Усе дзеці любяць салодкае. Але тыя зь іх, хто злоўжывае цукеркамі, у будучым могуць сутыкнуцца з дэпрэсіяй альбо мець праблемы з алькаголем. Да такіх высноваў прыйшлі амэрыканскія дасьледчыкі, аб парцы якіх распавядае сайт BBC.
Смак салодкага падабаецца ўсім дзецям, звычайна ён выклікае ў іх добрае самапачуваньне. Прычым цікавасьць да салодкага ўзрастае ў моманты хуткага росту дзіцяці.
Аднак некаторыя групы дзяцей маюць адмысловую залежнасьць ад салодкага з-за сваіх біялягічных асаблівасьцяў. Навукоўцы высьветлілі, што алькаголь і салодкае робяць аналягічнае ўзьдзеяньне на мозг.
У часе нядаўніх дасьледаваньняў у ЗША было апытана 300 дзяцей узростам ад 5 да 12 гадоў, у паловы зь якіх хтосьці з бацькоў меў залежнасьць ад алькаголю. Іх папрасілі пакаштаваць пяць гатункаў напояў з рознай канцэнтрацыяй цукру. Дзяцей папрасілі адказаць, які зь іх лепшы, а таксама задалі пытаньні, каб высьветліць магчымасьць у іх дэпрэсіяў у будучыні.
Чвэрць дзяцей мела сымптомы, якія, на думку дасьледчыкаў, сьведчаць аб патэнцыйнай дэпрэсіі.
Самы салодкі напой спадабаўся 37 дзецям, абодва бацькі якіх мелі алькагольную залежнасьць і праявы дэпрэсіі. Гэтым дзецям спадабаўся напой у два разы больш салодкі, чым кола, які фактычна ўтрымліваў 14 лыжачак цукру на кубак вады.
Тады дасьледчыкі вырашылі праверыць, ці паўплывала розьніца смакавых успрыманьняў дзяцей на іх рэакцыю на боль ці дыскамфорт – папярэднія дасьледаваньні паказвалі, што цукеркі могуць дзейнічаць гэтак жа, як анальгетыкі.
У выніку навукоўцы высьветлілі, што дзеці, якія не выяўляюць сымптомаў патэнцыйнай дэпрэсіі, могуць трымаць свае рукі ў халоднай вадзе даўжэй, калі ім даць салодкае. Аднак дадатковы цукар ня змог паўплываць на падвышэньне дзіцячага парогу болю.
Прафэсар Кардыфскага ўнівэрсітэту Тым Джэкаб, экспэрт у галіне паху і смаку, лічыць вынікі гэтых дасьледаваньняў цікавымі, але мяркуе, што зь іх рана рабіць нейкія заключэньні ці абагульненьні. На ягоную думку, атрыманыя вынікі могуць датычыць хіміі мозгу, а могуць быць патлумачаныя паводзінамі і выхаваньнем. Розьніца ў смакавых успрыманьнях таксама можа залежыць ад узроўню бацькоўскага кантролю за спажываньнем дзецьмі салодкага.