Амэрыканская акадэмія пэдыятрыі і шмат якія іншыя ўстановы, зацікаўленыя лёсам дзіцяці на гэтым сьвеце, выступаюць супраць шлёпаньня дзяцей (ня кажучы пра лупцоўку) як выхаваўчага мэтаду. Замест гэтага яны рэкамэндуюць бацькам размаўляць зь дзецьмі пра дрэнныя паводзіны, кіруючы дзіцячыя думкі на наступствы такіх паводзін.
Гэты гуманны падыход да неслухмяных дзяцей нядаўна атрымаў саліднае навуковае падмацаваньне ад амэрыканскіх дасьледнікаў з Тулэйнскага ўнівэрсытэту ў Новым Арлеане, якія дасьледавалі амаль дзьве з паловай тысячы малых. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што імавернасьць агрэсіўных паводзін дзяцей ва ўзросьце 5 гадоў значна большая сярод тых, каго бацькі даволі часта пляскалі па азадку ў веку 3 гадоў.
Каб атрымаць гэты, як ні глядзець, суцяшальны навуковы вынік для ўсяго будучага чалавецтва, дасьледнікі бралі пад увагу і іншыя фактары сямейнага жыцьця, якія маглі ўплываць на большую агрэсіўнасьць малых дзяцей, такія як: занядбаньне мацярынскіх абавязкаў, гвалт і агрэсія ў адносінах паміж бацькамі, схільнасьць маці да дэпрэсіі, схільнасьць маці да ўжываньня алькаголю і наркотыкаў.
Навукоўцы вызначылі, што імавернасьць агрэсіі дзіцяці ва ўзросьце 5 гадоў, якое раней бацькі білі больш чым два разы на месяц, узрастае на 50 адсоткаў у параўнаньні з дзіцём, якога ня білі.
Інакш кажучы: ня біце дзіцяці, калі ня хочаце, каб яно занатурылася.