Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтызм


У мэдычных колах аўтызм называюць адным з самых таямнічых захворваньняў ХХІ стагодзьдзя. Людзі, якія хварэюць на яго, з раньняга дзяцінства бываюць схільныя да самаізаляцыі і самаагрэсіі, яны рэдка ўсьміхаюцца, маюць павышаную адчувальнасьць да болю, ім надзвычай цяжка будаваць дачыненьні з навакольным сьветам. Даказана, што прычыны аўтызму зьвязаныя з генэтычнымі мутацыямі. Аднак генэтычныя прычыны ўзьнікненьня аўтызму, яго ўзьдзеяньне на мозг дагэтуль застаюцца нявысьветленымі.

Штогод вядучыя навукоўцы сьвету ў галіне нэўралёгіі абвяшчаюць пра разгадку геному хваробы. Аднак неўзабаве на падставе вынікаў шырэйшых дасьледаваньняў гэтыя адкрыцьці абвяргаюцца. Толькі ў ЗША сымптомы расстройстваў аўтычнага спэктру назіраюцца ў кожнага сотага. У Беларусі такія падлікі не вядуцца.

…Разам са сваёй маці прыгожы шасьцігадовы мянчук Слава ідзе па вуліцы. Раптам хлопчык пачынае рабіць рукамі ўсялякія навязьлівыя рухі. Мінакі зьвяртаюць на гэта ўвагу, шмат хто сьмяецца.

Мама Славы кажа: яна да апошняга спадзявалася, што яе закрыты для кантактаў зь іншымі, у тым ліку і з бацькамі, сын неяк перарасьце гэтыя праблемы, стане такім самым, як і ўсе. Вельмі цяжка было прызвычаіцца да таго, што дзіця амаль не ўжывае слова "мама". Нават найменшы крок да збліжэньня з гэтым маленькім чалавекам, які не ўспрымае блізкіх блізкімі і ніяк не рэагуе на вонкавыя падзеі, патрабуе вялікіх сілаў, кажа жанчына. Яна адкрыла для сябе і тое, што Слава — далёка не адзіны: на менскіх вуліцах яна бачыць і іншых дзяцей з падобнымі сымптомамі.

"Я назіраю за імі. Мне ўвесь час хочацца падысьці да іхніх бацькоў і пагутарыць зь імі пра нашыя агульныя праблемы, аднак, на жаль, у нашым грамадзтве гэта не прынята. Магчыма, з-за таго, што ў нас любое адхіленьне ад нормы, любая інваліднасьць лічыцца чымсьці ганебным", — кажа маці Славы.

Нядаўна жанчына даведалася з інтэрнэту, дзе знаходзіць розныя карысныя парады, пра знакаміты дасьледчы інстытут аўтызму ў Паўночнай Караліне ў ЗША. Там для дзяцей робяць спэцыяльныя майкі — футболкі. Сьпераду — эмблема інстытуту, а ззаду тэкст: "Чаму я не такі, як усе? Усе людзі розныя. Джон тоўсты, Піт тонкі, а Майкл — аўтыст. Прымайце іх такімі, якія яны ёсьць".

для дзяцей робяць спэцыяльныя майкі — футболкі. Сьпераду — эмблема інстытуту, а ззаду тэкст: "Чаму я не такі, як усе? Усе людзі розныя. Джон тоўсты, Піт тонкі, а Майкл — аўтыст. Прымайце іх такімі, якія яны ёсьць"
"Дыягназ "аўтызм" дзеці бяруць з сабой і ў далейшае дарослае жыцьцё", кажа вядучы псыхіятар Венскага ўнівэрсытэту прафэсар Гаральд Aбшаўэр. Ён ініцыятар сеткі адмысловых школ для дзяцей-аўтыстаў. Такія школы ўжо засьведчылі сваю пасьпяховасьць. "Людзі з падобнымі праблемамі бываюць вельмі творчымі, асабліва ў мастацтве ці матэматыцы. У дарослым узросьце аўтысты пры адпаведным падыходзе з боку грамадзтва і дзяржавы могуць пасьпяхова інтэгравацца ў соцыюм", лічыць аўстрыйскі спэцыяліст.

Што да краін СНД, дык тут прынята лічыць, што "аўтызм" — гэта дзіцячая хвароба. Паводле дзіцячага нэўроляга з Чыкага Ганны Пятровай, якая ў 1990-я гады эмігравала зь Беларусі ў ЗША, дарослая псыхіятрыя ў постсавецкай мэдыцыне разглядае аўтызм у лепшым выпадку як сымптом нейкага іншага захворваньня, напрыклад шызафрэніі.

Сама Пятрова клясыфікуе аўтызм як нэўралягічнае захворваньне, свайго роду адказ галаўнога мозгу на вонкавыя раздражняльнікі, якіх у сучасным сьвеце значна паболела. Нэгатыўнай статыстыкі дадае і тое, што ў сучасных бацькоў сёньня нашмат меней часу, каб займацца сваімі малымі. Дзеці надзвычай рана пераключаюцца на тэлевізары, кампутары. Усё гэта ўплывае на мозг, на розныя асаблівасьці, якія раней не праяўляліся.

дарослая псыхіятрыя ў постсавецкай мэдыцыне разглядае аўтызм у лепшым выпадку як сымптом нейкага іншага захворваньня, напрыклад шызафрэніі
Паводле амэрыканскай лекаркі, пра прычыны аўтызму і спосабы яго лекаваньня ня першы год спрачаюцца мэдычныя сьвяцілы зь вядучых клінік ЗША і сьвету. Кожная новая гіпотэза дадае чарговых надзеяў бацькам і лекарам-практыкам. Апошняя зь іх: правакатарам хваробы, яе стымулятарам, як і ў выпадках зь некаторымі іншымі нэўралягічнымі захворваньнямі, можа стаць алергічная рэакцыя арганізму на некаторыя біялягічныя рэчывы. Напрыклад, на клейкавіну і казэін, якія ўтрымліваюцца ў пшаніцы і малочных прадуктах. Гіпотэзу пачала вывучаць група дасьледчыкаў з Рочэстарскага ўнівэрсытэту паблізу Нью-Ёрку на чале з прафэсарам С'юзэн Хайман. Заява, апублікаваная 19 траўня, прынесла чарговае расчараваньне бацькам аўтыстаў усяго сьвету. Дасьледаваньне было невялікім, працягвалася 18 тыдняў і ахапіла 14 дзяцей ва ўзросьце ад 2,5 да 5,5 гадоў. Дасьледчыкі ня ўбачылі ў паводзінах дзяцей аніякіх нэгатыўных зьменаў, зьвязаных з клейкавінай і казэінам.

Нягледзячы на гэтыя вынікі, некаторыя лекары і бацькі настойваюць на тым, што самі заўважылі станоўчую дынаміку ў паводзінах дзіцяці пасьля таго, як гэтыя рэчывы былі выключаныя з рацыёну. У сваю чаргу, прафэсар Хайман лічыць, што гэтая дынаміка ідзе ад тэрапіі паводзінаў, а не ад дыеты.

Тым ня менш Хайман кажа, што праведзеныя дасьледаваньні — усяго толькі пачатак вывучэньня фактараў, якія ўплываюць на дзіцячыя паводзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG