Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: "Вельмі прыхільна стаўлюся да вакцынацыі"


У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя беларускага прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнта мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з адпаведнымі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, як гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця, ці маюць яны нейкія мэдычныя праблемы, якія б крокі яны зрабілі, каб палепшыць здароўе нацыі.

Алесь Міхалевіч: узрост 35 гадоў, рост 192 см, вага ў межах 100 кг, ціск даўно не вымяраў.

Цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі прыпадае на пэрыяд уздыму вострых вірусна-рэсьпіраторных інфэкцыяў і грыпу. Як лічаць эпідэміёлягі, у такі час палітыкі штодня маюць сотні небясьпечных фізычных кантактаў, пачынаючы з поціскаў рукі.

Адрозна ад большасьці іншых супернікаў Алеся Міхалевіча па прэзыдэнцкай гонцы, якія не давяраюць сучасным вакцынам супраць грыпу, наш сёньняшні суразмоўца прызнаўся, што прыхільна ставіцца да прышчэпак.

Міхалевіч: "Вельмі станоўча. Лічу вельмі пазытыўным той факт, што людзі робяць прышчэпкі".

"Свабода": "Дарэчы, на гэты момант прышчэпкі ў краіне зрабілі каля 1,2 мільёна беларусаў… Што, акрамя вакцынацыі, дапамагае вам трымаць форму падчас выбарчай кампаніі і наколькі гэта ўвогуле цяжкая нагрузка — выбары?"

Міхалевіч: "Фізычна — не цяжкая. Цяжкая маральна. Звычайна я займаюся ў трэнажэрнай залі.
Здароўе — гэта прыватная тэма.
Стараюся хадзіць два разы на тыдзень, аднак цяпер атрымліваецца два разы на месяц. Часам гуляю ў нейкія спартовыя гульні. Баскетбол, напрыклад. Таксама люблю настольны тэніс. Аднак я не такі чалавек, які робіць гэта спэцыяльна для здароўя".

"Свабода": "На ваш погляд, кіраўнік дзяржавы павінен быць узорам для грамадзянаў у такім пытаньні, як заняткі спортам?"

Міхалевіч: "Для мяне ўзор — той кіраўнік, які зрабіў шмат для сваёй краіны, а ня той чалавек, які дэманструе, што вядзе выключна здаровы лад жыцьця. Мой узор сярод дзяржаўных кіраўнікоў — колішні канцлер ФРГ Гельмут Коль. Ён шмат еў і піў, меў праблемы з залішняй вагой. Аднак колькі зрабіў для сваёй дзяржавы!"

"Свабода": "Дарэчы, Гельмут Коль — адзін зь нямногіх нямецкіх лідэраў, які не рэагаваў на публікацыі ў СМІ адносна нейкіх ягоных мэдычных праблемаў, у тым ліку апэрацыяў па ліпасакцыі.
Выбарчая кампанія цяжкая маральна, а не фізычна.
Што да астатніх канцлераў ці іншых высокіх нямецкіх палітыкаў, то яны старанна прыхоўваюць падрабязнасьці ўласных хвароб. У той жа час у Францыі і ЗША здароўе палітыкаў лічыцца абсалютна адкрытай тэмай. Вы за тое, каб у Беларусі ў гэтым сэнсе было б больш як у ЗША і Францыі — або як у Нямеччыне пасьля Коля?"

Міхалевіч: "Я думаю, што гэтая тэма — частка прыватнага жыцьця. І палітык сам павінен вырашаць, ці хоча ён распавядаць пра свае мэдычныя праблемы. Ясна, што калі ён лічыць неабходным пра гэта казаць, то ён мае на гэта права. А так — гэта глыбока прыватная інфармацыя".

"Свабода": "Ці можна гэта разумець так: асабіста вы не хацелі б, каб мэдыі паведамлялі пра ваш фізычны стан?"

Міхалевіч: "У выпадку са мной асабіста няма чаго паведамляць. Я чалавек здаровы. Безь нейкіх сур'ёзных праблемаў. Ціск — ня ведаю, даўно не вымяраў. Але ён абсалютна нармальны. Мой рост 192 см, вага ў межах 100 кг. Пры маім росьце гэта нармальныя суадносіны. Напэўна, ёсьць пару лішніх кг, аднак гэта, я лічу, ня тое, з чым трэба змагацца.

Але ж, паўтаруся, кожны чалавек мае права на прыватнасьць інфармацыі. Інфармацыя пра здароўе — гэта прыватная інфармацыя.
Мой узор — колішні канцлер Коль, які шмат еў і піў, меў праблемы з залішняй вагой.
Ня думаю, што хворы палітык пойдзе балятавацца ў прэзыдэнты, асабліва калі ён глыбока хворы. Калі ж разважаць на тэму псыхічнага здароўя, то трэба памятаць, што псыхічная хвароба не дыягнастуецца. Ёсьць шмат такіх памежных сытуацый, калі можна паставіць дыягназ псыхічнай хваробы або крайняй мяжы нормы".

"Свабода": "Аднак памежныя сытуацыі ў псыхічным здароўі часам таксама называюць псыхапатычным станам. У палітыкаў, паводле адмыслоўцаў, мае месца сындром гіпэртрафаванага самалюбства, а гэта ўжо пэўны сыгнал для лекараў і грамадзтва. Бо такі палітык няздольны рэагаваць на аб’ектыўную крытыку, нясхільны раіцца зь іншымі і такім чынам прыняць найлепшае для дзяржавы рашэньне. Сьцьвярджаецца, што гэта небясьпечна і што трэба ўважліва ставіцца ў гэтай сувязі ды тых, каго мы выбіраем. Ваша думка?"

Міхалевіч: "Лічу, што людзі павінны самі разьбірацца, ці мае палітык такі сындром гіпэртрафаванага самалюбства".

"Свабода": "Калі б вы сталі прэзыдэнтам, то на што б зьвярнулі найпершую ўвагу ў такой галіне, як ахова здароўя беларускага грамадзтва?"

Міхалевіч: "Што да сыстэмы аховы здароўя, то трэба рабіць так, каб быў маніторынг здароўя людзей, задоўга да таго, як яны захварэюць,
Маніторынг здароўя людзей трэба рабіць задоўга да таго, як яны захварэюць.
Бо калі людзі захварэлі, то лекаваць у нас іх бывае запозна. Самае галоўнае, каб праблемы выкрываліся на раньніх стадыях. Асабліва гэта тычыцца тых, хто пацярпеў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Гэтых людзей трэба маніторыць у першую чаргу. Гэта яшчэ ня позна рабіць. Што да фізычнай культуры і спорту, то лічу, што гэтым павінны займацца адмыслоўцы. А дзяржава павінна аказваць падтрымку самым розным відам спорту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG