Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы з Паўднёвай Афрыкі распрацавалі гель ад СНІДу


На калёнах будынка аўстрыйскага парлямэнту ў Вене гэтымі днямі можна ўбачыць вялікі чырвоны бант — сымбаль барацьбы са СНІДам. На XVIII міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах гэтага захворваньня, якая адкрылася ў панядзелак у аўстрыйскай сталіцы, сёньня прадстаўленыя вынікі трохгадовай працы Цэнтру праграмы дасьледаваньня СНІДу ў Паўднёвай Афрыцы (Caprisa).

Паўднёваафрыканскія навукоўцы распрацавалі мікрабіцыдны вагінальны гель, які зьніжае рызыку заражэньня жанчыны ад ВІЧ-інфікаванага партнэра. У экспэрымэнтах узялі ўдзел каля 900 жыхарак Квазулу-Натал — правінцыі ПАР, дзе найбольш распаўсюджана гэтая хвароба. Жанчыны павінны былі выкарыстоўваць гель з высокім утрыманьнем спэцыяльнага прэпарату ад СНІДу — тэнафавіру — адзін раз за 12 гадзін да полавага акту і яшчэ адзін раз праз 12 гадзін пасьля яго.
Толькі ў Паўднёвай Афрыцы выкарыстаньне новага гелю дазволіць уратаваць 1,3 мільёна чалавек ад заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй і 826 000 — ад сьмерці.


Паводле арганізатараў дасьледаваньняў, якія спасылаюцца на параўнальныя дадзеныя біяпсіі тканак пацыентак, новы гель паказаў сябе нашмат больш эфэктыўным за таблеткі з тым жа тэнафавірам. Навукоўцы кажуць, што ён зьніжае рызыку заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй на 50%.

Як сьведчыць паўднёваафрыканскі навуковец доктар Абдул Карым, які кіраваў дасьледаваньнямі, "нават 50-адсоткавая эфэктыўнасьць — ужо посьпех". Паводле разьлікаў доктара Карыма, калі гель будзе ліцэнзаваны ў ПАР, гэта дазволіць штогод уратаваць 1,3 мільёна чалавек ад заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй і 826 000 — ад сьмерці.

Падрабязная справаздача пра вынікі экспэрымэнту зьмешчаная ў часопісе "Science" за 19 ліпеня. Калі вынікі дасьледаваньняў пацьвердзяцца ў доўгатэрміновых тэстах, то вагінальны гель стане сапраўдным паратункам для тых жанчын, чые партнэры адмаўляюцца выкарыстоўваць прэзэрватывы.

Выступаючы на венскай канфэрэнцыі, выканаўчы дырэктар агенцтва ААН па барацьбе са СНІДам (UNAIDS) Мішэль Сідыбэ (Michel Sidibé) заявіў, што 20 гадоў барацьбы са СНІДам не прайшлі марна:

"Мы далі жанчынам надзею, яны ўпершыню змогуць самастойна займацца прафіляктыкай СНІДу і зусім не павінны пытацца дазволу на гэта ў сваіх партнэраў-мужчын".

Мяркуецца, што кошт мэдыкамэнту будзе цалкам даступны для жыхарак афрыканскіх ды іншых бедных краін. Буйная каліфарнійская біяфармацэўтычная кампанія "Gilead Sciences", якая выпусьціла для дасьледаваньняў экспэрымэнтальную партыю новага гелю і прадае іншыя прэпараты з тэнафавірам, адмовілася ад усіх прэтэнзіяў на працэнты ад продажу гелю ў гэтых рэгіёнах.

Выпрабаваньне мікрабіцыднага сродку каштавала 18 мільёнаў даляраў. Большую частку фінансаваньня забясьпечвала UNAIDS.

Экспэрты UNAIDS адзначаюць высокі прагрэс Паўднёвай Афрыкі, дзе 5,7 мільёнаў чалавек маюць ВІЧ, у барацьбе са СНІДам. Сярод краін, дзе хвароба адступае, акрамя ПАР, называюцца Батсвана, Кенія, Намібія, Зымбабвэ. (Хоць на афрыканскім кантынэнце ў цэлым сытуацыя з хваробай па-ранейшаму застаецца крытычнай. Тут пражываюць дзьве траціны хворых на СНІД.) Тым часам, як вынікае з дакладу UNAIDS, вялікую небясьпеку ў сувязі з распаўсюдам ВІЧ/СНІД сёньня выклікаюць краіны Ўсходняй Эўропы — такія, як Расея, Украіна, Беларусь, Грузія ды іншыя.

Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, каля 67% з амаль 11 тысяч ВІЧ-інфікаваных беларусаў — гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў.

Усяго ў сьвеце, паводле дадзеных ААН, на СНІД хварэюць 33 мільёны чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG