Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне «хрушчовак»?


Будаўнічы ажыятаж з прыцягненьнем крэдытаў па выгадных стаўках адыходзіць у мінулае. З аднаго боку, банкі з прычыны абясцэньваньня беларускага рубля масава згортваюць праграмы пазыкаў на будаўніцтва, зь іншага – дзяржава больш жорстка разьмяжоўвае тых, хто мае патрэбу ў жыльлі, і тых, хто на гэтым намагаўся зарабіць.

Такім чынам, ільготнае крэдытаваньне застаецца актуальным для шматдзетных сем'яў і супрацоўнікаў сілавых структураў. Дый тое з папраўкай, што ў якасьці варыянту ім прапануюць так званыя арэндныя дамы паніжанай камфортнасьці.

Новы парадак ільготнага крэдытаваньня насельніцтва на будоўлю жыльля ўхвалены Аляксандрам Лукашэнкам і накіраваны ў Савет міністраў, каб узгадніць дэталі. Перавага аддаецца шматдзетным сем'ям, грамадзянам, якія маюць права на сацыяльнае жыльлё, чаргавікам, якія больш за 10 гадоў жывуць у інтэрнатах, вайскоўцам, міліцыянтам ды іншым слугам рэжыму. Пры гэтым шматдзетным мяркуецца захаваць 1% гадавых на 40 гадоў, для іншых катэгорый – 10% ад стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку і на 20 гадоў, па цяперашніх паказьніках – 3,5%. Астатнія могуць спрабаваць будавацца па камэрцыйных стаўках, якія ў кастрычніку перавышалі 40%, а разам з дадатковымі выплатамі кошт крэдыту дасягаў нават 70%.

Экспэрт у галіне крэдытаваньня Маргарыта Сіўцова кажа, што новыя правілы істотна абмяжуюць магчымасьці беларусаў, бо пры цяперашніх прыбытках будавацца за ўласныя ашчаджэньні нерэальна:

«За апошні час склалася тэндэнцыя: людзі калі й будавалі за крэдытныя сродкі, то гэта было так званае муніцыпальнае жыльлё ці долевае будаўніцтва. Якраз тыя грошы, якія ў рамках дзяржаўнай праграмы
Эгортваньне ільготнага крэдытаваньня паставіць пад сумнеў пэрспэктыву ўласнага кута для тысяч беларусаў.

выдаваліся па зусім маленькіх стаўках – пад 3–5% – дзяржаўнымі банкамі грамадзянам, якім падышла чарга. Альбо будаўніцтва коштам уласных сродкаў, і там гаворка вялася ў сярэднім пра 20% у беларускіх рублях. Што тычыцца крэдытаў, якія выдаваліся на агульных падставах, то яны зрабіліся непапулярнымі, бо людзі з-за высокіх ставак іх практычна ня бралі. І нават калі такога кшталту крэдытаваньне адыдзе, яно істотным чынам не адаб'ецца на рынку нерухомасьці. А вось згортваньне ільготнага крэдытаваньня паставіць пад сумнеў пэрспэктыву ўласнага кута для тысяч беларусаў».

Праграмы спэцыяльнага крэдытаваньня працягваюць 4 дзяржаўныя банкі: «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «БПС-Сбербанк» і «Белінвэстбанк». Аднак улады кардынальна пераглядаюць крытэрый малазабясьпечанасьці, які дае права на ільготнае крэдытаваньне. Так, з трох да двух мінімальных спажывецкіх бюджэтаў зьнізіцца паказьнік беднасьці. Цяпер малазабясьпечанымі лічацца грамадзяне з прыбыткам 2 мільёны 659 тысяч рублёў на кожнага чальца сям'і штомесяц, але гэты паказьнік прапанавана панізіць. Апроч таго, з 20 да 15 квадратных мэтраў на чалавека зьніжаецца нарматыў ільготнага крэдытаваньня. Набыў моц прэзыдэнцкі ўказ, у адпаведнасьці зь якім з 15 да 10 квадратных мэтраў на чалавека зьніжаны паказьнік пастаноўкі на чаргу для тых, хто мае патрэбу ў жыльлі.

Пасьля таго як працэнты за карыстаньне пазыкай вырасьлі ўдвая, магчымасьць крэдытаваньня для большай часткі насельніцтва зрабілася недаступнай. Экспэрты фінансавага парталу infobank.by падлічылі: калі пазычыць у банку 300 мільёнаў рублёў на 20 гадоў, то, параўноўваючы зь мінулым годам, сумарны кошт крэдыту ў сярэднім вырасьце ў 2 разы. Пры стаўцы 14,5% за 20 гадоў працэнты і асноўны доўг склалі б 735 мільёнаў рублёў пры штомесячных выплатах 3 мільёны. Пры росьце працэнтнай стаўкі да 31% агульны кошт крэдыту ўзрастае да 1 мільярда 230 мільёнаў рублёў са штомесячнай выплатай звыш 5 мільёнаў рублёў. Пры тым, што сярэдні заробак па краіне не дацягвае і да 3 мільёнаў.

Разьвязаць праблему ўлады зьбіраюцца наступным чынам. Каб кватэра стала таньнейшай — трэба зьменшыць яе плошчу. У Менску пачалося ўзьвядзеньне двух экспэрымэнтальных дамоў, якія ставяць крыж на
Каб кватэра стала таньнейшай — трэба зьменшыць яе плошчу.

абяцаньнях уладаў забясьпечыць беларусаў камфортным жыльлём і адкідаюць жыльлёвую палітыку да эпохі цесных «хрушчовак». Прадукт арыентаваны на малазабясьпечаныя сем'і і ўяўляе сабой «кватэры-студыі» плошчай ад 20 квадратных мэтраў з сумешчаным санвузлом і мікраскапічнай кухняй. Мяркуецца, што першымі жыхарамі гэтых дамоў будуць працаўнікі Парку высокіх тэхналёгій, а зь цягам часу такія «дамы-вульлі» зьявяцца ў кожным раёне сталіцы і большая іх частка застанецца ў камунальнай уласнасьці.

Яшчэ адзін спосаб, прапанаваны ўладамі, – перасяліць як найбольш бескватэрных менчукоў у гарады-спадарожнікі. Адрапартавана, што ўжо
Яшчэ адзін спосаб – перасяліць бескватэрных менчукоў у гарады-спадарожнікі.

больш за тысячу сем'яў выказалі жаданьне будавацца ў Смалявічах, дзе кошты на нерухомасьць меншыя за сталічныя. Да таго ж гэта павінна спрыяць асяданьню людзей у рэгіёнах, што дазволіць часткова разгрузіць мэгаполіс. Між тым, як лічыць архітэктар Лявонці Зданевіч, такі падыход праблему не вырашае, бо ўсё новыя рэгіянальныя беспрацоўныя будуць штурмаваць Менск:

«Калі будуць створаныя адпаведныя ўмовы на месцах, у рэгіёнах для разьвіцьця эканомікі, для прыватнага бізнэсу, калі ўзьнікне шмат маленькіх перапрацоўчых прадпрыемстваў на пэрыфэрыі – а яны могуць узьнікнуць толькі тады, калі будзе падтрымлівацца прыватная ўласнасьць, – тады зьявіцца магчымасьць людзям ня ехаць у тую сталіцу. Бо яны могуць атрымаць добры заробак, добрую цікавую працу на месцы. Навошта ім гэты Менск, скажыце калі ласка? Праўда? Пакуль гэтага няма, дык пра што размова? Вы ж паглядзіце: наша пэрыфэрыя, па сутнасьці, беспрацоўная – прадпрыемстваў, якія эфэктыўна працуюць, амаль што няма. Але аб'ектыўна сытуацыя ў Беларусі проста ідэальная для нармальнай дзяржаўнай палітыкі. Такой сытуацыі, як у Беларусі, ніводная краіна ня мае: кампактная тэрыторыя, нармальная транспартная інфраструктура. Тым больш на гэтым этапе разьвіцьця тэхнікі, калі аўтамабіль рэальна ўжо мае амаль што кожная сям'я. Гэта ж абсалютна не праблема – забясьпечыць годныя ўмовы для ўсіх».

У чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў толькі ў Менску стаіць 280 тысяч сем'яў. Экспэрты кажуць, што адсяліць такую масу людзей у гарады-спадарожнікі ці дамы-вульлі будзе надзвычай складана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG