фільмы «Сьцяна», «Краты», «Выбар Саньнікава», «Дарога Статкевіча», «Даволі! Да Волі...». Чым розьніцца новы праект ад папярэдніх?

«У бальшыні сваёй нашы героі сёньня — аптымісты. Таму нам было вельмі цікава працаваць, асабліва пасьля мінулага году, калі мы зьнялі вельмі дэпрэсіўныя, я сказаў бы, пэсымістычныя сэрыялы „Сьцяна“, „Краты“ і, нарэшце, фільм „Даволі! Да Волі...“ Цяпер мы сутыкнуліся з маладымі людзьмі, якія поўныя аптымізму. Нягледзячы нават на тое, што некаторыя зь іх ужо пабывалі і ў турмах...»

У чацьвер 13 верасьня а 19.30 у першай частцы дакумэнтальнага цыклю «Пераемнікі» — аповед пра паэтку Валерыю Куставу. Затым кожны чацьвер у той жа час будуць дэманстравацца наступныя сэрыі кінапартрэтаў маладых беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG