Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Алексіевіч: «Цалкам бясьпечнага грамадзтва ўжо ня будзе ніколі»


Пра прычыны і ўрокі тэракту ў Нарвэгіі гаворыць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Дракахруст: Як вы лічыце, ў чым прычына тэракту ў Нарвэгіі? Краіна -- сусьветны лідэр дабрабыту, лідэр свабоды, мусульманская грамада ў краіне не такая ўжо вялікая. Дык чаму?

Алексіевіч: Дзякуючы сучасным тэхналёгіям мы жывем у агульным сьвеце. А доля мусульманскага насельніцтва ў краіне ўжо нічога ня
Інтэлектуалы казалі, што ўвесь жах жыцьця -- гэта недзе далёка, ў іх гэта немагчыма.

значыць. Гэта адна з прычынаў. Я месяц таму была ў Нарвэгіі. Гэта вельмі прыгожая і спакойная краіна. Але я там была пасьля Масквы і злавіла сябе на думцы, што доўга там не магла б жыць -- нудзілася б. І там такая астраўная псыхалёгія, многія людзі, зь якімі я размаўляла, а гэта пераважна інтэлектуалы, казалі, што ўвесь жах жыцьця -- гэта недзе далёка, ў іх гэта немагчыма.

Але гэтыя мікробы, інтэлектуальная зараза ўплывае на ўвесь сьвет.

Мне здаецца, што тут пэўную ролю адыграла рамантызацыя зла, гэтыя ўсе вампіры, пачвары ў сучасным мастацтве...у нас зьмяніліся стасункі са злом, яно ўжо не зусім зло, яно нават ідэалізуецца.

Мне здаецца, што гэта небясьпечна. Асабліва калі чытаеш развагі гэтага нарвэскага стралка, бачыш, якая каша ў яго ў галаве. Сумна, нудна, няма чым жыць.

Сучасны тэрарызм -- двух відаў: тэрарызм ідэі (Чачня, Ізраіль) і тэрарызм
Гэта, як высьветлілася, аднолькава небясьпечна -- быць фанатыкам ідэі ці жыць проста без ідэі.

без ідэі. Гэта, як высьветлілася, аднолькава небясьпечна -- быць фанатыкам ідэі ці жыць проста без ідэі.

Мы ад гэта не застрахаваныя, адзіночка ўсё часьцей кідае выклік сьвету. Нешта такое і ў нас адбылося. Здавалася б Беларусь зусім ціхая, правінцыйная краіна.

І што мяне яшчэ ўразіла -- што гэты нарвэскі стралок трэніраваўся на кампутары. Кампутар -- гэта іншая рэчаіснасьць, адчуваньне болі, зла робіцца эфэмэрным, як бы не ўсур'ёз.

Але найбольш мяне ўразіла тое, што на вуліцы Осла і іншых гарадоў
Кожны гэта перажываў, кожны не дэлегаваў гэтае ўзрушэньне камусьці, як было ў нас -- усе расхоплівалі газэты і чакалі, якога генэрала здымуць і што скажа прэзыдэнт.

Нарвэгіі выйшлі тысячы людзей. Я ўбачыла тое, што я не магла ўбачыць ні ў нас у Беларусі, ні ў Расеі, гэтае экзістэнцыйнае ўзрушэньне, якое было напісана на твары кожнага з гэтых людзей. Кожны гэта перажываў, кожны не дэлегаваў гэтае ўзрушэньне камусьці, як было ў нас -- усе расхоплівалі газэты і чакалі, якога генэрала здымуць і што скажа прэзыдэнт. А там было відаць, як працуе чалавечая душа. Людзі гуртуюцца, людзі думаюць. А ў нас гэта ператвараецца ў новую якасьць нянавісьці.

Дракахруст: У вашай кнізе пра Чарнобыль прыводзіцца такі эпізод: пасьля катастрофы на ЧАЭС эвакуацыяй займаліся ўзброеныя вайскоўцы. Вы пісалі аб абсурднасьці сытуацыі -- у каго яны зьбіраліся страляць са сваіх аўтаматаў, у радыяцыю? Гэтак і тут, у выпадку тэрарыста-адзіночкі -- якая тут можа быць адэкватная рэакцыя? Ну схапілі яго, а далей што?

Алексіевіч: Гэтае чаканьне, што мы можам неяк абараніцца -- пры сучасных тэхналёгіях гэта немагчыма. Мы будзем чым далей, тым больш, залежаць ад аднаго чалавека.

У нядаўняй катастрофе з параходам "Булгарыя" ў Расеі мяне ўразілі лічбы: са 102 жанчын уратаваліся толькі 32, з 56 мужчын -- 26, з 44 дзяцей -- толькі 14. Іншымі словамі, выжывалі больш моцныя. Яны адкідалі дзяцей і жанчын ад шлюпак, якіх было няшмат.

Сацыяльны чалавек у экстрэмальнай сытуацыі зьнікае імгненна, застаецца біялягічны.

Я думала пра тое, што культура няшмат можа, што не закладзена ў
Сацыяльны чалавек у экстрэмальнай сытуацыі зьнікае імгненна, застаецца біялягічны.

чалавеку мэханізм абароны бліжняга, закладзены інстынкт самазахаваньня.

І не выпадае спадзявацца, што дасьць вынік культура, палітыка ці нейкая таталітарнасьць -- у кожны дом заходзіць і правяраць -- гэта нерэальна.

Я мяркую, што адкрытасьць, пра якую гавораць у Нарвэгіі пасьля тэракту -- гэта адзіны шлях. Каб чалавечая душа ўсё ж апрацоўвалася. Бо калі замест любові будзе нянавісьць, будзе яшчэ горш.

Цалкам бясьпечным грамадзтва ўжо ніколі ня будзе. Мы можам яго зрабіць толькі больш бясьпечным. І толькі любоўю.

Дракахруст: На ваш погляд, ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі? Ну ў красавіку нешта падобнае і адбылося. Але я маю на ўвазе нешта падобнае з подбіўкай этнічнай ксэнафобіі. У Беларусі інаэтнічная грамада не такая вялікая, але і ў Нарвэгіі таксама.

Алексіевіч: Я мяркую, што вельмі кепска, што гэтаму стралку далі
Правільна, што суд зрабілі закрытым.

магчымасьць выкласьці свае погляды. Правільна, што суд зрабілі закрытым, але тысячы, калі не мільёны, людзей чыталі гэты яго вар'яцкі маніфэст, яшчэ адзін Майн кампф.

З аднаго боку, мы павінны мець інфармацыю, але зь іншага боку, гэта як вірус -- трэба знаць, што ён ёсьць, але ня трэба пускаць яго ў паветра.

Я мяркую, што ўжо нельга казаць, што нейкае грамадзтва можа быць нечым абароненае -- правінцыйнасьцю, адсталасьцю ці высокай культурай. Усе ўразьлівыя.

З таго, што нашы ўлады маўчаць аб тэракце ў Менску, не вынікае, што яны нейкім чынам да яго датычныя, хаця і гэта не выключана. Але я мяркую, што ўлада ў шоку ад таго, што нават пры такім татальным кантролі, як у нашым грамадзтве, яна ня можа пракантраляваць такія рэчы. Гэта вельмі моцна прынізіла і ўразіла таталітарную сьвядомасьць нашай улады. Людзі ня любяць казаць пра тое, што яны не разумеюць, калі яны прайгралі і не разумеюць чаму. У гэтым змаганьні з адзіночкай чалавецтва прайграе.

Дракахруст: А ці ня можа здарыцца так, што гэты нарвэскі тэрарыст урэшце даможацца свайго, прыцягне ўвагу да праблемы інаэтнічнай, інарэлігійнай іміграцыі? Праблема ж існуе, мы бачым гэта па канфліктах і палітычных пераменах у Эўропе, ў Расеі. Ці не атрымаецца так, што ён у пэўным сэнсе выйграе?

Алексіевіч: Зразумела, зь яго зробяць сьцяг нейкія людзі. У Беларусі гэта малаімаверна, але ў Расеі ў яго можа знайсьціся шмат прыхільнікаў, і ў Эўропе такія знойдуцца. Цяперашняя мультыкультурнасьць, тое, што сьвет ператварыўся ў караван-сарай, можа спарадзіць шмат розных складанасьцяў.

Я цяпер жыву ў Бэрліне ў вельмі буржуазным раёне, ён вельмі прыгожы, спакойны. Але праз 500 мэтраў, праз чыгунку -- там турэцкі раён. Там усё зусім іншае -- і людзі, і крамы. І ўвечары лепш туды не хадзіць. Як гэта можа зрасьціся -- я ня ведаю. І існуе ўзаемная варожасьць. Яна проста зьмікшаваная палітыкай, але тое, што напружанасьць ёсьць -- няма сумневу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG