Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьбіраецца ў Вільню


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Пра гэта са спасылкай на крыніцы тэлеканалу Lietuvos rytas перадаюць літоўскія СМІ.

Напярэдадні на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас ня выключыў, што Лукашэнка мае прыбыць у Вільню 16 верасьня і што сярод заплянаваных пунктаў праграмы візыту, якія ўзгадняюцца праз дыпляматычныя каналы, - удзел беларускага кіраўніка ў літоўска-беларускім эканамічным форуме, а таксама сустрэча Лукашэнкі зь ягонай літоўскай калегай Даляй Грыбаўскайце.

Сама прэзыдэнт Літвы на мінулым тыдні пацьвердзіла сваю гатоўнасьць сустрэцца зь беларускім кіраўніком: “Калі прэзыдэнт Беларусі прыбудзе ў Вільню для ўдзелу ў працы эканамічнага форуму і выкажа жаданьне сустрэцца са мной, то чаму б не”, - заявіла Грыбаўскайце.

Паводле літоўскіх выданьняў, апошнім часам беларускія ўлады, якія рэзка крытыкуюцца міжнароднай супольнасьцю за недэмакратычнае кіраваньне і абмежаваньне правоў чалавека, інтэнсіўна спрабуюць палепшыць свае стасункі з Захадам.

Сёлета ў красавіку Лукашэнка ажыцьцявіў свой першы афіцыйны за апошнія дзесяць гадоў візыт у ЭЗ. Ён сустрэўся з папам рымскім Бэнэдыктам XVI і прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. Сёлета ж Беларусь далучылася да праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства”.

Як заявіў міністар Ушацкас, прэзыдэнта Беларусі абіраюць грамадзяне гэтай краіны, а таму Літва пакідае за імі права ацэньваць, якому прэзыдэнту і якому ладу жыцьця яны аддаюць перавагу. Сам Ушацкас ужо 15 гадоў кантактуе зь беларускай апазыцыяй і, паводле ягоных слоў, будзе працягваць гэтыя кантакты.
будзем падтрымліваць тых людзей, якія хочуць жыць, як мы ...

“Мы будзем падтрымліваць тых людзей, якія хочуць жыць, як мы. Зь іншага боку, мы будзем весьці дыялёг і павінны гэта рабіць з тымі, хто знаходзіцца ва ўладзе”. Міністар ня стаў камэнтаваць пытаньне адносна датычнасьці Лукашэнкі “да справы зьніклых”, бо ён “ані судзьдзя, ані пракурор”.

Кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства выказаў спадзяваньне, што візыт беларускага кіраўніка ў Вільню дазволіць падпісаць “ня толькі дамовы аб спрошчаным візавым рэжыме ў памежнай зоне”:

“Мы спадзяемся, што дамовімся разам з Польшчай пра агульны пункт мяжы, які яшчэ дакладна не зацьверджаны трыма краінамі. Самае важнае, на што мы спадзяемся, - гэта новая старонка і новыя магчымасьці, якія адкрыюцца перад літоўскімі прадпрымальнікамі, Клайпэдзкім портам у часе эканамічнага крызісу”, - падкрэсьліў Ушацкас. Ён дадаў, што Літва хоча, “каб у Беларусі былі бясьпечныя, стабільныя і надзейныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу” і “каб грамадзянам Беларусі далі магчымасьць прыяжджаць у Друскінінкай, Вільню ці Палангу і траціць тут свае грошы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG