Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 пунктаў – як не захварэць на рак


Знаны амэрыканскі мэдык і аўтар кнігі “Антырак: новы стыль жыцьця” Дэйвід Сэрван Шрайбэр падсумоўвае ў 12-ці правілах зьмены ў харчаваньні, якія дазваляюць пазьбегчы раку ці хаця б запаволіць яго разьвіцьцё.


1. Галоўная страва павінна на 80% складацца з гародніны і толькі на 20% з жывёльных пратэінаў – так, як гэта было ў старадаўні час. Выкарыстоўвайце мяса як дадатак для смаку, а не як цьвік абеднай праграмы.

2. Выкарыстоўвайце разнастайныя камбінацыі гародніны. Вельмі эфэктыўная супраць раку капуста брокалі. Яшчэ лепей яна ўзьдзейнічае ў камбінацыі з таматным соўсам, цыбуляй ці часныком. Наагул, нядрэнная ідэя – уключаць часнык ці цыбулю ў рэцэпт кожнай гатаванай вамі стравы.

3. Па магчымасьці купляйце арганічныя прадукты.

4. Ужывайце спэцыі! Міжземнаморскія травы кшталту чабору, базыліку, размарыну ды маярану дапамагаюць запаволіць рост ракавых клетак.

5. Пазьбягайце бульбы! Традыцыйны і ўлюбёны кампанэнт беларускага стала, на жаль, істотна падымае ўзровень цукру ў крыві. Гэта можа прыводзіць да запаленчых працэсаў і росту ракавых клетак. Бульба таксама больш за астатнія расьліны засвойвае выкарыстаныя пры яе вырошчваньні пэстыцыды. На Захадзе фэрмэры, якія вырошчваюць бульбу, нярэдка купляюць яе для ўласнага стала ў іншых месцах.

6. Рыба! Уключайце яе ў свой рацыён двойчы-тройчы на тыдзень. Улічэце, што сардыны, макрэль ды анчоўсы зазвычай маюць у сабе меней ртуці, чым буйнейшыя рыбіны накшталт тунца.

7. Зь яйкамі таксама ня ўсё проста. Па магчымасьці выбірайце ўпакоўкі, на якіх адзначаны павышаны ўзровень утрыманьня ў яйках поліненасычаных кісьлін амэга-3. Гэтае рэчыва спрыяе росту клетак. А вось тыя ж кісьліны са знакам амэга-6, якіх безьліч у кукурузе (асноўным курыным корме), наадварот, спрыяюць запаленчым працэсам.

8. На шкодныя кісьліны амэга-6 багатыя таксама сланечнікавы ды соевы алеі. Рэкамэндацыя доктара Сэрвана Шрайбэра – толькі аліўкавы алей! На крайні выпадак – рапсавы.

9. Спажывайце цэлазерневыя прадукты, пазьбягаючы дробназьмеленай мукі.

10. Па магчымасьці абмяжуйце салодкае садавіной. Калі ўжо бяз слодычаў ніяк – найменей шкоды ад горкага шакаляду.

11. Зялёная гарбата значна карысьнейшая за чорную, ня кажучы ўжо пра каву.

12. Рабеце выключэньні! Галоўнае – сыстэма. Рэдкія “шкодныя задавальненьні” вялікай бяды не наробяць, затое пазбавяць вас стрэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG