Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Троіцкі: Цоя могуць забараніць толькі палітычныя камікадзэ


Сьцяна Цоя ў Ляхаўскім сквэры ў Менску.
Сьцяна Цоя ў Ляхаўскім сквэры ў Менску.
Кумір моладзі 1980-х, лідэр культавага гурту «Кіно» Віктар Цой праз 20 гадоў пасьля трагічнай сьмерці ў аўтакатастрофе нечакана палярызаваў беларускае грамадзтва. Як і за савецкім часам, ягоная творчасьць прызнаная «небясьпечнай» для палітычнай сыстэмы; разам з тым Цоевы хіты, перадусім песьня «Перамен», сталі гімнамі сучаснай моладзі, якая намагаецца палітычных пераўтварэньняў у Беларусі.

Бэтонная сьцяна з графіці памяці Віктара Цоя ў Менску, фрагмэнты якой сталічныя ўлады пэрыядычна пераносяць зь месца на месца, вось ужо два дзесяцігодзьдзі застаецца асноўным адрасам паломніцтва нефармальнай моладзі. Пасьля таго як за песьні Цоя ў Беларусі пачалі саджаць за краты, лапік зямлі ў раёне стадыёна «Дынама» набыў асаблівую значнасьць. Усяго за адзін квартал ад імправізаванага помніка, на Прывакзальнай плошчы, у Дзень незалежнасьці 3 ліпеня быў затрыманы і пазьней асуджаны на 10 сутак арышту прадпрымальнік Дзьмітрый Шаханаў, які слухаў у машыне песьню Цоя «Перамен». Ягоны «Мэрсэдэс», дарэчы, быў арыштаваны таксама.



Вядучы расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі лічыць, што нават улады Расеі, якія паступова капіююць беларускі мэтад выкараненьня іншадумства, не наважыліся б наўпрост зьвязваць цяперашнія акцыі пратэсту з творчасьцю Віктара Цоя:

Арцемій Троіцкі
«Я лічу, што вельмі складана знайсьці лягічнае тлумачэньне таму, што ўвогуле адбываецца ў Беларусі. Але тое, што ў Беларусі фактычна забаронены Цой, азначае, што беларуская сыстэма ўжо відавочна пайшла ўразнос. Таму што такія рэчы робяць, на мой погляд, толькі палітычныя камікадзэ.

Думаю, што Цой у Беларусі прыкладна гэткі ж папулярны, фігура яго гэткая ж манумэнтальная, як у Расеі. Цой — гэта чалавек, які гэтак жа, як і Высоцкі, любімы ўсімі. То бок яго слухаюць і 15-гадовыя, і 30-гадовыя, і 50-гадовыя. Прычым слухаюць прыблізна з аднолькавым энтузіязмам. Так што забраць у людзей Цоя — ну, гэта значыць папросту абсалютна зганьбіць сябе ў вачах вялізнай масы насельніцтва. Але ў прынцыпе ўсё ў парадку, гэта яшчэ знойдзе свой адэкватны працяг. Я з вамі заўсёды салідарны, Віця Цой з намі і з вамі, і застанецца з намі, з усімі свабодалюбнымі людзьмі заўсёды».

Гучная гісторыя неадэкватнай рэакцыі з боку праваахоўных органаў на песьні Віктара Цоя моцна ўзрушыла неабыякавых людзей. Творчасьць знакавага рок-выканаўцы пачала набываць другое жыцьцё. Ва ўмовах Беларусі ўсё гэтак жа актуальныя рэчы круцяць у машынах і дома; пасыпаліся віншавальныя заяўкі на радыёстанцыі — пастаўце песьню Цоя для сяброў, павіншуйце любімую дзяўчыну найлепшым хітом у выкананьні Цоя і г.д. Праўда, надоўга «адлігі» не хапіла: на распараджэньне адміністрацыяў дзяржаўнага радыё і FM-станцыяў Цой папоўніў «чорны сьпіс» беларускіх і замежных творцаў, забароненых да ратацыі ў Беларусі. Гэта пацьвердзілі і ў офісе адной з камэрцыйных радыёстанцый:

«Віктар Цой і дагэтуль не асабліва гучаў у нашым радыёэфіры. Бо ёсьць пэўны фармат, і калі нават хтосьці са слухачоў замаўляе канкрэтную рэч, таго ж Цоя, вядучы можа не казаць, якая гэта песьня, а проста зачытаць віншаваньне і паставіць нейкую песьню ад сябе. Але думаю, што падобная сытуацыя апошнім часам ужо абсалютна звыклая для ўсіх нашых радыёстанцый, калі забараняюцца нейкія песьні, якія з пэўных прычынаў ня могуць гучаць у эфіры».

Чым небясьпечны Віктар Цой для сілавікоў ды афіцыйнай прапаганды, якія намагаюцца засьцерагчы слухачоў ад трыбуна перабудовы? Меркаваньне колішняга генэральнага прадусара менскага «Альфа Радыё» Сяргея Кузіна, якога ў 2003 годзе фактычна прымусілі пакінуць пасаду і які з посьпехам займаецца шоў-бізнэсам ды любімай радыйнай справай у Кіеве:

Сяргей Кузін
«Дык а што тут зьдзіўляцца? Магу толькі сказаць, што інакш і быць ня можа. Я ж памятаю тых гамадрылаў, якія засталіся на „Альфа Радыё“, гэтых каралёў гомельскіх бэнзазаправак, якіх панавыбіралі з падачы Міністэрства інфармацыі. Цудаў не бывае. Калі ў нейкім годзе (ужо ня памятаю, ад’ехаў ці яшчэ не) прызначылі тэлебачаньнем кіраваць чувака, які займаўся шклаватай у Полацку, дык пра што гаварыць? І ён пасьля гэтага топ-мэдыя-мэнэджэр?

Такія ж прыкладна арлы кіруюць „Альфа Радыё“. Ня ведаю, хто там працуе на старажылах, на „Радыё Бі-Эй“, на „Юністары“, але ўсё паходзіць ад абыякавага стаўленьня да жыцьця, так, па-мойму? Вось уся гэтая супольнасьць адпаведна сябе і паводзіць. Усім сапраўды напляваць. Альбо так яны баяцца, альбо так іх запужалі. Ня хочацца пра калегаў гаварыць і думаць дрэнна, аднак, шчыра кажучы, удаецца пра іх думаць — ніяк».

Тэксты Цоевых песень абнавілі ў памяці тыя, каму пры канцы 1980-х было па 15–20 гадоў, а цяпер каля 40. На выходныя пад Менскам адбыўся маштабны турыстычны зьлёт, удзельнікі якога не хавалі свайго стаўленьня да палітычных падзеяў у краіне. Але падобна, што цяпер самае бясьпечнае месца для аплядысмэнтаў і песьняў Цоя застаецца толькі адно — у лесе.

"Перемен" на турзьлёце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:32 0:00


Падчас традыцыйных акцый маўклівай салідарнасьці кіроўцы аўтамабіляў вітаюць удзельнікаў мірных пратэстаў ня толькі гукавымі сыгналамі, але — праз адкрытыя вокны машынаў — гэтак жа, як чвэрць стагодзьдзя таму, надзённымі песьнямі Віктара Цоя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG